Top.Mail.Ru

Андрэй Ліпніцкі: Нельга адыходзіць ад міжнародных стартаў

Мінулы сезон для беларускага плавання выдаўся дастаткова складаным і незвычайным. Незвычайнасць заключалася ў тым, што ў лютым праводзіўся пазачарговы чэмпіянат свету. Гэта істотна паўплывала на работу трэнераў і спартсменаў. Чэмпіянат адзначыўся бронзавым медалём Анастасіі Шкурдай на 200 метрах на спіне. Апошні раз беларускія плыўцы прывозілі медалі з чэмпіянату свету на алімпійскіх дыстанцыях у далёкім 2011 годзе. Складанасць мінулага сезона звязана з Алімпійскімі гульнямі, якія павялічваюць адказнасць у разы. Яны для беларусаў атрымаліся хоць і безмедальнымі, але прадукцыйнымі. Аліна Змушко выйшла ў фінал на стаметроўцы брасам, і Анастасія Шкурдай на 200 метрах на спіне. Напрыканцы года быў яшчэ адзін чэмпіянат свету ў 25-метровым басейне, дзе Ілья Шымановіч і Анастасія Шкурдай прынеслі два медалі ў скарбонку нашай зборнай. А яшчэ ў мінулым сезоне нашы плыўцы выступалі на трох этапах Кубка свету, дзе сумарна заваявалі 17 медалёў рознай вартасці. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па плаванні Андрэй Ліпніцкі распавёў «Звяздзе», чаму навучыў мінулы сезон і чаго плыўцы чакаюць далей.


— Андрэй Юр’евіч, якую галоўную выснову вы зрабілі для сябе з мінулага насычанага сезона?

— Мінулы сезон паказаў, што нават ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі спартсмены не страцілі свайго патэнцыялу. На шчасце, на міжнародныя старты нас дапусцілі. Таму цяпер галоўная задача — годна выступаць.

— Каляндар беларуска-расійскіх стартаў застанецца такім жа насычаным?

— Расійскія спартсмены з задавальненнем прыязджаюць на нашы спаборніцтвы, нам падабацца ездзіць да іх. Але за гэты час мы ўжо прызвычаіліся адно да аднаго. Калі выходзіш на старт, ведаючы, на што здольныя твае сапернікі, ужо няма такога спаборніцкага стрэсу, рызыкі. А на міжнародных стартах даводзіцца спаборнічаць з рэкардсменамі свету плюс з вялікай колькасцю невядомых спартсменаў. Там зусім іншы ўзровень падтрымкі трыбун, і, адпаведна, больш стрэсу. Справіцца з усім гэтым даволі складана, але тым цікавей спаборнічаць. На чэмпіянаце свету ўжо раніцай, у папярэдніх заплывах, трэба плыць па максімуме, таму што ўзровень канкурэнцыі і шчыльнасць вынікаў настолькі высокія, што любая дробязь можа не дазволіць прайсці ў наступны круг спаборніцтваў. Мы ўдзячны расійскім партнёрам за дапамогу ў арганізацыі сумесных праектаў і спаборніцтваў. Але нельга адыходзіць ад міжнародных стартаў. Таму на дадзены момант мы разглядаем расійскія старты, у першую чаргу як дадатковую падрыхтоўку для моладзі, праверку рэзерву. А лідарам айчыннага плавання трэба сапернічаць з сусветнымі лідарамі.

— На снежаньскім чэмпіянаце свету ў Будапешце нашы спартсмены ўстанавілі шэсць нацыянальных рэкордаў і заваявалі два медалі. Для вас што больш паказальна: медаль ці рэкорд?

— Нацыянальны рэкорд — гэта рух наперад, медаль — паказчык канкурэнтаздольнасці спартсмена. Вядома, аматары больш ацэняць медаль, бо гэта месца на п’едэстале, а неўзабаве, дай бог, — сцяг і гімн. Але для спецыялістаў нацыянальны рэкорд — гэта паказчык таго, што ў сваім развіцці мы ідзём па правільным шляху. Калі мы плануем падрыхтоўку, мы плануем вынік, які павінен паказаць спартсмен. Планаваць яго ў выглядзе медаля немэтазгодна, паколькі мы дакладна не ведаем аб гатоўнасці сапернікаў. Таму плануем вынік у выглядзе новых нацыянальных рэкордаў. І іх дасягненне паказвае, што ўсё робім правільна.

— Аліна Змушко часта кажа, што ёй увесь час чагосьці не хапае. Мабыць, два чацвёртыя месцы на чэмпіянаце свету гэта пацвярджаюць. Чаго не хапае?

— Кожны спартсмен па натуры максімаліст, ён заўсёды хоча большага. Ёсць бронзавы медаль — хочацца сярэбраны, ёсць сярэбраны — хочацца залаты. На Алімпійскіх гульнях у 2021 годзе Аліна Змушко была ў дваццатцы. У 2024-м ужо выйшла ў фінал Алімпіяды, і ёй крыху не хапіла да бронзавага медаля. Прагрэс відавочны. На чэмпіянаце свету толькі Аліна ўстанавіла тры нацыянальныя рэкорды з шасці. Але, як гэта часта бывае, не «фартанула». Так склаліся абставіны. Мы атрымалі запланаваны вынік, але саперніцы аказаліся мацнейшымі. Ужо ўнеслі пэўныя карэкціроўкі, каб наступным разам быць яшчэ мацнейшымі.

— Прыхільнікам плавання запомнілася дуэль Ільі Шымановіча і Адама Піці, якія перапісвалі сусветныя рэкорды адзін аднаго. У будучыні гэтая дуэль працягнецца?

— У іх барацьбе павінна было нарадзіцца нешта мегакрутое. Але наступіў міжнародны бан... У Піці пачаліся асабістыя праблемы, і ўжо няма тых звышвынікаў. У Парыжы ўсе фіналісты мелі вынікі вышэй, чым у пераможцы мінулых Алімпійскіх гульняў. У гэтым і заключаецца спорт, гульня нерваў. Я вельмі спадзяюся, што ўжо ў наступным сезоне мы зноў убачым супрацьстаянне Ільі і Адама. Як будзе складацца кар’ера Піці, мы не ведаем, але Ілья яшчэ пазмагаецца, несумненна.

— Анастасія Куляшова на чэмпіянаце Беларусі заваявала пяць медалёў за чатыры дні. Гучыць вельмі самавіта...

— Магчымасць стартаваць на розных дыстанцыях адрознівае элітнага спартсмена ад майстра спорту. Вельмі добра, калі ў плыўца ёсць магчымасць выбіраць розныя спосабы і дыстанцыі. Анастасія Куляшова выдатна плавае на спіне, ёй удаюцца батэрфляй і вольны стыль. Яе годнае выступленне на чэмпіянаце краіны — заканамернасць. Моцная, класная спартсменка. Анастасія магла б выступіць і на Алімпійскіх гульнях. Але нарматыў, выкананы на тэрыторыі Расіі ці Беларусі, не ўлічваўся. Анастасія Шкурдай таксама не абмяжоўваецца адным стылем. На Алімпіядзе ў Токіа яна плыла батэрфляем, а ў Парыжы ўжо плыла на спіне, прычым 100 і 200 метраў. Наша задача заключаецца ў тым, каб як мага больш спартсменаў годна выступалі ў розных відах праграмы і на розных дыстанцыях.

— Але брас стаіць асобна?

— У нас ёсць такі жарт «Курыца не птушка, брасіст — не плывец». Гэта тэхнічна вельмі складаны спосаб плавання. Навучыць плаваць брасам можна ўсіх, але брасістам трэба нарадзіцца. Можна рабіць што заўгодна, але калі ты не адчуваеш ваду, не разгортваеш як патрэбна ступні, калі ад прыроды недастаткова рухомыя тазасцегнавыя суставы, брасістам ты ніколі не будзеш. Для гэтага віду плавання неабходная прыродная схільнасць. На шчасце, у нас у камандзе з брасам усё складваецца нядрэнна. У нас ёсць чэмпіён і рэкардсмен свету Ілья Шымановіч. Аліна Змушко, як вядома, спецыялізуецца ў брасе, але пры гэтым у яе дастаткова ўпэўнены комплекс. Спартсменка таксама самавіта выглядае і на дыстанцыях вольным стылем. Брасіст Антон Кнышаў — майстар спорту міжнароднага класа. Вялікія перспектывы ў Ганны Пятруцкай, Ангеліны Малашчанка, Алісы Белай, Уладзіслава Зайко. За брас можна быць спакойнымі.

— А што выклікае занепакоенасць?

— Кроль, напрыклад. Сусветны кроль сышоў вельмі далёка. У гэтым кірунку нам яшчэ трэба шмат працаваць.

— Андрэй Юр’евіч, наогул для таго, каб стаць прафесійным плыўцом, патрэбныя нейкія прыродныя даныя?

— Я лічу, што поспех — гэта пяць працэнтаў таленту і 95 працэнтаў працы. Але з практыкі магу сказаць, што, для таго каб стаць добрым плыўцом, трэба быць ад прыроды высокім, але лёгкім, з добрай рухомасцю ў плечавых, тазасцегнавых, галёнкаступнёвых суставах, з добрым аб’ёмам лёгкіх, пачуццём вады. Патрэбная добрая каардынацыя, якую неабходна развіваць з дзяцінства. Калі ў чалавека з дзяцінства закладзена вялікая рухальная база, яму будзе лягчэй вывучаць новыя рухі, па меры неабходнасці ўносіць карэкціроўкі ў тэхніку рухаў — усё гэта павялічыць яго перспектывы ў плаванні. У краінах з вялікім насельніцтвам, напрыклад у Кітаі, ЗША, Аўстраліі, трэнерам прасцей — яны могуць адбіраць найбольш здольных людзей. У нас жа кожны спартсмен — на вагу золата і з кожным трэба працаваць індывідуальна, раскрываючы яго добрыя якасці і нівеліруючы недахопы.

— Сёння практычна ў кожным раённым цэнтры ёсць басейн. Прафесійнае плаванне адчувае ад гэтага аддачу?

— Шмат басейнаў — гэта выдатна, бо найперш гэта аздараўленне і бяспека нацыі. У краіне, дзе шмат рэк і азёр, людзі павінны ўмець плаваць. Але для развіцця прафесійнага спорту мала пабудаваць басейны — трэба адкрываць на іх базе дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы. Прыцягваць для падрыхтоўкі спартсменаў кваліфікаваных трэнераў і спецыялістаў. Залатых рыбак неймаверна складана знайсці. А яшчэ важна раскрыць іх талент, не фарсіруючы давесці падрыхтоўку да ўзроўню майстра спорту, а затым перадаць у найвышэйшую лігу — нацыянальную зборную краіны.

— Але прыватных школ плавання нямала...

— Іх задача — навучыць дзіця плаваць і зарабіць на гэтым грошай. А дзяржаўная сістэма, сістэма спартыўных школ прадугледжвае адбор, навучанне і далейшае суправаджэнне таленавітай і перспектыўнай моладзі з мэтай фарміравання рэзерву для нацыянальнай каманды. І гэтае пытанне мы, на жаль, упускаем. Басейны — гэта добра, але басейнаў без школ і спецыялістаў мала.

— Басейна міжнароднага класа, адкрытага нядаўна ў Мінску, для развіцця прафесійнага плавання дастаткова?

— Мы атрымалі цудоўны аб’ект, у ім прадугледжана ўсё, што трэба. Цяпер удыхаем у яго жыццё. Маючы такі аб’ект, будзем старацца яшчэ больш, каб радаваць балельшчыкаў, якія прыйдуць сюды на трыбуны. Мы зможам прымаць тут буйныя міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку чэмпіянаты Еўропы і свету. Басейн міжнароднага стандарту адпавядае ўсім нормам для правядзення такіх спаборніцтваў.

Загаловак у газеце: Айчыннае плаванне «не патанула»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю