Як у рэгіёнах замацоўваюць маладых педагогаў, у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Па яго словах, сфера адукацыі цяпер павінна вырашаць не толькі пытанні навучання, але і многія спадарожныя, якія ўзнікаюць з развіццём тэхналогій.
Сёння сістэма адукацыі ва ўсім свеце знаходзіцца перад сур’ёзным выклікам — лічбавізацыя, развіццё новых тэхналогій, у тым ліку штучнага інтэлекту.
— Таму мы думаем пра нашых педагогаў, прычым не толькі пра маладых спецыялістаў, — адзначыў ён. — З новага навучальнага года на базе Акадэміі нацыянальнай адукацыі мы прадоўжым у абноўленым фармаце анлайн-школу для педагогаў, вопытных настаўнікаў, дзе будзем знаёміць з новымі методыкамі выкладання, падыходамі ва ўмовах выклікаў лічбавізацыі. Мы запусцім новую праграму павышэння кваліфікацыі дырэктараў школ, яна будзе поўнасцю перафармаціравана і выключна практыка-арыентаваная.
Прыязджаючы ў Акадэмію нацыянальнай адукацыі, кожны дырэктар зможа наведаць канкрэтную школу, гімназію, ліцэй і азнаёміцца з практычнымі кейсамі работы, ці гэта будуць кейсы з дзецьмі, якія патрабуюць асаблівых адукацыйных умоў, ці з адоранымі дзецьмі, альбо там, дзе вельмі добра наладжаны працэс выхавання падрастаючага пакалення, падкрэсліў кіраўнік Мінадукацыі.
Андрэй Іванец таксама расказаў, што папаўненне кадраў у сферы адукацыі ў бягучым годзе значнае:
— Маладых спецыялістаў ва ўстановы адукацыі ў цэлым па краіне прыйшло практычна 6 тысяч. Гэта выпускнікі каледжаў і ўніверсітэтаў. Мы ўдзяляем ім асаблівую ўвагу. Для нас важна, каб кожны малады спецыяліст знайшоў сваю школу, дзіцячы садок, каледж, у якім ён будзе хацець працаваць кожны дзень. Для нас працэнт замацавання — гэта, напэўна, адзін з арыенціраў. Мы бачым, што ў шэрагу рэгіёнаў замацаванне маладых спецыялістаў — педагогаў перасягае 90-95 %. Гэта сведчыць аб тым, што ствараюцца дастойныя ўмовы — настаўніцтва, сацыяльныя гарантыі, камфортны творчы калектыў у той школе, у якую прыходзіць малады спецыяліст.
У новых гарадскіх мікрараёнах, дзе будуюцца школы, не толькі для педагогаў, але і для вучняў, у тым ліку першакласнікаў, імкнуцца стварыць максімальную зручнасць, каб класы не былі перапоўненыя, канстатаваў міністр:
— Адно з важных пытанняў, на якія звяртаюць увагу бацькі, — двухзменны рэжым работы школ. Мы кожны год паэтапна рухаемся да таго, каб ствараць найбольш камфортныя ўмовы менавіта адназменнага рэжыму работы школ. І мы дастаткова сур’ёзна ў гэтым напрамку рушылі наперад. Толькі 15 % школ будуць працаваць у дзве змены, а 85 % школ — у адназменным рэжыме. Таму дырэктар нейкай школы і спрабуе больш шчыльна размясціць хлопчыкаў і дзяўчынак, але гэта для таго, каб стварыць магчымасць навучання ў першую змену, і тут да гэтага трэба адносіцца з разуменнем.
Вялікая ўвага ўдзяляецца ў нашай краіне дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З 1 верасня пачне працаваць Нацыянальны цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Гэта эвалюцыйны крок. На базе Нацыянальнага цэнтра дадатковай адукацыі будуць функцыянаваць чатыры буйныя адукацыйныя цэнтры. Гэта цэнтр «Спадчына», які будзе знаёміць з краінай, ён будзе весці кірункі краязнаўства і турызму. Мы будзем вучыць дзяцей не проста ведаць нашу краіну, але і ўмець па ёй падарожнічаць, любіць прыроду, — расказаў кіраўнік адукацыйнага ведамства.
У цэнтры талентаў будуць развівацца творчыя маладыя людзі.
— Яны паспрабуюць сябе ў тэатральным мастацтве, прамоўніцтве, выканаўчым мастацтве. Арт-цэнтр — месца, дзе юнакі будуць асвойваць мастацкі профіль. Гэта таксама вельмі важна. Але самае галоўнае, што мы прапануем ужо фактычна з гэтага навучальнага года мультыпрофільныя праграмы, гэта значыць калі ў рамках адной адукацыйнай праграмы, аднаго гуртка дзіця зможа сябе паспрабаваць і на сцэне, і ў прамоўніцтве, дзесьці зрабіць дэкарацыі, зрабіць відэа- ці фотамантаж, адпаведныя фотазастаўкі, каб выдатна сябе адчуваць на сцэне. Усе гэтыя навыкі спатрэбяцца дзецям і ў далейшым, дадуць магчымасць лепш раскрыць свой патэнцыял для гарманічнага развіцця асобы, — упэўнены Андрэй Іванец.
Віктар ЛЮБІМАЎ