Top.Mail.Ru

Аляксей Кушнарэнка падзяліўся дэталямі даклада Прэзідэнту

Індэкс вытворчасці валавога аб’ёму сельскагаспадарчай прадукцыі ў Мінскай вобласці з пачатку года склаў 106,9 % — абсалютная велічыня ў краіне. Такімі лічбамі падзяліўся старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА, раскрываючы журналістам падрабязнасці свайго даклада кіраўніку дзяржавы. 



— Мы павялічылі надой на 2,1 % (да ўзроўню мінулага года. — «Зв.») і ўжо надаілі 990 тысяч тон малака, пераадолеўшы сімвалічную адзнаку — 21 літр малака ў сярэднім ад адной каровы ў цэнтральным рэгіёне. Усё гэта — сыравіна для нашых малака- і мясаперапрацоўчых заводаў, загрузка якіх складае ўжо больш за 90 %, — адзначыў Аляксей Кушнарэнка.

Ён засяродзіў увагу на неабходнасці выкарыстання сучасных тэхналогій для актыўнага развіцця цэнтральнага рэгіёна.

— У сувязі з гэтым у Мінскай вобласці распрацавана рэгіянальная пяцігадовая праграма «Мінск Агра». Маецца на ўвазе, што нам неабходна адыходзіць ад прывязнога ўтрымання жывёлы ў старых фермах— для гэтага трэба пабудаваць 55 новых сучасных малочнатаварных комплексаў. 15 з іх мы плануем пабудаваць сёлета, далей — паэтапна рухацца.


111 новых прафілакторыяў з’явяцца на Міншчыне ў жніўні

Паводле слоў старшыні Мінскага аблвыканкама, Прэзідэнт Беларусі асаблівую ўвагу падчас даклада звярнуў на будаўніцтва прафілакторыяў для цялят.

— Усяго ў Мінскай вобласці іх плануецца пабудаваць 111. Мы літаральна штотыдзень кантралюем ход іх узвядзення, разумеючы, што за гэтым будучыня — у захаванасці, перш за ўсё, цялят. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ўвесці прафілакторыі да кастрычніка, а мы перад сабой ставім больш амбіцыйныя планы — вырашылі, што гэтыя значныя для цэнтральнага рэгіёна аб’екты ўжо ў жніўні павінны быць уведзены ў эксплуатацыю. 



Якасныя кармы — аснова

Беларускі лідар, па словах Аляксея Кушнарэнкі, дэталёва распытваў, як ідзе ход нарыхтоўкі кармоў, робячы асаблівы акцэнт на іх якасці.

— Я далажыў аб тым, што мы практычна скончылі першы ўкос траў на плошчы 290 тысяч гектараў. Паўднёвыя рэгіёны ўжо прыступілі да другога ўкосу. Усяго сёлета неабходна нарыхтаваць 140 тысяч тон сена, 4,5 мільёна тон сіласу, 3,5 мільёна тон сенажу. З гэтых 3,5 мільёна 1,5 мільёна мы ўжо нарыхтавалі. Гэта найбольшая на сёння лічба ў краіне, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама.

Што датычыцца кармавых адзінак, іх на Міншчыне — больш за 6 на адну ўмоўную галаву. Летась на гэты ж перыяд было 4.

— Абсалютна правільна расстаўлены акцэнт кіраўніком дзяржавы ў галіне якасці кармоў. Ёсць тэмп, ёсць аб’ём, але калі гэтыя кармы неналежнай якасці, мы проста будзем труціць жывёлу і ў тым ліку паўтараць адмоўны вопыт, які, на жаль, быў і ў Мінскай вобласці. Мы гэта прызнаём і робім усё для таго, каб гэту сітуацыю выправіць, — падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка.

Старшыня Мінскага аблвыканкама расказаў аб яшчэ адным пасыле кіраўніка дзяржавы — нарыхтоўваць як мага больш кармоў у поліэтыленавую плёнку:

— Звыш 24 тысяч тон нарыхтавалі менавіта ў поліэтылен. Да таго 271 прэс-падборшчыка, якія ёсць у Мінскай вобласці, мы стварылі 7 механізаваных атрадаў у цэнтральным рэгіёне на базе аграсэрвісаў. Гэта яшчэ адно даручэнне Прэзідэнта — адраджэнне так званых сельгастэхнік у нашай краіне. 

Аляксей Кушнарэнка асобна спыніўся на гэтым пытанні ў сваім дакладзе.

— Аграсэрвісы маюць неабходнае абсталяванне, спецыялістаў для таго, каб якасна і хутка нарыхтаваць кармы. А кармы — гэта аснова, — сказаў старшыня Мінскага аблвыканкама. — Яны на сённяшні дзень ёсць практычна ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці ў тым ці іншым функцыянале, за выключэннем Лагойскага, Вілейскага, Барысаўскага і Пухавіцкага раёнаў. У вобласці выпрацаваны адпаведны план на гэты год, і мы плануем у названых раёнах адрадзіць аграсэрвісы. А існуючыя абсталяваць неабходным функцыяналам для таго, каб яны маглі выконваць увесь спектр паслуг для бліжэйшых гаспадарак. Такім чынам, я запэўніў кіраўніка дзяржавы, што ў Мінскай вобласці на сёння ёсць усё неабходнае для паступальнага і эфектыўнага руху наперад. 

Удзельная вага Мінскай вобласці ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі краіны складае больш за 25 %. 

— У аграпрамысловага комплексу Міншчыны ёсць усё неабходнае для таго, каб якасна і ва ўстаноўленыя Прэзідэнтам тэрміны выконваць пастаўленыя перад намі задачы, — запэўніў Аляксей Кушнарэнка. — Нездарма нас называюць цэнтральным рэгіёнам. Ёсць крылатыя фразы, якія чырвонай лініяй праходзяць у нашай дзейнасці. Гэта фразы кіраўніка дзяржавы аб тым, што Мінская вобласць — Беларусь у мініяцюры, альбо аб тым, што кіраўнік дзяржавы ацэньвае развіццё краіны на прыкладзе Мінскай вобласці. Вядома, гэта накладвае на нас дадатковую адказнасць.


Перспектыва — выйсці на 3 мільёны тон збожжа

Што датычыцца відаў на ўраджай, перадумовы, якія ёсць сёння, старшыню Мінскага аблвыканкама радуюць. 

— Перш за ўсё, напэўна, захаванасць гэтага ўраджаю і азімых культур, — адзначыў Аляксей Кушнарэнка. — Мы практычна не страцілі азімы рапс — менш за 2 % страт, іншых азімых збожжавых культур — аналагічна. Мы своечасова правялі ўсю тэхналагічную паслядоўнасць яравой сяўбы. І, вядома, вельмі спадзяёмся на ўмовы надвор’я, якія будуць спрыяць, каб мы сабралі годны ўраджай. Кіраўнік дзяржавы паставіў планку, ніжэй якой мы не можам апускацца. Летась мы сабралі разам з рапсам і кукурузай 2 мільёны 700 тысяч тон збожжа. Адпаведна, гэта той мінімум, які мы павінны сабраць (сёлета. — «Зв.»). Але перад сабой мы ставім мэту, і неаднаразова Прэзідэнт нам даваў зразумець, што задача на перспектыву — выйсці на 3 мільёны тон збожжа. Да яе мы будзем імкнуцца. І, у прынцыпе, да гэтага ў нас ёсць усе перадумовы, — заявіў Аляксей Кушнарэнка.



За 5 месяцаў назіраецца добрая дынаміка ў развіцці рэгіёна

— Валавы рэгіянальны прадукт склаў не менш за 100,6 %, — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама. — Драйверамі росту ў эканоміцы ў нас служыць сельская гаспадарка з ростам 6,9 %, прамысловасць з ростам 1,3 %. Прычым я хацеў бы адзначыць паспяховую работу нашых валаўтваральных прадпрыемстваў. Напрыклад, БЕЛДЖЫ сёлета дадае 10 % да ўзроўню мінулага года, «Беларуськалій» — каля 3 %. Толькі гэтыя прадпрыемствы даюць нам каля 20 % у прамысловасці, у валавой вытворчасці. Варта таксама канстатаваць, што грузаабарот вырас на 4 %, рознічны гандаль — на 10 %, аптовы гандаль — на 2 %. 

Сёлета Мінскай вобласці таксама ўдалося знізіць свае складскія запасы. 

— Узровень складскіх запасаў сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці скараціўся на 3,3 %, — прывёў лічбы Аляксей Кушнарэнка. — У нас станоўчая дынаміка (назіраецца. — «Зв.») на працягу апошніх месяцаў. Таксама хацеў бы адзначыць нашу дзейнасць на знешнім перыметры. Экспарт тавару дасягнуў адзнакі ў 3,6 мільярда долараў ЗША. Гэта плюс 19 % да ўзроўню мінулага года. Экспарт паслуг — мільярд долараў ЗША. Гэта плюс 23 % да ўзроўню мінулага года. А ўсяго мы пастаўляем сваю прадукцыю ў 111 краін свету. Пры гэтым для нас вельмі важная тэма развіцця рэгіёнаў з улікам нашага геаграфічнага становішча. І гэта адзін з прыярытэтаў. 

Яшчэ адзін знакавы кірунак для развіцця рэгіёна — прыцягненне інвестыцый. 

— Вельмі важнае даручэнне кіраўніка дзяржавы па ініцыятыве «Адзін раён — адзін праект». Летась мы рэалізавалі 32 такія праекты, прычым выканалі безумоўнае даручэнне Прэзідэнта — у кожным раёне быў рэалізаваны праект, а дзесьці і два-тры, — паведаміў губернатар. — 16 праектаў перайшлі ў гэты год — а гэта аб’ём інвестыцый на яшчэ мільярд рублёў. З’явіліся новыя інструменты — «Рэгіянальная ініцыятыва». І мы напоўнілі партфель інвестпраектаў у рамках гэтай ініцыятывы на 57 праектаў (2 мільярды рублёў), што дазволіць нам стварыць 1700 працоўных месцаў. Плюс 5 праектаў рэалізуюцца ў нашых рэгіёнах у рамках «Тэхналагічнай самадастатковасці» — гэта яшчэ адзін кірунак.

Што датычыцца турыстычнага патэнцыялу, па словах кіраўніка Мінскай вобласці, рэгіён валодае каласальнымі магчымасцямі:

— Мы ўжо сфарміравалі 24 праекты, якія дазволяць прыцягнуць 200 мільёнаў рублёў інвестыцый і яшчэ стварыць 500 працоўных месцаў у гэтай сферы. 

— Гэта свайго роду такія пункты росту для нас, якія разам з дзеючымі прадпрыемствамі (у Мінскай вобласці зарэгістравана 26 тысяч юрыдычных асоб і 33 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў) у сукупнасці дазваляюць нам упэўнена гаварыць аб развіцці цэнтральнага рэгіёна, як на блізкую, так і доўгатэрміновую перспектыву, — рэзюмаваў губернатар. 


XIII Форум рэгіёнаў — на асабістым кантролі Прэзідэнта

Аляксей Кушнарэнка паведаміў, што падчас даклада запэўніў беларускага лідара, што Мінская вобласць гатова да правядзення XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. 

— Мы для сябе паставілі такую мэту — прадэманстраваць унікальныя магчымасці цэнтральнага рэгіёна. У культуры, адукацыі, ахове здароўя, безумоўна, і ў эканоміцы. Эканоміка — тэма Форуму рэгіёнаў і падмурак выбудоўвання нашых узаемаадносін з Расійскай Федэрацыяй. Мы будзем задзейнічаць усе свае магчымасці, перадавыя пляцоўкі Смалявіцкага, Мінскага, Барысаўскага, Нясвіжскага, Дзяржынскага раёнаў, горада Жодзіна для таго, каб годна сустрэць удзельнікаў і гасцей гэтай важнай падзеі. Я ўпэўнены, што мы ў цесным узаемадзеянні з Саветам Рэспублікі зробім усё неабходнае, каб правесці форум на годным узроўні, з нацыянальным каларытам, — сказаў старшыня Мінаблвыканкама. — Упэўнены, што гэта будзе чарговым крокам у развіцці як асобна нашых краін, так і Саюзнай дзяржавы ў цэлым.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю