Top.Mail.Ru

Арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая дапамагае адкрываць старажытны Полацк турыстам і гараджанам

Голас Сафіі

Кожную нядзелю госці старажытнага Полацка імкнуцца далучыцца да ўнікальнай магчымасці паслухаць жывую арганную музыку, голас Сафіі, які дорыць знакамітаму сабору Ксенія Пагарэлая. Яе імя не сыходзіць з гарадскіх афіш, вось і 8 Сакавіка разам са скрыпачкай Вікторыяй Бабенка яны дадуць святочны канцэрт «Усё найлепшае для вас».

Гэты год для салісткі-інструменталісткі канцэртнай залы Сафійскага сабора пачаўся з прыемнай падзеі: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў ёй спецыяльную прэмію за значны асабісты ўклад у прапаганду беларускай музычнай спадчыны і развіццё арганнага выканаўства. За гады, аддадзеныя музыцы, Ксенія Пагарэлая прадстаўляла Беларусь у многіх значных міжнародных праектах. У яе асабістай скарбніцы — медаль Францыска Скарыны, ганаровыя званні «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», «Жанчына года Віцебшчыны», «Жанчына года Полацка», званне лаўрэата абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка.

«Захацелася дыхаць на поўныя грудзі і застацца тут»

На пачатку жыццёвага шляху ўраджэнка Краснадара, выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага Ксенія Пагарэлая за марай іграць менавіта на аргане паехала ажно ва Уладзівасток. Там планавалі пабудаваць арган: цікава, што такі складаны музычны інструмент не проста ўстанаўліваюць, а менавіта будуюць з улікам акустычных характарыстык канкрэтнага памяшкання. Але праект так і не быў рэалізаваны. Праз некалькі гадоў Ксенія атрымала паштоўку ад студэнцкай сяброўкі, першай арганісткі Сафійскага сабора Вівіяны Сафраніцкай. Маўляў, яна пасля абавязковай адпрацоўкі з’язджае з Полацка і прапаноўвае змяніць яе Ксеніі.

— Дзе знаходзіцца Полацк, я нават не ўяўляла, думала, калі сабор Сафійскі, гэта ў Балгарыі, — з усмешкай успамінае суразмоўніца. — Прыехалі з мужам і маленькай дачушкай сюды ранняй вясною. У гэты час у любога месца непрывабны выгляд: чорныя лапіны прагалін, брудны снег, лужыны, вецер... Але як толькі мы падышлі да сабора — быццам апынуліся ў іншым свеце, паветра змянілася, захацелася дыхаць на поўныя грудзі і застацца тут.

Так і выйшла. Вырашальным аргументам стала і тое, што маладой сям’і выдзелілі кватэру. Муж з жонкай працаўладкаваліся ў школах мастацтваў, для іх наступіў час поўнага паглыблення ў любімую справу, творчага ўздыму і самарэалізацыі. Амаль штодня на працягу 38 гадоў Ксенія Пагарэлая падымаецца па крутых прыступках вузкай вітой лесвіцы да свайго аргана — каб рэпеціраваць і заварожваць яго гукамі слухачоў падчас выступленняў.

«У кожнага аргана сваё самабытнае гучанне»

— Музычны інструмент, створаны спецыяльна для канцэртнай залы Сафійскага сабора найстарэйшай чэшскай фірмай Rіeger Kloss, выдатны, — адзначае Ксенія. — Папярэднее вывучэнне акустыкі і будаўніцтва на заказ дазваляе аргану гучаць вельмі арганічна — тут яму хапае прасторы для ўтварэння рэверберацыі. Полацкі арган сярэдняй велічыні, у яго тры ручныя клавіятуры — мануалы, 48 рэгістраў, 3905 труб на трох паверхах. Яго магчымасці дазваляюць іграць музыку любога стылю, і я стараюся давесці да слухачоў шырокія магчымасці ўнікальнага інструмента, а ў кожнага аргана сваё самабытнае гучанне.

Артыстцы даводзілася іграць на гістарычных і старадаўніх барочных інструментах: на майстарскім аргане Зільбермана, які ствараў інструмены для самога Баха, у Хоўкірхе ў Дрэздэне; на выдатным помніку рамантычнага арганабудаўніцтва Ладэгаста ў Замкавай царкве, звязанай з імем рэфарматара Марціна Лютэра, у Вітэнбергу. Яна першы выканаўца-суайчыннік у знакамітым Notre Dame de Parіs.

Вядома ж, слухала Ксенія Пагарэлая арганы ў розных краінах і гарадах, і яе экспертнае заключэнне адназначнае: полацкі кароль інструментаў гучыць выдатна, а сам Сафійскі сабор разам з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй з’яўляецца адной з найлепшых канцэртных залаў у нашай краіне.

Полацк варты адкрыцця

На працягу 30 гадоў па ініцыятыве і пры ўдзеле арганісткі ў лістападзе тут праходзіць Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі», а з нядаўняга часу — адкрыты абласны 

дзіцячы фартэпіянны конкурс «І. С. Бах і ХХІ стагоддзе». Канцэртная зала Сафіі кожны красавік становіцца пляцоўкай Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, пастаянным удзельнікам якога з’яўляецца камерны аркестр «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава, мужа нашай гераіні. Дарэчы, апошнім часам ён з’яўляецца настройшчыкам аргана, разам яны клапоцяцца аб інструменце.

Полацк даўно стаў другой радзімай захопленых музыкантаў, Ксенія Пагарэлая адчувае тонкую атмасферу духоўнасці і натхнення, якой прасягнуты беларускі горад з найбагацейшай гісторыяй. Нездарма гэта зямля — калыска такіх вядомых беларускіх асветнікаў, як Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі.

— У канцэртах я выконваю музыку невядомага іспанскага аўтара XVІІ стагоддзя і чую ў ёй падабенства на творы, сабраныя ва ўнікальным зборніку свецкай музыкі тых жа часоў, вядомым як «Полацкі сшытак». Гэта гаворыць аб тым, што тутэйшыя людзі не менш разумныя і таленавітыя, — даводзіць суразмоўніца.

Мэтай жыцця Ксенія Пагарэлая лічыць дапамогу свайму гораду. Ён варты таго, каб яго адкрывалі для сябе турысты, каб праз новыя веды беларусы ганарыліся сваімі каранямі, а ў іншаземцаў узрастала павага да беларусаў. Жаданы пункт турыстычных праграм пры наведванні Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка — канцэрт арганнай музыкі, а голас Сафіі абуджае сціплая, нястомная, поўная ідэй жанчына-творца.

Арганістка адзначыла, што і Полацк, і Сафійскі сабор значна папрыгажэлі ў апошнія гады. На гэта паўплывалі тыя маштабныя мерапрыемствы, якія праходзілі тут не так даўно: 

ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, ІІІ Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, міжнародны маладзёжны праект «Цягнік Памяці», рэспубліканскі сямейны форум «Размова аб важным». Гасцей стала больш.

— Люблю гуляць па Полацку, бываць у Свята-Ефрасіннеўскім манастыры, любавацца Сафіяй з новага моста, — прызнаецца Ксенія Пагарэлая. — Ведаеце, калі над Дзвіной сцелюцца туманы, а на саборы ўключана архітэктурнае асвятленне, я знаходжу яго вельмі падобным на карабель. Плысці і плысці яму са стагоддзяў у стагоддзі! І гаварыць з людзьмі — праз арган.

Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю