13,5 тысячы выпускнікоў, новы фармат і дзесяцідзённыя зборы
23 мая ў сталіцы пройдуць апошнія званкі для выпускнікоў школ. Сёлета мерапрыемствы арганізаваны ў традыцыйным, але абноўленым фармаце, а выпускныя вечары 13 чэрвеня пройдуць адразу на чатырох буйных пляцоўках. Акрамя таго, навучэнцаў чакаюць цэнтралізаваныя экзамены і дзесяцідзённыя вучэбна-палявыя зборы для юнакоў.
«Сёлета апошнія званкі пройдуць 23 мая ў традыцыйным рэжыме. Урачыстая частка пачнецца а 10-й гадзіне раніцы на базе ўстановы адукацыі. А 12.30 усе выпускнікі ўскладуць кветкі да стэлы „Мінск — горад-герой“. А 15-й гадзіне традыцыйна, ужо некалькі гадоў, на базе „Мінск-Арэны“ пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя апошняму званку, куды будуць запрошаны ўсе выпускнікі. Гэта каля 13,5 тысячы выпускнікоў і запрошаных гасцей», — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Ірына Каржова.
Выпускныя вечары ў новым фармаце
Выпускныя вечары пройдуць 13 чэрвеня таксама ў абноўленым фармаце. Спачатку адбудуцца ўрачыстыя часткі на базе непасрэдна ўстаноў адукацыі, а затым другая, забаўляльная частка будзе арганізавана на чатырох буйных пляцоўках сталіцы.
Цэнтралізаваныя экзамены: даты і рэзервовыя дні
Цэнтралізаваныя экзамены пройдуць 26 і 29 мая.
- 26 мая — па васьмі навучальных прадметах на выбар навучэнца.
- 29 мая — па двух прадметах: беларуская або руская мова.
Для навучэнцаў, якія не з’явіліся на цэнтралізаваны экзамен па ўважлівай прычыне, прадугледжаны рэзервовыя дні — 17 і 19 чэрвеня, а таксама дадатковыя тэрміны ў жніўні.
Дзесяць дзён вучэбна-палявых збораў
«Вучэбна-палявыя зборы ў гэтым годзе арганізаваны ў новым фармаце. Яны стартуюць 26 мая і будуць праходзіць на працягу дзесяці дзён (замест ранейшых пяці). Гэта датычыцца ў асноўным юнакоў», — адзначыла Ірына Каржова.
Для юнакоў прадугледжаны дзве формы — з дзённым знаходжаннем — на базе цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі і ўстаноў адукацыі, а таксама з кругласутачным знаходжаннем — на базе воінскіх часцей або Мінскага сувораўскага вучылішча.
Умовы будуць максімальна набліжаныя да палявых. Навучэнцы будуць вучыцца разборцы і зборцы зброі, а таксама іншым навыкам. Па выніках збору выстаўляецца адзнака, з улікам якой навучэнцы пераходзяць у наступны клас, — расказала Ірына Каржова.
Даведка
Поўную інфармацыю аб правядзенні выпускных мерапрыемстваў, цэнтралізаваных экзаменаў і вучэбна-палявых збораў можна атрымаць у адміністрацыях устаноў адукацыі і на сайце Камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Надзея ЗУЕВА