Выдатны арганіст Аляксандр Фісейскі чарговы раз выступіў у Мінску. Да 340-годдзя з дня нараджэння Іагана Себасцьяна Баха музыкант прадставіў «Арганную месу». Кампазіцыя, якая лічыцца адной з самых грандыёзных, створаных калі-небудзь для аргана, прагучала ў рамках цыкла канцэртаў «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва».
Арганіст, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, прафесар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Аляксандр Фісейскі ў свой час вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Веры Гарнастаевай (фартэпіяна) і Леаніда Ройзмана (арган). Выканаўца, педагог, арганізатар, даследчык, ён іграе на найлепшых арганах свету.
Творчая біяграфія арганіста моцна звязана з імем Баха. Аляксандр Уладзіміравіч вядомы ў тым ліку як адзіны ў свеце музыкант, які рэгулярна выконвае цыкл з 15 канцэртных праграм — менавіта яны ахопліваюць усю арганную спадчыну барочнага кампазітара. Да 250-годдзя з дня смерці Іагана Себасцьяна Баха ў 2000 годзе ён прадставіў адмысловыя серыі канцэртаў, да таго ж чатыры разы выканаў усе арганныя творы нямецкага кампазітара на яго радзіме. А ў Дзюсельдорфе гэты цыкл быў выкананы Аляксандрам Фісейскім на працягу аднаго дня: унікальная акцыя памяці Баха доўжылася практычна без перапынку 19 гадзін. Музыкант правёў за арганам з 6.30 раніцы да 1.30 ночы наступнага дня.
«Арганная меса» ўяўляе сабой Трэцюю частку «Клавірных практыкаванняў» і змяшчае апрацоўкі харальных песнапенняў пратэстанцкага богаслужэння. Цыклічная кампазіцыя стала першым арганным творам, апублікаваным пры жыцці аўтара. Прысвечаны ён святу Тройцы, сімволіка якой пранізвае «Арганную месу». Музыказнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Савіцкая перад выступленнем Аляксандра Фісейскага ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі растлумачыла:
— П’еса не была напісана ў стол — Іаган Себасцьян Бах так амаль ніколі не рабіў. Яна была выканана ў 1739 годзе ў Лейпцыгу — у царкве Святога Фамы на службе, прысвечанай 200-годдзю наведвання горада і правядзення службы ў гэтым жа храме Марцінам Лютэрам. З той урачыстасці прайшло шмат часу — змянілася ўспрыманне падобнай музыкі. Практычна ўсе творы аўтара для аргана з’яўляюцца царкоўнымі, аднак у XX стагоддзі яны сапраўды выйшлі на эстраду. Сёння проста немагчыма выкананне арганнай музыкі ў філарманічных і канцэртных залах без таго, каб не прагучаў той ці іншы шэдэўр Іагана Себасцьяна Баха. «Арганная меса» заняла сваё месца сярод канцэртных твораў. Цалкам яна гучыць амаль дзве гадзіны — два поўныя аддзяленні. Гэта складаная нават з пункта гледжання тэхнічных характарыстык п’еса, падуладная толькі майстру. Нялёгкая яна і ў інтэлектуальных, духоўных, эмацыянальных адносінах. Таму яе выкананне і слуханне — заўсёды падзея.