Top.Mail.Ru

«Амністыя» для не занятых пабудовамі ўчасткаў, адмена аўкцыёнаў для асобных катэгорый. Чаго яшчэ чакаюць ад змянення заканадаўства на месцах

У законах аб зямлі — ісці «ад зямлі»

Кожны выпадак легалізацыі мае індывідуальны характар

Старшыня Улукаўскага сельвыканкама Гомельскага раёна Жанна Бізня заўважае:

«Прапанаваныя навацыі ў рэгуляванні зямельных адносін, безумоўна, яшчэ будуць апрабоўвацца на практыцы. Як паказаў досвед работы пасля ўступлення ў сілу новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, асобныя змяненні да гэтага часу патрабуюць удакладнення, а па некаторых кірунках яшчэ выпрацоўваюцца пэўныя алгарытмы. На прыкладзе нашага сельсавета магу адзначыць, што жыхары актыўна скарысталіся магчымасцямі новай рэдакцыі Кодэкса. За апошнія тры гады на нашай тэрыторыі каля паўсотні зямельных участкаў уключаны ў пералік свабодных як дадатковыя. Грамадзяне падаюць заявы на іх прадастаўленне. Актуальнымі застаюцца пытанні легалізацыі самавольна занятых участкаў і, як след, узведзеных на іх капітальных будынкаў або іх частак. Усяго паступіла больш за 60 заяў на легалізацыю зямельных участкаў.

На практыцы мы сутыкнуліся і з тым, што, паводле абноўленага заканадаўства, легалізацыі падлягае толькі зямельны ўчастак з капітальнай пабудовай або яе часткай. У сельскай мясцовасці вельмі распаўсюджаны выпадкі, калі за тыльным бокам дома выкарыстоўваецца зямля пад агарод, але без афармлення праў. Фактычна такая тэрыторыя выкарыстоўваецца самавольна. Сёння людзі звяртаюцца з пытаннямі аб яе легалізацыі. Тлумачым, што ў дзеючых умовах гэта немагчыма, паколькі на агародных участках адсутнічаюць і не могуць размяшчацца капітальныя пабудовы. Разам з тым законапраект прадугледжвае магчымасць легалізацыі такіх участкаў па факце карыстання, пры ўмове што выкарыстанне пацверджана да 1 верасня 2022 года.

З практыкі зваротаў жыхароў варта адзначыць яшчэ адзін момант. Паводле дзеючага заканадаўства права на атрыманне зямельнага ўчастка грамадзянамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, можа быць рэалізавана толькі адзін раз. У той жа час ёсць выпадкі, калі атрыманы ўчастак па аб’ектыўных прычынах вяртаецца добраахвотна. Праект закона прадугледжвае магчымасць паўторнага прадастаўлення ўчастка пры наяўнасці паважлівых, дакументальна пацверджаных абставін, чаму раней была дабравольная адмове.

З улікам практыкі работы пераканалася, што кожны выпадак легалізацыі мае індывідуальны характар, патрабуе ўважлівага разгляду. Таму любы закон набывае поўную эфектыўнасць у працэсе яго прымянення «на зямлі», у жывую«.

Сума немалая, але магчыма растэрміноўка

Выконваючы абавязкі старшыні Кадзінскага сельсавета Магілёўскага раёна Андрэй Шароў таксама лічыць, што «зямельная амністыя» ўсё яшчэ неабходная. Выпадкаў, калі за межы ўчастка выходзяць гаспадарчыя пабудовы, агароджы, а часам нават дамы, у сельсавеце хапае. Пакуль межы зямельных участкаў не былі алічбаваныя, па іх памерах пытанняў не ўзнікала. Цяпер усё як на далоні. Але закон дазволіць выправіць праблему. Калі іншыя нормы — архітэктурныя, пажарныя і гэтак далей — не парушаюцца, зямлю можна ўзаконіць. Пад гэта выдзяляецца дадатковы зямельны участак, і за яго трэба плаціць. Зямля пад Магілёвам дарагая, але сельсавет можа даць растэрміноўку.

— Зямельнае пытанне вырашаецца праз Гіпразем, некаторыя жыхары ўсё яшчэ не зарадзіліся на «зямельную амністыю», на тое, каб іх абмералі, — кажа ён. — У тым жа Таранава або Кадзіна зямля дарагая і трэба плаціць кадастравы кошт. А сума немаленькая. Напрыклад, за легалізацыю 4,5 соткі зямлі трэба заплаціць больш чым 2 тысячы рублёў. Адпаведна людзі звяртаюцца да нас, каб мы прадставілі ім растэрміноўку для легалізацыі. Мы разглядаем іх звароты ў сельвыканкаме і даём права скарыстацца магчымасцю выплаціць суму часткамі: чвэрць — адразу, астатняе, у залежнасці ад заяў, — на працягу года. 

У новым законе ідзе размова і пра тое, што ў некаторых катэгорый маладых спецыялістаў — тых жа урачоў, настаўнікаў, сельгасработнікаў — можа з’явіцца магчымасць атрымліваць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва ўласнага жылля на льготнай аснове, без неабходнасці купляць яго праз аўкцыён.

— Гэта будзе добрае новаўвядзенне, — перакананы Андрэй Шароў. — Пакуль такое права маюць толькі шматдзетныя. Вялікая верагоднасць, што нехта з маладых спецыялістаў зацікавіцца, калі ў іх будзе такая льгота. У тым жа Кадзіна квадратны метр зямлі каштуе 12 рублёў, за 20 сотак прыйдзецца выкласці 20 тысяч рублёў. Не кожны такія грошы мае. І калі ў маладога спецыяліста будзе магчымасць першачарговага атрымання ўчастка як маючага патрэбу, гэта, вядома, зможа адыграць вырашаючую ролю ў пытанні аб тым, каб застацца або з’ехаць.

«Дрэнна, калі зямля без справы стаіць»

Актуальная праблема і пустых дамоў, занядбаных участкаў.

— Дрэнна, калі зямля без справы стаіць, — адзначыў старшыня Карэліцкага раённага савета дэпутатаў Гродзенскай вобласці Аляксей Гаўрош. — Мы стараемся як мага больш дамоў прадаць. Летась за адну базавую ўдалося прадаць 13 дамоў. Для параўнання: у 2024 годзе мы прадалі ўсяго 3. Сёлета ўжо нават не за адну базавую ідуць продажы. Вось зімой на аўкцыёне дом сышоў за 6000 беларускіх рублёў, было два пакупнікі. Мы заўважаем, што ў людзей усё больш цікавасці да сельскай мясцовасці, да зямлі. І гэта выдатна!

Станоўчы бок продажу заключаецца яшчэ і ў тым, што захоўваюцца бюджэтныя грошы, якія могуць пайсці на іншыя патрэбы, бо знесці дом не так ужо і танна. І, вядома, заўсёды лепш, калі стаіць прыгожая і дагледжаная хатка з агародам і садам, кветкамі — так патроху вёска ажыве.

— Раней дамы куплялі ў асноўным бліжэй да Мінска або побач з буйнымі магістралямі. Цяпер жа здзелкі здзяйсняюцца па ўсім раёне. І ў гэтым вялікая заслуга сельскіх Саветаў дэпутатаў. Старшыні праводзяць добрую інфармацыйную работу, расказваюць аб даступных дамах, вядуць перагаворы з райвыканкамам, са спадчыннікамі звязваюцца. Акрамя таго, яны клапоцяцца аб тым, каб у іх населеных пунктах усё было акуратна, добраўпарадкавана і ўсе паслугі былі даступныя.

Паводле нашых карэспандэнтаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю