У экспазіцыі, якая не з’яўляецца часовай, а дапаўняе пастаянную, прадстаўлены папярэднія вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Страшныя знаходкі і факты сведчаць: маштаб трагедыі, якую ў гады акупацыі перажыў беларускі народ, значна большы, чым уяўлялася дагэтуль. Ні адна краіна свету не пацярпела ад фашызму так, як наша Беларусь.
Як падкрэсліў генеральны пракурор Андрэй Швед, такіх маштабаў знішчэння людзей не ведала ні адна дзяржава. «Мы кажам аб тым, што яны (нацысты і іх памагатыя. — „Зв“.) забілі не проста кожнага трэцяга, не проста забілі і зверскі замучылі сотні тысяч ваеннапалонных, яны забілі будучае пакаленне», — адзначыў ён.
Кіраўнік ведамства расказаў, што Генпракуратура завяршыла навуковую работу, якая сведчыць аб тым, што калі б на тэрыторыі нашай краіны фашысты не знішчалі б насельніцтва, беларусаў было б не менш чым 17 мільёнаў. «Аб гэтым таксама трэба казаць. Гэта цана Перамогі», — заўважыў Андрэй Швед.
Генпракурор звярнуў увагу на тое, што невыпадкова ўручэнне пашпартоў дзецям пракурорскіх супрацоўнікаў у межах Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», прымеркаванай да Дня Канстытуцыі, праходзіць у такім знакавым месцы, як Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і сумешчана з адкрыццём новай экспазіцыі аб генацыдзе беларускага народа.
«Сэнс расследавання акурат закладзены ў тым, каб будучыя нашы пакаленні ведалі праўду, — патлумачыў Андрэй Швед. — Гэта праўда — стрыжань, аснова (ідэалагічная, маральная) таго, каб мы ў далейшым як беларусы, нацыя, суверэнная і незалежная дзяржава і далей развіваліся і квітнелі».
Ён нагадаў, што ў апошняй рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны абавязак грамадзян захоўваць гістарычную памяць. І кожны з нас, па яго словах, павінен выканаць гэту вельмі важную місію — даносіць нашым дзецям, унукам праўду аб Вялікай Перамозе, тым, што рабілі на нашай зямлі нацысты і іх памагатыя.
«Трэба з дзецьмі працаваць кожны дзень: пачынаючы з дзіцячага сада, у школе, у ВНУ, — перакананы Андрэй Швед. — Трэба расказваць, паказваць, прымусіць, каб яны думалі над тым, што адбывалася, адчувалі гэта сэрцам, душой. Усё павінна быць нефармальна: трэба шукаць усе магчымыя формы, метады для таго, каб яны ўсвядомілі, якая страшная цана заплачана нашымі продкамі за тое, каб мы жылі, ведалі, што такое фашызм і нацызм, што гэта самая страшная з’ява ў гісторыі чалавецтва. Калі яны гэта адчуюць, усвядомяць, калі пачнуць расказваць сваім равеснікам, а калі вырастуць — сваім дзецям, тады мы з вамі выканалі сваю місію».
Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў адзначыў, што работа, праведзеная Генеральнай пракуратурай у межах крымінальнай справы, мае вялікае значэнне для вывучэння тых падзей, а найперш — для перадачы праўдзівых звестак падрастаючаму пакаленню. «У нас з’явілася ўнікальная магчымасць яшчэ раз зразумець гэту трагедыю, але самае галоўнае — данесці гэта ўсё да наведвальнікаў, — лічыць ён. — Мы зробім усё магчымае, каб мага больш наведвальнікаў музея даведалася аб злачынствах фашыстаў».
Падчас выставы Генеральная пракуратура прэзентавала чарговае выданне — «Генацыд беларускага народа. Злачынствы катаў 118 карнага батальёна». У кнізе сабраны матэрыялы крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, якія раней нідзе не публікаваліся. Кожная старонка, радок пацвярджаюць злачынствы, здзейсненыя фашыстамі на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Спіс бязвінна забітых людзей — дакумент, які не патрабуе дадатковай аргументацыі, яшчэ адзін доказ таму, што, сапраўды, цана за Вялікую Перамогу была заплачана надзвычай высокая.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА