Top.Mail.Ru

Апошні ўрок дырэктара. Ці дырэктару?

У кампаніі людзей пажылых цяпер модна цяжка ўздыхаць ды перастаўляць націск у слове гадЫ, бо яны, калі шмат ды яшчэ з хваробамі, і сапраўды, здараецца, гАды... Не я адна, мусіць, забываюся, што рабіла ўчора вечарам, але добра памятаю тое, што было калісьці, у мінулым стагоддзі. 


Такім чынам...

У Алены Лявонцьеўны, дырэктаркі нашай школы, дзень нараджэння — ёй 55. Мы, калегі, віншуем імянінніцу з самага ранку, яшчэ да заняткаў: уручаем падарунак, шчыра зычым усяго найлепшага.

Трохі пазней, пасля другога ўрока, да ганка, бачым, пад’язджае машына загадчыка РАНА. За рулём ён сам, трэба разумець, таксама з віншаваннямі.

Дзеля іх на вялікім перапынку аб’яўляецца агульны збор — школьная лінейка, на якой госць, шаноўны Ілья Мікалаевіч, вельмі хораша віншуе нашу Алену Лявонцьеўну з прыгожай датай, дзякуе ёй за шматгадовую плённую працу. А далей кажа, што па-чалавечы разумее і вельмі паважае яе жаданне заняцца выхаваннем унучак. І тут жа, не адыходзячы ад касы, як той казаў, зачытвае загад аб... прызначэнні новага дырэктара.

Для ўсяго калектыву гэта — нібы гром на Каляды ці снег на Купалле! Нічога не скажаш: умее начальства рабіць сюрпрызы! І потым — зрабіўшы — з’язджаць, падобна, не спяшаецца. Мы бачым, што машына загадчыка РАНА стаіць у двары, а гэта значыць, што застаецца чалавек у вёсцы, будзе на святочным застоллі.

Па сённяшнім часе ды ў горадзе гаспадыню б гэта зусім не напружыла: паслала б некага ў магазін ці кафэ па гатовыя стравы (калі сама не можа пайсці) і ўсё, а вось тады...

У нашай вясковай краме далікатэсы не прадаваліся. Дырэктарка — даўно ўдава, дзеці далёка, гаспадаркі ніякай. Адкуль відавочна (ва ўсякім разе нам, настаўнікам), што звычайных гасцей, сваіх супрацоўнікаў, яна прыняла б, але ж тут высокі — у асобе загадчыка РАНА...

«Трэба дапамагчы», — скемілі мы і, пашаптаўшыся, размеркавалі, хто што прынясе: той дамашніх «пальцам пханых» каўбасак, той грыбочкаў-агурочкаў, той вяндлінкі... Тады па святах мы часта збіраліся — стол ніколі бедным не быў. Але ж яго яшчэ трэба накрыць. А як? Некаму з настаўнікаў пры начальстве гэтага не даручыш — не адправіш з урокаў. Сама імянінніца таксама адлучыцца не можа.

Прыйшлося папрасіць Ксеню, нашу тэхнічку. Алена Лявонцьеўна падрабязна расказала ёй, дзе што ўзяць, як зрабіць. У тым ліку — любімую закусь Ільі Мікалаевіча — селядзец «пад футрам». Дырэктар сказала Ксені, што ў халадзільніку, апроч іншага, яна ўбачыць звараныя бульбу, моркву, яблык і буракі. Іх трэба натаркаваць, потым у селядзечніцу пакласці сам селядзец, а зверху на яго — паслойна, пад маянэз — гародніну.

Ксеня — кабета старанная, акуратная — трохі разгубілася, але ж сказала, што ўсё зразумела, таму пасля ўрокаў Алена Лявонцьеўна ўжо смела збірала гасцей.

Святочны стол да іх прыходу быў накрыты. Ілья Мікалаевіч перш-наперш уласнаручна замацаваў на сцяне падарунак — прыгожы насценны гадзіннік — і пажадаў, каб ён яшчэ доўга служыў гаспадыні, адлічваў шчаслівыя дні і гады.

Не маўчалі ў хаце і сябры-супрацоўнікі: нешта ўспаміналі, жартавалі, дзякавалі за навуку... І было за што: дырэктар пастаянна наведвала ўрокі, рабіла грунтоўныя разборы, умела далікатна нешта паправіць, падказаць... 

Тыя, каго навучала Алена Лявонцьеўна, не баяліся больш ніякіх праверак, шасцёра з нашых настаўнікаў завочна скончылі інстытуты...

Слова за словам і тост за тостам. Але ж перад шаноўным госцем — яго любімая салата. Ілья Мікалаевіч, бачым, «узброіўся» лыжкай, паспрабаваў нагарнуць — і так, і вось гэтак... Што за ліха? «Футра» не паддаецца, не «рвецца»: з селядзечніцы на яго талерку «цягнецца» ўсё.

За сталом — няёмкая цішыня, але ж, дзякуй богу, нядоўгая: Ілья Мікалаевіч з верху «футра» нагортвае сабе гародніны, дадае дамашняй каўбаскі, пачынае нахвальваць ды нешта распавядаць... Бяседа ідзе далей.

...Пасля яе Ксеня прызналася дырэктарцы, што рабіла тое «футра» першы раз у жыцці, а калі ўлічыць, што ў чужой кватэры, для высокага начальства, у хваляванні і спешцы...

А да ўсяго юбілярка і сама была вінаватай: гародніну сказала здрабніць, а селядзец — не. Таму Ксеня і паклала яго — кавалкам, цэлае філе. Што для нас для ўсіх стала добрым урокам: рэцэпты трэба запісваць дакладна і выконваць строга, каб не было як з тым «футрам».

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск

Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю