Анонс часопіса «Алеся»
У новым выпуску часопіса вас чакаюць знаемства з Міс Беларусь — 2025 Аленай Кучарук, «Жанчынай года — 2024» у намінацыі «Гаспадыня сяла» Надзеяй Рубан, размова са спецыялістамі пра БАДы, іголкарэфлексатэрапію, восеньскую маркоту, а таксама напамін пра модныя трэнды.
«Усміхайся свету, і свет усміхнецца ў адказ»
Міс Беларусь — 2025 18-гадовая Алена Кучарук з дзяцінства марыла выступаць на вялікай сцэне. Дзеля мары займалася вакалам і фартэпіяна, паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж на спецыяльнасць «Дырыжыраванне (акадэмічны хор)». Пра мадэльную кар’еру нават не думала. Як жа яна трапіла на кастынг галоўнага конкурсу прыгажосці і ці змяніліся яе планы пасля перамогі ў ім, чытайце ў нашым інтэрв’ю з Аленай.
Pужы для «гаспадыні сяла»
Любімыя ружы начальніка вытворчасці прадукцыі абароненага грунту Мінскага РУП «Агракамбінат «Ждановічы», Жанчыны года — 2024 у намінацыі «Гаспадыня сяла» Надзеі Рубан — жоўтыя Penny Lane. Яны звычайна асацыіруюцца з жыццёвай энергіяй, якую адразу ж адчуваеш у Надзеі Аляксееўне. Якія якасці дапамаглі ёй паднімацца прыступка за прыступкай у сваёй прафесіі? Пра гэта даведаліся, паразмаўляўшы з «гаспадыняй сяла» Надзеяй Рубан.
Нязломная Арыядна
Усе, хто ведаў гэту жанчыну асабіста, адзначалі яе сціпласць. Арыядна Казей, сястра Героя Савецкага Саюза Марата Казея, нястомна ўвекавечвала памяць брата, стварыла музей яго імя ў мінскай школе № 28, дзе доўгія гады выкладала беларускую мову і літаратуру. Імя яе брата ведаў кожны савецкі піянер, а пра свой подзвіг яна распавядала мала. Між тым, усё яе жыццё — трыумф мужнасці, сілы духу, нязломнай волі і проста чалавечага аптымізму. Увесь доўгі жыццёвы шлях — а яе не стала ў 2008 годзе — Арыядна Іванаўна прайшла на пратэзах, у час вайны застаўшыся без абедзвюх ног.
Выратаваць чыёсьці жыццё
Рэспубліканская акцыя «Жаночы Саюз дапамагае. Кроў — пацыентаў ратуе» адбылася напачатку восені ў Гарадскім цэнтры трансфузіялогіі ў Мінску. Яна была прымеркавана да Міжнароднага дня дабрачыннасці і падтрымана жанчынамі ў розных кутках нашай краіны.
— Беларускі саюз жанчын у гэты дзень вырашыў правесці сваю акцыю па здачы крыві, — адзначыла старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская. — Каб гэта кроў пайшла на дапамогу, на выратаванне жыцця.
Хочацца дабаўкі
Беспрэцэдэнтныя тэмпы продажаў БАДаў рэгіструюцца па ўсім свеце, і, як прагназуюць эканамісты, у найбліжэйшай будучыні гэты рынак будзе толькі расці. Нутрыцыёлаг Марыя Літвінава расказвае, ці сапраўды «працуюць» БАДы, якія з іх сёння ў модзе і як замест чаканай карысці не нанесці шкоду свайму здароўю.
Эфект іголкі
Сёння гэты метад становіцца ўсё больш запатрабаваным пры самых розных праблемах. Вонкава іголкарэфлексатэрапія, безумоўна, некалькі пужае. Ну што, здаецца, прыемнага ў тым, што ў цябе ўводзяць іголкі? Аднак доказная медыцына не толькі пацвярджае эфектыўнасць гэтага найстаражытнага тэрапеўтычнага метаду, але і звяртае ўвагу на выпрацоўку эндарфінаў і дафаміну (гармона задавальнення) падчас яго правядзення. Пра сакрэты іголкаўколвання расказала ўрач-рэфлексатэрапеўт Клінічнага цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны Вікторыя Данская.
Прэч, восеньская маркота!
Восень для многіх — сінонім смутку, страты энергіі і стомленасці без відавочных прычын. Падобныя праявы лічацца часовымі і звязаны з фізіялагічнымі зменамі. І ўсё ж яны істотна ўплываюць на якасць жыцця. Адной з галоўных прычын «восеньскай маркоты» фізіёлагі называюць памяншэнне натуральнага ўзроўню сератаніну і вітаміну D у арганізме з-за скарачэння светлавога дня. Тлумачым, што рабіць, каб пераадолець непрыемныя праявы і атрымаць асалоду ад гэтай пары года.
Шэкспіраўскае Адраджэнне
Восень-зіма 2025/26 абвяшчае новы трэнд «Shakespeare Core», які абяцае змяніць гардэроб. У трэндзе раскоша, тэатральнасць і паэзія.
Галоўныя акцэнты — жабо, рушы і фальбоны, шчодра ўпрыгожаныя жэмчугам і бантамі. Дызайнеры рэкамендуюць эксперыментаваць з кантрастамі: спалучаць вінтажныя элементы з сучасным кроем, дадаваць карункавыя дэталі і жамчужныя ніткі. Расказваем, як упісаць «Shakespeare Core» ў сучасныя вобразы.
«Версаль» у Жылічах
Мястэчка Жылічы вядома з XV стагоддзя. Яно належала князям Трабскім, Хадкевічам, Сапегам. У XVII стагоддзі тут была ўзведзена крэпасць, але ў XIX стагоддзі яна страціла сваё значэнне. І якраз у гэты час Ігнацій Булгак набыў Жылічы ў Францішка Сапегі. Новыя ўладальнікі на месцы старой крэпасці вырашылі пабудаваць палац. Пра лёс палаца і людзей, якія тут жылі, мы вам і распавядзём.
Заставайцеся з «Алесяй»! З намі цікава!
Вольга Аляксандрава