Top.Mail.Ru

Амерыканец паглядзеў у кіно 1207 фільмаў за год і ўстанавіў сусветны рэкорд

60-гадовы амерыканец Гленвуд Хоскін-малодшы ўстанавіў сусветны рэкорд па колькасці фільмаў, прагледжаных у кінатэатры за адзін год. З красавіка 2024-га па красавік 2025-га ён наведаў 1207 сеансаў, паведамляецца на сайце Кнігі рэкордаў Гінеса.


Хоскін хадзіў у кінатэатр сеткі Regal у Ёрк-Хейвене, штат Пэнсільванія, у сярэднім па 3,3 раза на дзень. Ён загадзя вывучаў расклад сеансаў і складаў план, каб паглядзець як мага больш фільмаў з самай раніцы да паўночы.

Папярэдні рэкорд належаў амерыканцу Закарыі Суоўпу, які паглядзеў 777 фільмаў за год. Хоскін разлічваў перасягнуць яго дасягненне да надыходу зімы, паколькі не любіць вадзіць машыну ў халодную пару года. Аднак зіма ў Пенсільваніі аказалася мяккай, і мужчына змог прадоўжыць наведваць кінатэатр.

Больш за ўсё былому падатковаму інспектару спадабаліся мультфільмы і камедыі. Сярод карцін, якія асабліва запомніліся, ён вылучыў «Дзікага робата» і «Дэдпула і Расамаху». Па словах рэкардсмена, за год яму не трапілася ніводнага фільма, які б зусім не спадабаўся.

На білеты Хоскін траціў каля 28 долараў за месяц. Ён карыстаўся абанементам Regal Unlimited, які дазваляе наведваць неабмежаваную колькасць сеансаў. Каб зэканоміць на ежы, мужчына гатаваў дома і перакусваў паміж праглядамі. У перапынках ён таксама гуляў вакол кінатэатра і ўнутры будынка.

За год Хоскін пасябраваў з супрацоўнікамі кінатэатра. Яны дапамагалі яму выбіраць самыя кароткія фільмы, каб ён мог паспець на большую колькасць сеансаў.

«Мне сапраўды падабалася праводзіць час па-за домам. Акрамя таго, я заўсёды люблю кідаць сабе выклік і дамагацца пастаўленых мэт», — расказаў рэкардсмен.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю