Top.Mail.Ru
253

Аматары пераліваць з пустога ў парожняе гэтым разам узяліся таўчы ў ступе не ваду, а бензін

Каля тыдня таму ў TіkTok прыкметна актывізавалася абмеркаванне тэмы магчымага знікнення з беларускіх аўтазаправак бензіну АІ-92. Дастаткова ўвесці ў пошуку сацсеткі «92-гі бензін», як алгарытм тут жа прапануе працяг: «прападзе», «прыбяруць», «няма»...


Аўтары «гарачых» ролікаў упэўнена і катэгарычна спасылаюцца на нейкія заявы «кіраўніцтва айчыннай энергетычнай кампаніі», назву якой не ўсе змогуць нават напісаць без памылак. «Вангуюць» і прадракаюць ліквідацыю гэтай маркі бензіну канкрэтна ў 2028-м. Некаторыя «добразычліўцы» палохаюць суайчыннікаў тым, што цяпер мотаблокі, бензапілы і косы давядзецца запраўляць 95-м...

Ці існуе на самой справе такая праблема? Падчас правядзення адзінага дня інфармавання, які асвятляла і карэспандэнт «Звязды», кампетэнтны адказ на гэта «актанавае» пытанне даў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім» Ілья ІКАН.

Па яго словах, у апошнія гады сапраўды фіксуецца зніжэнне попыту на бензін АІ-92. Гэта звязана ў цэлым з абнаўленнем аўтапарка беларусаў (як фізічных, так і юрыдычных асоб). Пры гэтым у краіне расце доля аўтамабіляў з больш сучаснымі, высокафарсіраванымі і турбаванымі рухавікамі, разлічанымі на выкарыстанне паліва з больш высокім актанавым лікам. Напрыклад, у Мінску і Мінскай вобласці доля бензіну АІ-95 у агульным аб’ёме спажывання дасягае 70–80 %. Аналагічная тэндэнцыя назіраецца ўжо і ў рэгіёнах. Структура вытворчасці і паставак паліва фарміруецца з улікам рэальнага попыту спажыўцоў, падкрэсліў старшыня канцэрна:

— Нам важна меркаванне кліента, яго патрэбы. Безумоўна, бензін АІ-92 мы пакідаем у пуле прадуктаў і будзем вельмі ўважліва сачыць за патрэбай у ім. Аднак парк аўтамабіляў у краіне дастаткова вялікі, таму мы будзем усе гэтыя моманты рэгуляваць і рэагаваць вельмі чула — праз апытанні, вывучэнне грамадскага меркавання, з улікам статыстыкі.


Важна арыентавацца і на вытворчасць айчынных НПЗ, адзначыў Ілья Ікан:

— У краіне рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты, дзякуючы якім у перспектыве спажыўцы будуць забяспечаны высокаактанавымі АІ-95, АІ-98 і АІ-100. 


І мы ўжо цяпер гатовы да таго, што структура спажывання мяняецца.

Кіраўнік канцэрна нагадаў, што рынак паліва ўжо не раз праходзіў этапы паступовага абнаўлення асартыменту бензіну.

— Старэйшае пакаленне павінна памятаць, што некалі быў і 76-ты, і 80-ты бензін. Сёння іх няма, і мы спакойна гэта прайшлі. Таму ў нас ёсць вопыт плаўнага пераходу, і мы з прапрацоўкай усіх магчымых наступстваў падыдзем да яго. Але ў гэтай пяцігодцы, да 2030 года адназначна, АІ-92 будзе на запраўках, — запэўніў Ілья Ікан.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю