«Родам з дзяцінства» — так можна сказаць пра ўсіх нас, бо ўсё, што мы адчуваем з першых дзён пасля нараджэння, так ці інакш адбіваецца на фарміраванні нашага характару, на адносінах з іншымі, на разуменні, што найбольш каштоўнае ў жыцці. Дзяцінства можа быць вельмі розным, але ў ім аднолькава важныя і маці, і тата, незалежна ад таго, ці прысутнічаюць яны штодня побач. Вікторыя Кляўко напісала пра гэта аповесць «Мая першая Ева», паводле якой Ілья Крук паставіў спектакль у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
Шляхі да шчасця
Гледачы могуць больш ведаць Ілью Крука як артыста — ён ужо некалькі гадоў выходзіць на купалаўскую сцэну ў розных спектаклях, а пачынаў з легендарнай «Паўлінкі». Гэта яго першая паўнавартасная пастаноўка, але падыходзіў да яе ён паступова і менавіта дзякуючы Вікторыі Кляўко. Асабліва зацікаўленыя гледачы маглі раней пазнаёміцца з яе раманам «Вырай» дзякуючы тэатральным чытанням, рэжысёрам якіх таксама выступіў Ілья Крук.
«Мая першая Ева» — складаная гісторыя на мяжы спавядальнасці. Аўтарская мова набліжаная да той, якую мы чуем у жыцці ад сваіх блізкіх у розных сітуацыях. Словы ад імя гераіні-апавядальніцы перацякаюць у выразы тых, хто ўплывае на яе ўчынкі і выбар штодня, і з іх паўстаюць сюжэт і лінія няпростых адносін. Свайго роду плынь свядомасці, ніякіх табе дыялогаў, якія б давалі магчымасць больш проста і натуральна перавесці празаічны твор у драматургічны.
У цэнтры аповеду — дзяўчынка, якая вырасла ў сям’і, дзе маці цягнула адна дзвюх дачок. І ва ўсім быў вінаваты тата, дараваць якому, на думку бабулі, можа хіба што толькі Бог. Але менавіта ад яго дзяўчынка атрымала ў падарунак сваю першую ляльку Еву. А пасля, ужо ў дарослым жыцці, маладая жанчына сама змагаецца за тое, каб стаць маці. Добра, каб усё як у людзей — у шчаслівым шлюбе з кахаючым і клапатлівым мужам. А калі не атрымліваецца? Шляхі да шчасця могуць быць рознымі. Але пункт адліку — у дзяцінстве...

«Нулявы кіламетр»
Складаная аповесць для тэатральнай пастаноўкі, але і ўдзячная — з пункту гледжання тэмы, эмоцый, якія кранаюць за жывое, бо ў кожнага чалавека, напэўна, быў свой «нулявы кіламетр», калі пачаўся адлік яго ўласнага шляху (і гэта неабавязкова момант нараджэння). Чытанне такіх кніг патрабуе ўнутранай работы. А калі гэта ўвасабляецца на сцэне, то каму-нікаму можа нагадваць сеанс псіхааналізу, калі з глыбінь душы ці свядомасці выпаўзаюць нейкія нявыказаныя перажыванні, думкі, незакрытыя гештальты. Толькі варта разумець, што літаральнага пераносу аповесці (з вельмі асаблівым стылем пісьменніцы) на тэатральную сцэну быць не можа, а рэжысёр мае права на сваё адчуванне твора. Таму не трэба здзіўляцца, што галоўную гераіную (маладую жанчыну, паводле аповесці) увасабляе народная артыстка Беларусі Тамара Міронава — як сімвала таго, што на момант расказу яна атрымала пэўны жаночы і наогул чалавечы досвед. А ролю яе маці, наадварот, выконвае маладая актрыса Таццяна Гулевіч — яна такой і была ў вачах дачкі, пакуль тая расла і сталела. Яшчэ адна народная артыстка Беларусі — Зінаіда Зубкова — паўстае ў вобразе клапатлівай бабулі. Яна жадае сваім унучкам лепшай долі, чым у дачкі, якая нічога не паспела дасягнуць, зацяжарыўшы вельмі рана. Але гэта з якога боку паглядзець: яна кахала, а шчаслівае каханне значыць вельмі многа...
Гэта сучасная размова пра сямейныя карані, давер і пошук уласнага голасу. Пра недахоп душэўнай цеплыні, спробы навучыцца чуць адно аднаго. Камерная прастора сцэны робіць гісторыю максімальна блізкай кожнаму гледачу. А лялька Ева злучае мінулае і сучаснасць гераінь, кожная з якіх мае права быць сабой без адчування віны за тое, што нарадзіла і нарадзілася. Бо гэта натуральна, на гэтым стаіць чалавечы свет — той, што пачаўся ад Евы.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА