На пасяджэнні Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі былі зацверджаны змяненні ў правілы рэгістрацыі і экспертызы бяспекі, якасці і эфектыўнасці медыцынскіх вырабаў. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.
Пасяджэнне Савета ЕЭК прайшло ўчора ў анлайн-фармаце. Сёлета ў органах ЕАЭС старшынствуе Беларусь, Савет ЕЭК узначальвае віцэ-прэм’ер Наталля ПЯТКЕВІЧ.
На пасяджэнні Савета ЕЭК былі ўдакладнены працэдуры рэгістрацыі пры неабходнасці ўключэння новага віду медвырабу ў глабальную наменклатуру медыцынскіх вырабаў і ў наменклатуру медыцынскіх вырабаў Еўразійскага эканамічнага саюза. «Адкарэктаваны пералік дакументаў для рэгістрацыі медвырабаў нізкіх класаў патэнцыяльнай рызыкі і для іn vіtro дыягностыкі, — растлумачылі ў ЕЭК. — Прынятыя папраўкі дадуць магчымасць аптымізаваць працэдуру рэгістрацыі і экспертызы медыцынскіх вырабаў, устаноўленую правам ЕАЭС».
Таксама стала вядома, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе ўводзіцца маркіроўка чорнай і чырвонай ікры, веласіпедаў, змазачных масел і антысептыкаў. Адпаведнае рашэнне прынята Саветам ЕЭК. «Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі, разгледзеўшы ініцыятыўныя прапановы Расійскай Федэрацыі, прыняў рашэнні аб устанаўленні агульных правілаў лічбавай маркіроўкі адносна шэрагу новых катэгорый тавараў. У прыватнасці, размова ідзе аб ікры асятровых і ласасёвых рыб, веласіпедах і веласіпедных рамах, асобных відах змазачных масел, змазачных матэрыялаў і спецыяльных аўтамабільных вадкасцяў, касметычнай прадукцыі з антымікробным дзеяннем, а таксама сродкаў дэзінфекцыі», — растлумачылі ў ЕЭК.
«Пашырэнне колькасці тавараў, якія маркіруюцца, сведчыць аб развіцці агульнай сістэмы маркіроўкі саюза, што дае магчымасць пераканацца ў сапраўднасці прадукцыі для спажыўцоў, а таксама павышае канкурэнтаздольнасць добрасумленных удзельнікаў рынку за кошт змяншэння незаконнага абароту», — адзначыў член Калегіі (міністр) па гандлі ЕЭК Андрэй СЛЯПНЁЎ. Ён падкрэсліў, што маркіроўка новых груп тавараў будзе праводзіцца, як і раней, па ўніфікаваных правілах. Пры гэтым улічваюцца палажэнні базавай тэхналагічнай арганізацыйнай мадэлі сістэмы маркіроўкі тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў ЕАЭС, зацверджанай рашэннем Савета ЕЭК ад 5 сакавіка 2019 года. Такім чынам будзе забяспечвацца ўзаемнае прызнанне кодаў, што выключыць неабходнасць перамаркіроўкі тавараў пры іх абарачэнні на тэрыторыі саюза.