«За ўсё, што ёсць у маім жыцці, я ўдзячны баскетболу. Я ўпэўнены і не сумняваюся, што шмат хто са мной пагодзіцца: не мы выбіраем баскетбол, а ён — нас», — кажа вядомы баскетбаліст, а сёння трэнер Андрэй Клемезь. Выбраўшы яго, баскетбол сапраўды не памыліўся. Андрэй Клемезь выступаў за нацыянальную зборную, пасля трэніраваў моцны БК «Гарызонт», лідара жаночага нацыянальнага чэмпіянату. А сёння спецыяліст трэніруе мужчынскую зборную U-14, створаную на базе Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Адметна, што менавіта ў гэтай установе ён пачынаў свой спартыўны шлях. Аб ролі вучылішча ў выхаванні новага пакалення спартсменаў і аб асаблівасцях трэнерскай працы Андрэй Клемезь распавёў «Звяздзе».
— Як думаеце, што самае галоўнае вам далі вашы трэнеры?
— Я ўсім абавязаны сваім трэнерам. І да гэтага часу шмат чаму ў іх вучуся. У мяне быў надзвычайны першы трэнер, надзвычай таленавіты чалавек Мікалай Іванавіч Зарубаў. Дзякуючы яму пуцёўку ў жыццё атрымалі і іншыя выдатныя баскетбалісты. Напрыклад, Валера Дайнека, на мой погляд, адзін з найлепшых баскетбалістаў Беларусі, Саша Папкоў — яго выхаванец. Мікалай Іванавіч быў фенаменальным чалавекам. Светлагорскія дзеці літаральна па пятах за ім хадзілі: «Мікалай Іванавіч, калі трэніроўка?». Я не ведаю, ці хацеў ён нечага большага, чым быць дзіцячым трэнерам. Думаю, ён мог больш. Але ён быў на сваім месцы і атрымліваў асалоду ад той работы, якую выконваў. Яго мудрасць і талент — у здольнасці знайсці і разглядзець самых здольных, самых лепшых. Мяркую, для трэнера самае галоўнае — разумець, у каго з яго вучняў атрымаецца стаць спартсменам, а ў каго — не. Асноўная задача дзіцячага трэнера — прывіць любоў да баскетбола, даць першыя навыкі, закласці базу. І нават цяпер, працуючы з найлепшымі па ўзросце хлопцамі ў краіне, я ўспамінаю свайго першага дзіцячага трэнера. Менавіта дзякуючы яму я захварэў на баскетбол. І гэта найлепшае, што магло са мной здарыцца. У 6 раніцы па радыё гучаў гімн СССР, а за ім — гімн БССР. Я расплюшчваў вочы, калі пачынаўся першы гімн, а калі заканчваўся другі, ужо выходзіў з дому і бег у залу. Як цяпер памятаю: святло ў зале ўключалі ў 7 раніцы, і я прыкладна 45 хвілін кідаў мяч у кольца ў поўнай цемры. Мне нічога іншага ў жыцці не трэба было — толькі б закідваць мяч у кольца. А тое, што фенаменальна ў мяне заклаў Мікалай Іванавіч Зарубаў, у спартыўным інтэрнаце (сёння вучылішча алімпійскага рэзерву. — Рэд.) развіваў Міхаіл Аляксеевіч Тайц. Глыба беларускага баскетбола.
— Цяпер вы займаеце тую ж пасаду, на якой працаваў і ён…
— І неверагодна гэтаму рады. Падсвядома я імкнуся быць для сваіх спартсменаў такім трэнерам, настаўнікам, якім для нас быў Міхаіл Аляксеевіч. Гэта быў найдабрэйшай душы чалавек, разумны, дасведчаны, які за кожнага стаяў сцяной. Ён шалёна нас любіў, я гэта дакладна ведаю. З узростам разумееш, што гэта быў бацька (у маім выпадку ўжо трэці пасля роднага бацькі і першага трэнера), які жадаў нам толькі дабра. Ён перажываў за нас больш, чым хто-небудзь, гэта факт. Мы былі для яго не вучнямі — мы былі для яго роднымі дзецьмі. Вядома, у 15 гадоў гэта не ўсведамляеш і не моцна шануеш. А трэба было б цаніць…
— А што для вас значыць спартыўны інтэрнат?
— Гэта пуцёўка ў жыццё. Для мяне асабіста, і як для спартсмена, і як для чалавека. Гэта неверагодная школа жыцця. Толькі ўявіце. У 12-13 гадоў цябе адрываюць ад бацькоў, ты пераязджаеш у чужы горад. Больш няма дамашняй утульнасці, ты жывеш у пакоі на восем чалавек і за свой побыт, за свае ўчынкі адказваеш сам. Сёння скажуць, што для дзіцяці гэта стрэс. Але я перакананы, што гэта найлепшая загартоўка характару. У першую чаргу, ты вучышся жыць у калектыве. Мы ўсе былі вельмі дружныя. Валейбол, гандбол, баскетбол — мы ўсе былі адной вялікай сям’ёй. Тыя, хто тады жыў на вуліцы Тарханава, сябруюць і сёння. Памятаю, што пастаянна хацелася есці. А ў гандбалістаў заўсёды было сала і варэнне. І мы ўсе разам збіраліся на начное рандэву — елі сала з варэннем. Калі пашанцуе, то яшчэ і з хлебам, але часцей за ўсё без яго. Цяпер, на жаль, я не назіраю такога адзінства сярод дзяцей у вучылішчы. Мусіць, у іх няма ў гэтым такой патрэбы, якая была ў нас. Я параўноўваў тое, якімі былі мы ў іх узросце, а потым зразумеў, што гэта пустое марнаванне часу. Яны проста іншыя.
У спартыўным плане інтэрнат — гэта вялізны крок наперад. Бо тут збіралі і збіраюць найлепшых з усёй краіны. А значыць, трэба адпавядаць таму, што ты ў кагорце найлепшых. А як гэта рабіць? Толькі працаваць і трэніравацца. Я ніколі не быў белым і пухнатым, характар у мяне заўсёды быў рэзкі. Але ніводны трэнер не зможа мяне папракнуць у тым, што ў зале я працаваў дрэнна, без самааддачы.
— У вучылішчы алімпійскага рэзерву, акрамя спартыўнай падрыхтоўкі, трэба яшчэ і вучыцца. Наколькі можна сумяшчаць вучобу і спорт ці ўсё ж трэба рабіць выбар?
— Правільна выхаваныя дзеці могуць паспяваць усё. У маёй камандзе два хлопцы ідуць на медаль пасля заканчэння школы, яны паспяваюць і трэніравацца, і вучыцца. Я вучобу не кантралюю, я трэнер па баскетболе, у мяне іншыя абавязкі. Хаця, вядома, цікаўлюся ў настаўнікаў, як там мае. Стараюся данесці да кожнага, што вучоба патрэбна ў першую чаргу яму самому, а не мне, настаўнікам ці бацькам. Цікава, што сучасныя дзеці разумеюць гэта. Ізноў жа, усё залежыць ад бацькоўскага выхавання і жадання самога дзіцяці.
— Чым павінен валодаць малады чалавек, каб адразу было зразумела: з яго вырасце класны баскетбаліст?
— На мой погляд, для поспеху патрэбны тры складнікі: прырода, выхаванне і трэнерскія здольнасці. Менавіта ў такім парадку. У баскетболе без прыродных даных, увогуле, рабіць няма чаго. Павінна быць баскетбольнае ІQ — здольнасць прымаць рашэнні, хутка і правільна. Яго нельга выхаваць, з ім трэба нарадзіцца. І гэта не толькі пляцоўкі датычыцца. Трэба быць дзёрзкім, нахабным. Можна зямлю грызці, у зале жыць, на мячы спаць, але, калі табе прырода не дала здольнасцяў, высокіх вынікаў не дасягнеш. На жаль, гэта так. Вядома, вельмі важна і тое, што заклалі ў дзіця бацькі. У вучылішчы мы развіваем дзяцей у спартыўным плане, а бацькоўскае выхаванне нам дапамагае. Мяне бацька адразу папярэдзіў: калі нехта ў інтэрнаце на мяне паскардзіцца, ён у гэты ж дзень прыедзе і забярэ мяне дадому. І я ведаў, што ён так і зробіць. Таму ў мяне была матывацыя трэніравацца, вучыцца і не даваць нагоды на мяне скардзіцца.
— На ваш погляд, наколькі правільным рашэннем у плане падрыхтоўкі рэзерву было стварэнне на базе РДВАР зборнай U-14?
— У вучылішчы алімпійскага рэзерву павінны быць найлепшыя дзеці. Гэта прапісная ісціна. І мы стараемся ім прывіць не толькі разуменне, што яны найлепшыя, але і адказнасць за гэта. Я сам па сабе максімаліст і здаровы спартыўны максімалізм спрабую прывіць і хлопцам. Так, пакуль у нас няма міжнародных стартаў, цяжка аб’ектыўна ацаніць іх сілы. Але я веру ў гэтых хлопцаў, веру ў іх здольнасці. Калі яны скончаць вучылішча, я буду вельмі па іх сумаваць. Спадзяюся, што кіраўніцтва прыме правільнае рашэнне і гэтую каманду захаваюць, каб яны далей раслі разам. На дадзены момант гэта найлепшыя гульцы, і нельга страціць такую?? каманду. Проста нельга. У іх укладзена вельмі шмат сіл. Пасля трэніроўкі, дзе я выхоўваю іх як баскетбалістаў, настаўнікі, выхавальнікі дапамагаюць выхоўваць у іх асоб. Гэта бясконцая няпростая, але вельмі займальная праца. І яна абавязкова прынясе плён.
Фота Беларуская федэрацыя баскетбола