Золатавалютныя рэзервы нашай краіны зноў падраслі. На гэта звяртаюць увагу аналітыкі Еўразійскага банка развіцця ў сваім штотыднёвым макраэканамічным аглядзе.
Так, паводле звестак за лістапад, яны выраслі на 180 мільёнаў долараў за месяц і дасягнулі 13,9 мільярда долараў на пачатак снежня.
— Асноўным фактарам стала падаражанне золата на сусветных рынках (+4,1 % месяц да месяца), што павялічыла яго кошт у рэзервах на 0,31 мільярда долараў, — адзначылі аналітыкі банка.
Пры гэтым яны звярнулі ўвагу на тое, што актывы ў замежнай валюце скараціліся на 0,1 мільярда долараў. З пачатку года рэзервы выраслі больш чым у 1,5 раза, або на 5 мільярдаў долараў.
— З верасня 2025 года аб’ём рэзерваў адпавядае міжнароднаму крытэрыю бяспекі — пакрывае трохмесячны аб’ём імпарту, — падкрэслілі ў ЕАБР.