Арганізацыі Мінэнерга ў поўным аб’ёме забяспечылі эканоміку краіны і насельніцтва электрычнай, цеплавой энергіяй, газападобным і цвёрдым палівам. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Аляксей Кушнарэнка падчас нядаўняй калегіі ведамства, на якой былі разгледжаны вынікі работы галіны ў 2024 годзе.
Дзякуючы дзейнасці ўласных энергакрыніц і флагмана энергасістэмы — Беларускай атамнай электрастанцыі ў краіне назіраецца ўстойлівы рост электраспажывання. У мінулым годзе гэты паказчык дасягнуў рэкорднага значэння — 43,2 млрд кВт.г электраэнергіі, гэта на 5 % больш за ўзровень 2023 года, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
— Гэта дае нам дадатковыя магчымасці развіваць электратранспарт, электрыфікацыю жыллёвага фонду, энергаёмістыя вытворчасці. Акрамя таго, для надзейнай работы беларускай энергасістэмы ў мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю пікава-рэзервовыя крыніцы магутнасцю 800 МВт, — адзначыў профільны міністр.
У прыватнасці, колькасць электрамабіляў на дарогах краіны перавысіла 23 тысячы, спажыванне электраэнергіі зараднымі станцыямі вырасла ў два разы і дасягнула 39,6 млн кВт.г.
Таксама на 34 % узрос аб’ём выкарыстання электраэнергіі насельніцтвам для мэт абагравання, і па выніку 2024 года ён склаў 880 млн кВт.г. А за пяць гадоў ён вырас больш чым у 100 разоў.
Акрамя гэтага, Аляксей Кушнарэнка расказаў аб рабоце па электрыфікацыі:
— У сістэме Мінэнерга праводзіцца маштабная работа па мадэрнізацыі электрасеткавага комплексу, каб у поўнай меры задаволіць попыт грамадзян на выкарыстанне айчыннай электраэнергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы. Толькі летась мы выдалі 31 тысячу тэхнічных умоў для падключэння домаўладанняў на гэтыя мэты, задаволіўшы тым самым попыт на 94 %. Пры гэтым пабудавана і рэканструявана каля 3 тысяч ліній электраперадачы.
Кіраўнік Мінэнерга акцэнтаваў увагу і на рабоце праектнага і будаўнічага блока, які закрывае ўнутраныя патрэбы краіны, а таксама працуе за яе межамі:
— Так, наш холдынг «Белгазбуд» актыўна ўдзельнічае ў газіфікацыі расійскіх рэгіёнаў і за 2024 год ужо зарабіў каля 2,5 мільёна долараў, пабудаваўшы больш за 70 км газавых сетак.