На гэтым засяродзіў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой падчас абмеркавання сельскагаспадарчых планаў Магілёўшчыны
На гэтым засяродзіў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой падчас абмеркавання сельскагаспадарчых планаў Магілёўшчыны
На пасяджэнні Мсціслаўскага райвыканкама была разгледжана стратэгія развіцця Магілёўскай вобласці па сельскай гаспадарцы да 2030 года.
— Пастаўленыя мэты насамрэч вельмі амбіцыйныя, — паведаміў Дзмітрый Крутой. — Тэмп росту на 35 % за 5 гадоў сёння рэгіёну проста неабходны. Плануецца выйсці на мільён тон малака, захаваўшы пагалоўе кароў, але значна павялічыўшы яго прадукцыйнасць да 6000 літраў надою на адну карову ў год.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу на тое, што павінна быць зусім іншая кармавая база, яе неабходна істотна палепшыць. Другі важны момант — гэта стан жывёлагадоўчых аб’ектаў. Прыкладна трэць жывёлы, заўважыў Дзмітрый Крутой, не знаходзіцца «на сучасных малочнатаварных комплексах, як таго патрабуе Прэзідэнт». Вельмі эфектыўна паказала сябе прынятая праграма па будаўніцтве ў кожным рэгіёне 10 малочнатаварных комплексаў у год. За 2024 год у Магілёўскай вобласці на 10 новых аб’ектах атрыманы цудоўны вынік — на адну карову надаілі 6200 літраў малака ў год.
— Сёлета ў рэгіёне будзе ўведзена 10 МТК — пяць новых і пяць у рэжыме рэканструкцыі, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі. — І на наступны год вось гэту праграму па ўвядзенні 13–15 новых комплексаў за год мы павінны працягваць. У рамках фарміравання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Прэзідэнтам дакладна вызначана, што сучасны АПК будзе заставацца прыярытэтам развіцця краіны ў цэлым.
Другі важны блок, разгледжаны на нарадзе, — падрыхтоўка да зімовага стойлавага ўтрымання жывёлы.
— Прэзідэнтам пасля нарады ў Віцебску быў прыняты шэраг важных рашэнняў па актывізацыі стымулявання гэтай работы, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Перш за ўсё — замацаванне за слабымі гаспадаркамі шэфскіх арганізацый. Па Магілёўскай вобласці гэта 58 такіх прадпрыемстваў.
Найважнейшая праблема, на якую заўсёды звяртае ўвагу Прэзідэнт, — падзеж жывёлы.
— Магілёўская вобласць у гэтым сэнсе выглядае нядрэнна, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Акадэміяй навук сумесна з Мінсельгасхарчам вызначана нарматыўная лічба — не больш за 2,3 % у год. Магілёўская вобласць зараз балансуе на мяжы 3 %. Гэта яшчэ шмат. Але распрацавана, я лічу, вельмі сістэмная і падрабязная праграма паскоранага будаўніцтва прафілакторыяў, стварэння для нованароджаных цялят максімальна камфортных умоў.
Літаральна за два апошнія гады ў Магілёўскай вобласці ўведзена 60 такіх аб’ектаў, плануецца за наступную пяцігодку ўвесці прыкладна столькі ж на 12-15 тысяч жывёл.
Вялікая ўвага ў сельскагаспадарчай галіне ўдзяляецца цэнтралізацыі ўсіх відаў закупак.
— Сельская гаспадарка, на жаль, адна з праблемных у гэтым плане галін, — акцэнтаваў увагу Дзмітрый Крутой. — Апошнія тры гады ў Магілёўскай вобласці гэта работа праводзіцца вялікімі і, я б сказаў, нават паскоранымі тэмпамі. Вядзецца цэнтралізаваная закупка ўгнаенняў, насення, запасных частак для правядзення рамонту тэхнікі, развіваем мехатрады. Пяць мехатрадаў, якія створаны ў Магілёўскай вобласці, лічу, нават у маштабах краіны сёння знаходзяцца на першым месцы.
Станоўчы эфект дало перамяшчэнне жывёлы з гаспадарак, дзе ўмовы ўтрымання былі неналежнымі. У Магілёўскай вобласці вызначана 9 пляцовак, на якія за гэты год ужо перамясцілі 12 000 галоў жывёлы. Гэта дало магчымасць атрымаць дадатковыя прывагі і надоі і спрацаваць з тэмпам 106 %.
Праграмай Магілёўскай вобласці прадугледжана ў 2026–2027 гадах будаўніцтва новых пляцовак, дзе ў спецыялізаваных умовах з правільным кармленнем плануецца атрымаць сярэднясутачную прывагу па буйной рагатай жывёле больш за 700 грам, у свінагадоўлі — больш за 600 грам.
Дзмітрый Крутой паведаміў, што падобныя нарады будуць праводзіцца літаральна кожны месяц. І паралельна, па даручэнні Прэзідэнта, на зімовы перыяд плануецца арганізаваць вучобу кіраўнікоў і работу так званых школ перадавога вопыту, дзе на базе асобных гаспадарак будуць разглядацца цэлыя тэматычныя блокі.
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі лічыць, што Магілёўская вобласць ставіць перад сабой рэальныя задачы.
— Ужо па выніках 2030-га мы павінны атрымліваць больш за мільён тон малака у год і амаль 300 тысяч тон рознага мяса, — рэзюмаваў ён. — Гэта сур’ёзны рост, які дазволіць нават перакрыць лічбу 35 %. Ну і, адпаведна, канешне, гэта дадатковы экспарт прадукцыі. Выконваць названыя амбіцыйныя задачы, якія мы перад сабой паставілі, будзем праз прызму сур’ёзнага будаўніцтва, рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў, адкормачных пляцовак. Калі з фінансаваннем не спатыкнёмся, значыць, усё будзе выканана. Мы сёння знаходзімся на сярэднім узроўні, калі яшчэ лёгка зрабіць сур’ёзны крок наперад.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота аўтара
Мсціслаў