Top.Mail.Ru

Аналітык: размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі змяніла баланс сіл у рэгіёне

Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі змяніла баланс сіл у рэгіёне. Такую думку выказаў эканаміст і аналітык (Малдова) Сяргей Банар, перадае БелТА.



«Размяшчэнне „Іскандэраў“ (ракетны комплекс. — Заўвага БелТА) і тактычных ядзерных боегаловак у Рэспубліцы Беларусь поўнасцю змяніла расклад сіл. Калі мы ўважліва паглядзім на пазіцыю Польшчы да з’яўлення „Іскандэраў“ і пасля, гэта дзве розныя Польшчы», — заявіў Сяргей Банар.


Ён растлумачыў, што рыторыка кіраўніцтва Польшчы стала больш стрыманай і Варшава цяпер больш асцярожная ў сваіх ацэнках. Гэта значыць, ёй даводзіцца ўлічваць новыя ваенныя рэаліі. «Проста вылечылі іх ад мілітарызму, ад імперыялізму. І нават Польшча «ад мора да мора» ўжо не такая ім важная, як толькі яны ўспамінаюць, што шлях ляжыць праз «Іскандэры», — адзначыў аналітык.

Гаворачы аб трэніроўцы ядзерных сіл, якую Беларусь і Расія правялі сумесна, Сяргей Банар падкрэсліў, што сам факт гэтых вучэнняў — даволі сур’ёзны сігнал для Захаду, паколькі арміі абедзвюх краін прайшлі баявое зладжванне і здольны дзейнічаць разам у крытычных сітуацыях.

«Любая спроба Паўночнаатлантычнага альянсу правесці баявое зладжванне заканчваецца нейкімі кур’ёзамі: то БТР у балоце тонуць, то самалёты падаюць, то салдаты самаўхіляюцца, то яшчэ нешта, паказваючы поўную няздольнасць. Гэта спроба пашыць коўдру з абсалютна несумяшчальных абрэзкаў», — сказаў субяседнік.


Адказам жа на беларуска-расійскія манеўры, на яго думку, стала рашэнне ЗША накіраваць у Польшчу 5 тыс. ваенных. «Гэта выразная рэакцыя на гэтыя вучэнні», — перакананы аналітык.

Арміі Беларусі і Расіі 21 мая правялі сумесную трэніроўку баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. За манеўрамі назіралі і кіраўнікі дзяржаў. У час сумеснай трэніроўкі з воінскімі часцямі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін звязаліся па відэа-канферэнц-сувязі.

«Сапраўды, гэта першая такая сумесная трэніроўка. Але па элементах, па складніках, аказваецца, нашы генеральныя штабы, міністры абароны праводзяць яе штоквартальна. Але без нас (прэзідэнтаў. — Заўвага БелТА). Мы з вамі яшчэ зімой абмяркоўвалі перспектыву ўдзелу прэзідэнтаў. Я вас абсалютна падтрымліваю, мы нікому абсалютна не пагражаем. Але ў нас ёсць такая зброя, і мы гатовы ўсяляк абараняць нашу сумесную Айчыну ад Брэста да Уладзівастока. Калі нешта ёсць у нашых руках, мы павінны ўмець гэтым карыстацца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, назіраючы за вучэннямі.


У сваю чаргу Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што выкарыстанне ядзернай зброі можа быць толькі крайняй, выключнай мерай забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзвюх дзяржаў. «Разам з тым, улічваючы рост напружанасці ў свеце, з’яўленне новых пагроз і рызык, наша ядзерная трыяда, як і раней, павінна служыць надзейным гарантам суверэнітэту Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, забяспечыць вырашэнне задач стратэгічнага стрымлівання, падтрымання ядзернага парытэту і балансу сіл на глабальным узроўні», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю