Па сваім ментальным і культурным кодзе беларусы — нацыя вельмі прагматычная, схільная да зберажэнняў. У тым ліку і з гэтай прычыны закрэдытаванасць хатніх гаспадарак у нас традыцыйна не надта высокая. А сама па сабе мадэль спажывання з’яўляецца эканомнай і дастаткова рацыянальнай.
У апошнія гады разам з ростам заработнай платы (і намінальнай, і рэальнай) павялічваецца доля даходаў, якія беларусы накіроўваюць на зберажэнні, — ужо больш за 16 % па выніках мінулага года. У грошах гэта амаль 30 мільярдаў рублёў. Іншымі словамі, у краіны ёсць вялікі фінансавы патэнцыял, які можна выкарыстоўваць, калі пашырыць інструментарый трансфармацыі зберажэнняў у інвестыцыі. Пра гэта пагаварылі з намеснікам старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Андрэем Картуном.
Нацыянальны банк разам з урадам намацвае залатую сярэдзіну паміж спажываннем і зберажэннямі. Паводле слоў Андрэя Картуна, цяпер склаўся баланс, калі растуць аб’ёмы рознічнага тавараабароту (па выніках 8 месяцаў на 8,4 %) і павялічваюцца дэпазіты насельніцтва. Прычым у іх расце доля ўкладанняў на тэрмін больш як год і ўжо складае, па выніках першага паўгоддзя, звыш 27 працэнтаў. Самае прыемнае, што расце цікавасць укладчыкаў да доўгіх дэпазітаў — на тэрмін больш як 3 гады. Іх аб’ём сёлета павялічыўся ў 3,8 раза, а доля дасягнула амаль 5 %, фактычна ў два разы перасягнуўшы прагнозны паказчык.
Намеснік старшыні праўлення адзначыў, што сваю палітыку Нацыянальны банк выбудоўвае такім чынам, каб стымуляваць больш доўгія інструменты зберажэнняў, у тым ліку і праз рэгуляторныя інструменты. І эфект ёсць. Сёння банкі, у тым ліку і за кошт дэпазітаў грамадзян, забяспечаны рэсурснай базай, якая дае магчымасць дасягнуць мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі, зацверджанай кіраўніком дзяржавы.
Тым не менш, упэўнены намеснік старшыні праўлення, неабходна павышаць культуру зберажэнняў, з аднаго боку. А з другога — пашыраць інструментарый для зберажэнняў і інвестыцый фізічных асоб. Патэнцыял у грамадзян ёсць. Зноў жа, зыходзячы з тых дзясяткаў мільярдаў, якія яны адкладаюць на тыя ці іншыя патрэбы. Безумоўна, значная частка гэтых сродкаў з’яўляецца фактычна адкладзенай пакупкай. Людзі збіраюць на адпачынак, новыя тавары працяглага карыстання, рамонт сваёй нерухомасці. Але некалькі мільярдаў з гэтых сродкаў, пры наяўнасці адпаведнага інструментарыю, ёсць магчымасць прыцягнуць у рэальны сектар. І яны (інструменты) паступова з’яўляюцца.
Як падкрэсліў Андрэй Картун, дастаткова прымальны з пункту гледжання ліквіднасці рынак лічбавых актываў. У прыватнасці, токены беларускіх кампаній. Некаторыя з іх пры жаданні ўладальнік можа прадаць раз на тры месяцы. З’явіліся каштоўныя паперы, па якіх банк выступае гарантам і абавязваецца іх выкупляць пры пэўных умовах. Але даходнасць у такіх актываў не 12-14 %, як у доўгіх дэпазітаў, а вагаецца на ўзроўні 5-6 %.
Як адзначыў эксперт, усё больш банкаў прапануюць цікавыя ўмовы па рэшце на карт-рахунках. Звычайна працэнты на такія зберажэнні не налічваюцца. Аднак ёсць праграмы — «Шкатулка», «Сейф» і іншыя, — калі прадугледжана ўзнагароджанне за больш працяглае захоўванне сродкаў на карт-рахунках. Працэнты невялікія, але яны стымулююць людзей да зберажэнняў.
На думку Андрэя Картуна, устойлівая асабістая ашчадная мадэль павінна прадугледжваць дыверсіфікацыю інструментаў назапашвання. Крайнасцяў быць не павінна, калі чалавек усе свабодныя сродкі размяшчае на дэпазітах, купляе аблігацыі ці іншыя каштоўныя паперы. Неабходна, каб у асабістым партфелі меліся і «доўгія» зберажэнні. Калі казаць пра дэпазіты, то пры тэрміне ў тры гады працэнтныя стаўкі самыя прывабныя пры мінімальнай рызыцы, паколькі вяртанне ўкладаў гарантуецца дзяржавай. Часткова можна размясціць сродкі ў інструментах з вялікімі рызыкамі (напрыклад, аблігацыі), але і значнай даходнасцю. Акрамя таго, у залежнасці ад эмісіі, аблігацыі могуць адрознівацца больш высокай ліквіднасцю: іх можна рэалізаваць на працягу некалькіх тыдняў. На думку намесніка старшыні праўлення, невялікую долю зберажэнняў можна ўкласці ў высокарызыкоўныя актывы, скажам, крыптавалюту. Але некаторую суму варта трымаць у ліквідным выглядзе — рахункі да запатрабавання, карт-рахункі і гэтак далей — тых інструментах, якія дазваляюць хутка скарыстацца сродкамі. Жыццё ёсць жыццё, і ў ім узнікаюць часам нечаканыя траты.
Як адзначыў Андрэй Картун, Нацыянальны банк у рамках сваіх кампетэнцый сёння арыентуецца на стымуляванне доўгіх дэпазітаў. Доўгатэрміновыя зберажэнні — найбольш якасная рэсурсная база для інвестыцыйнага крэдытавання. Але, паводле слоў намесніка старшыні праўлення, сёння ў насельніцтва існуе пэўны лішак ліквіднасці. І неабходна пашыраць спектр інструментаў, каб прыцягваць грошы прыватных інвестараў у эканоміку, у тым ліку праз развіццё фондавага рынку. Механізмаў у цэлым хапае. Аднак неабходна іх раскручваць і запускаць у абарачэнне.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ