Камітэт дзяржкантролю (КДК) Мінскай вобласці выявіў фіктыўныя пастаўкі будаўнічых вырабаў на аб’екты капрамонту. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе КДК.
Махінацыі выяўлены пры праверцы прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ), якая выступала заказчыкам работ па капрамонце жылых дамоў у Барысаве. Спецыялісты абласнога КДК і Дэпартамента фінансавых расследаванняў звярнулі ўвагу, што на будпляцоўках адсутнічаюць вокны, падаконнікі, адлівы. Пры гэтым, паводле дакументаў, яны нібыта былі ўжо пастаўлены адной з камерцыйных фірмаў, якой за гэта заплацілі больш за Br80 тыс.
Фактычна ж будаўнічыя вырабы на аб’екты не пастаўляліся. Устаноўлена, што работнікі прадпрыемства ЖКГ ведалі аб адсутнасці будаўнічых вырабаў на аб’ектах, аднак падрыхтавалі фіктыўныя дакументы, па якіх камерцыйнай кампаніі пералічаныя дзяржаўныя сродкі.
У дачыненні да заснавальніка фірмы-пастаўшчыка, работніка прадпрыемства ЖКГ і былога дырэктара прадпрыемства распачатыя крымінальныя справы. Першыя двое падазраюцца ў махлярстве, былы кіраўнік — у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Шкода дзяржаўнаму прадпрыемству кампенсавана.