У многіх раёнах Беларусі ў нядзелю, 28 снежня, чакаецца ўзмацненне паўночна-заходняга ветру парывамі 15-20 м/с, па захадзе месцамі да 24 м/с, у сувязі з чым аб’яўляецца аранжавы ўзровень небяспекі. Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па метэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Надвор’е ў нядзелю будзе пераважна воблачным. На большай частцы тэрыторыі Беларусі прагназуюцца ападкі, у асноўным снег і мокры снег. У асобных раёнах магчымыя завеі. Ноччу і раніцай месцамі па ўсходзе краіны пройдзе моцны снег, будзе наліпанне мокрага снегу і галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца.
Вецер будзе паўночна-заходнім, у многіх раёнах моцным і парывістым. Яго хуткасць будзе дасягаць 15-20 м/с, а ў заходняй частцы ўзмоцніцца да 24 м/с.
Тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад мінус 3 да плюс 3 градусаў па Цэльсіі.
Атмасферны ціск ноччу істотна не зменіцца, раніцай і днём ён будзе расці.