Top.Mail.Ru

Анамальна цёплы сакавік, «арэлі» ў красавіку і выключна халодны май

Цяперашняя вясна стала сапраўдным выпрабаваннем для аграрыяў.

Як заявіла начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Вольга БАКЛАНАВА, надвор’е пачало сваволіць ужо з пачатку года.

Тэмпературныя кантрасты

Студзень лічыцца самым халодным месяцам года. Але сёлета яго сярэднямесячная тэмпература была блізкая да сакавіцкай. Як адзначыла Вольга Бакланава, сярэднямесячная тэмпература паветра ў студзені 2025-га  склала плюс 1,2 °C, што вышэй за кліматычную норму на 5,3 °C: «Такі цёплы студзень за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў адзначаецца ўпершыню. Дагэтуль тэмпературны рэкорд належаў першаму месяцу 2020 года». Тэмпература паветра днём на працягу яго вагалася ад слаба адмоўных да слаба станоўчых значэнняў. У самыя цёплыя суткі (пераважна ў канцы месяца) яна перавышала адзнаку ў плюс 10 °C. Максімальная тэмпература ў студзені сёлета была адзначана на станцыі «Пінск» 27 чысла і склала плюс 12,8 °C. Потым зіма «згадала», што на дварэ — халодная пара. Люты быў звычайным марозным месяцам года.

У цэлым пачатак каляндарнай вясны выдаўся даволі актыўным, паколькі тэмпература паветра стала рэзка расці. Напрыклад, сярэднямесячны паказчык сёлетняга сакавіка апынуўся супастаўным з умовамі адпаведнага перыяду 2007 года, калі былі пабітыя рэкорды, абодва месяцы сталі самымі цёплымі з 1945-га. Максімальнага значэння ў плюс 20,4 °C тэмпература паветра дасягнула днём 10 сакавіка на станцыі Драгічын. Прадстаўнік Белгідрамета звярнула ўвагу, што за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў у першай дэкадзе сакавіка тэмпература паветра ні разу не падымалася да такіх высокіх значэнняў.

У красавіку надвор’е таксама было цяплейшае за кліматычную норму. Такое, як аргументавала Вольга Бакланава, здараецца прыкладна раз на дзесяцігоддзе. Аднак гэтым разам умовы надвор’я склаліся кантраснымі: адзначаліся як анамальна цёплыя, так і анамальна халодныя перыяды. А ў красавіку 2025 года здарыліся так званыя «арэлі»: у розныя дні была тэмпература і 28 °C цяпла, і 11°C марозу, паведаміла спецыяліст.

Шкодныя замаразкі

Самыя моцныя замаразкі ў маі рэгістраваліся на Палессі, дзе паветра астуджалася да мінус 9-10 °C. А сярэдні па Беларусі паказчык у маі склаў 10,9 °C, што на 2,5 °C ніжэй за кліматычную норму. Як паведаміла Вольга Бакланава, з 1945-га такая тэмпература ў гэтую пару здараецца ў сярэднім раз на восем гадоў. Сёлета большую частку апошняга вясновага месяца стаяла халаднаватае надвор’е, назіраліся начныя замаразкі, а працяглыя інтэнсіўныя нізкія тэмпературы нанеслі шкоду сельскай гаспадарцы.

Асабліва пацярпелі, як удакладніла начальнік аддзела, пладовыя дрэвы і кусты, пасевы сельгаскультур на тарфяніках і ў паніжаных рэльефах. У рэгіянальным разрэзе найбольшую шкоду надвор’е нанесла пасевам Брэсцкай вобласці. Негатыўны ўплыў замаразкаў пагоршыўся тым, што ў выніку перавагі цёплага надвор’я ў сакавіку і красавіку развіццё азімых культур, шматгадовых траў і пладовых дрэў ішло з прыкметным апярэджаннем шматгадовых тэрмінаў.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю