Top.Mail.Ru

Арганізацыя харчавання школьнікаў на пастаянным кантролі

Не проста ежа

Праблемы з арганізацыяй харчавання школьнікаў, якія агучыў Прэзідэнт падчас нарады з кіраўніцтвам урада, — адны з тых, што, як называецца, выходзяць з народа. Адпраўляючы дзіця на вучобу (а цяпер нават малодшыя школьнікі праводзяць там ледзь не цэлы дзень), мы хочам быць упэўненыя, што яно не будзе галоднае і не атруціцца ў школьнай сталовай. Таму можна зразумець ролікі абураных бацькоў у сацсетках, якія дэманструюць катлету з плесняй унутры, што атрымаў у школе іх вучань на абед.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Я вас неаднаразова папярэджваў: абкрадаць дзяцей, труціць іх няякаснай ежай — злачынна!»

На нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна, 23 кастрычніка 2025 года


Праблема, сапраўды, калі не паўсюдная, дык дакладна не надуманая. Пра гэта сведчаць маніторынгі Камітэта дзяржкантролю, якія праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны. У цэлым за апошнія некалькі гадоў сітуацыя змянілася ў лепшы бок.

— Аднак кантрольныя мерапрыемствы, якія мы праводзім, усё роўна выяўляюць тыя ці іншыя недахопы, — расказвае намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Андрэй ЛАБОВІЧ.

І першы з іх — недаўкладанне прадуктаў. Падчас кантрольных мерапрыемстваў устаноўлены шматлікія факты парушэнняў тэхналогіі прыгатавання страў, у тым ліку недаўкладання сыравіны. Напрыклад, у адной з сярэдніх школ Магілёва пры прыгатаванні 176 порцый курыных біточкаў з сырам было выкарыстана 

10,8 кг мяса птушкі замест 11,4 кг, прадугледжаных тэхналагічнай картай. У сталовай адной з гімназій Гродна пры пераважванні 23 порцый «нагетсаў» недавага порцыі склала 10,7 %.

— Тыя лішкі прадуктаў, якія ўтвараюцца, правакуюць работнікаў на крадзеж, і такія факты не адзінкавыя, яны ўстанаўліваюцца амаль у кожным рэгіёне краіны. Гэту практыку неабходна выкараняць, — адзначае Андрэй Лабовіч.

Напрыклад, у харчаблоку адной з сярэдніх школ Салігорска падчас маніторынгу знойдзены прадукты, схаваныя ў шафах, сталах, пад спецадзеннем і ў асабістых сумках работнікаў. А гэта ні многа ні мала — 4 кг мукі, 3 кг цукру, 12 літраў соку, 6 пачкаў печыва. У харчаблоку сярэдняй школы Глуска за халадзільнай камерай і на ганку работнікі прыхавалі некалькі пакетаў малака і кефіру, 2 пачкі крухмалу і зефір. Зразумела, што да такіх работнікаў пры выяўленні фактараў крадзяжу прымаюцца меры па прыцягненні да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

У многім дысцыпліна работнікаў, па назіраннях кантралёраў, залежыць ад кіраўніцтва школы.

— Калі дырэктар праяўляе асабістую зацікаўленасць у пытаннях арганізацыі харчавання, наведвае харчаблок, кантралюе работнікаў, то пытанняў у такіх школах амаль не ўзнікае, — дзеліцца назіраннямі Андрэй Лабовіч.

Яшчэ адно вострае пытанне — вялікая колькасць прадуктаў, якія накіроўваюцца ў адходы. Не ўсе дзеці ядуць тую ежу, якая па двухтыднёвым меню гатуецца ў школах. У выніку значная частка прыгатаваных страў проста выкідваецца. Так, у адной з мазырскіх школ пасля прыёму ежы 187 вучнямі 4-6 класаў адходы склалі амаль 40 % (а гэта 11,2 кг з 28,1 кг) грэчневай кашы і 20 % (1,2 кг з 6,1 кг) памідораў. У адной з гімназій Гродна пасля 98 вучняў адходы са шчыльнай масы ежы склалі 9,5 кг (54 %) з адпушчаных 17,6 кг кулінарных вырабаў.

І прычына тут не толькі ў смакавых перавагах школьнікаў.

— Калі размаўляеш з дзецьмі, яны скардзяцца, што ежа недастаткова цёплая ці ўвогуле халодная, а значыць, не адпавядае стандартам, што таксама прыводзіць да ўтварэння адходаў, — аргументуе намеснік старшыні КДК.

Сярод выяўленых парушэнняў і недабраякасная прадукцыя, у тым ліку са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці, якая па недаглядзе работнікаў працягвае захоўвацца ў харча-

блоках. Яна выяўлена, напрыклад, пры праверцы харчаблоку ў сярэдняй школе Шклова. Там захоўваліся паніровачныя сухары з тэрмінам прыдатнасці, які мінуў 125 сутак таму, ёгурт быў пратэрмінаваны на трое сутак, а агуркі ўвогуле былі з прыкметамі цвілі і гнілі.

Трэба сказаць, што парушэнні ёсць як у невялікіх гарадах, так і ў сталіцы. Пры праверцы сталовай адной з сярэдніх школ Кастрычніцкага раёна Мінска недахопы, хоць і нязначныя, таксама былі выяўлены: тэмпература ў халадзільнай камеры не адпавядала нормам, пуставала абсталяванне, якое забяспечвае тэмпературны і вільготнасны рэжымы захоўвання прадуктаў харчавання.

— Усе негатыўныя моманты мы адзначаем і вынікам нашых кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў стануць адпаведныя прапановы па ўдасканаленні арганізацыі харчавання ў школьных установах, — рэзюмаваў Андрэй Лабовіч.

У КДК Гродзенскай вобласці «Звяздзе» дадалі падрабязнасці праверкі 8 устаноў адукацыі, якія праманіторылі ў кастрычніку:

— У адной са школ, напрыклад, устаноўлена, што ў порцыі тушанай капусты і рыбніку недаўкладанне складала да 10 %. Акрамя таго, замест належных двух яблыкаў дзецям выдавалі толькі адно. У іншай школе на абед школьнікам прыгатавалі салату з буракоў з яблыкамі і алеем. Аднак пры праверцы порцый высветлілася, што іх вага не адпавядае норме: недавага порцыі склала 18 грамаў, ці 35 % ад пакладзенай колькасці. У гэтай школе таксама было выяўлена парушэнне тэхналогіі прыгатавання гарачага «па-хатняму». Залішняя вага порцый, за кошт павелічэння вадкасці, у агульным склала 3,5 кілаграма, або 15 % ад агульнага аб’ёму (кажучы па-простаму, далілі вады).

У дзвюх навучальных установах выкарыстоўваўся посуд са сколамі, а на некаторых прадуктах адсутнічала маркіроўка з указаннем тэрмінаў прыдатнасці і ўмоў захоўвання. Акрамя таго, на харчаблоках асобных школ былі знойдзены лішкі прадуктаў, якія не былі выкарыстаны для харчавання дзяцей. У адной з навучальных устаноў гродзенскія кантралёры выявілі грэчку, кансерваваную кукурузу, манныя крупы і муку схаванымі каля рампы сталовай...

Фота прэс-службы КДК


Параканвектары ў кожнай школе і варыятыўнае меню

Сітуацыя са школьным харчаваннем знаходзіцца на пастаянным кантролі, за апошнія гады для яе паляпшэння зроблена нямала — уведзена новае меню, мадэрнізаваныя харчовыя блокі. Аб гэтым гаварыў і міністр адукацыі Андрэй Іванец пасля нарады ў Прэзідэнта. Нашы карэспандэнты на месцах пацікавіліся, што змянілася ў лепшы бок.

— Падчас эксперыменту, які праводзіўся па школьным меню, спрабавалі розныя новыя рэцэпты, тэхналогіі — было апрабавана каля 60 новых страў, — расказвае дырэктар магілёўскага прадпрыемства «Камбінат школьнага харчавання» Аксана Кротава (камбінат арганізуе сняданкі і абеды для навучэнцаў 

42 магілёўскіх устаноў адукацыі). — Праводзілі анкетаванне, бралі ў разлік тыя звесткі, што нам перадавалі ўстановы адукацыі, вывучалі смакавыя перавагі навучэнцаў, працэнт адходаў. Калі бачылі, што страва не падабаецца, мянялі яе на іншую. Распрацавалі новы салат, катлету, выпечку, нешта іншае і, пасля ўзгаднення з санітарнай службай, уключылі ў меню. І так на працягу ўсяго вучэбнага года. Арыентаваліся на розныя школы. Калі да нас звярталася кіраўніцтва нейкай асобна ўзятай установы з просьбай нешта памяняць, рабілі гэта ў індывідуальным парадку.

  • — Практычна ва ўсіх школах ёсць харчаблокі, дзе працуюць нашы работнікі — кухары, буфетчыкі, кухонныя рабочыя, — удакладняе дырэктар. — І гатуюць яны на нашым абсталяванні і з тых прадуктаў, якімі мы іх забяспечваем. Апошнім часам матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў, дзякуючы дзяржаве, абноўлена па максімуме, былі ўдасканаленыя сістэмы вентыляцыі. Калісьці параканвектаматы ўспрымаліся як нешта з вобласці фантастыкі. Сёння яны ёсць амаль у кожнай школе.

Харчаванне навучэнцаў усіх 39 школ і васьмі гімназій Віцебска арганізуе спецыялізаванае прадпрыемства ААТ «ВІТМІЛ», заснавальнікам якога з’яўляецца гарвыканкам. Каля 400 занятых тут спецыялістаў штодня кормяць да 40 тысяч навучэнцаў. Гарачыя абеды атрымліваюць абсалютна ўсе. Для дзяцей ад шасці да дзесяці гадоў прадугледжана адно меню, адзінае па натуральных нормах, але рознае па пераліку страў, ва ўзросце ад 11 да 18 — іншае.

Каб паглядзець, як жа ядуць дзеці, мы зазірнулі ў гімназію № 8. На сняданак прывялі першакласнікаў. Малыя селі за сталы і без разважанняў прыняліся за ежу: залацістыя біточкі «Усходнія», макарону, кавалачак агурка, батон з маслам, чай з лімонам. Пацікавіліся ў выпадковых хлопчыкаў, ці смачна. У адказ: «Вельмі!» Пытаюся: «Але ў мамы дома лепш?» Хлопчыкі здзівіліся: «Не заўсёды...»

Аднак некалькі першакласнікаў елі неахвотна, на пытанне, у чым прычына, атрымалі адказ: «Мама дома пакарміла, мы яшчэ не галодныя». Настаўнікі патлумачылі, што пастаянна нагадваюць бацькам, што не варта падаваць дзецям да школы паўнавартасны сняданак.

«Не буду гаварыць за ўсіх, а нам пашанцавала з арганізатарамі харчавання. Сумленныя людзі, адказныя прафесіяналы, — адзначае дырэктар гімназіі Ігар Шалапуха. — На кухні — парадак, у бракеражнай камісіі няма заўваг да аб’ёму, знешняга выгляду, паху, смаку, колеру, тэмпературы падачы страў. Кожны навучэнец мае магчымасць, як і ўстаноўлена, атрымліваць гарачую ежу праз кожныя чатыры гадзіны, пакуль ён у школе. Працуе буфет, дзе штодня прапануюць свежыя салаты пяці відаў, мясныя, рыбныя, кандытарскія вырабы, выпечку, напоі». У гімназіі пайшлі далей: арганізавалі харчаванне старшакласнікаў па тыпе самаабслугоўвання на прынцыпах шведскага стала.

Як расказала намеснік дырэктара гродзенскай гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Юлія Валько, з лістапада мінулага года ўстанова адукацыі перайшла на новы варыянт харчавання: «Варыятыўнае меню» для навучэнцаў 5–11 класаў. І гэта сістэма вельмі добра сябе зарэкамендавала. Дзеці з вялікім задавальненнем ходзяць абедаць, а колькасць адходаў значна зменшылася. Меню распрацоўвае Гродзенскае гарадское камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Азбука харчавання». Там рацыён складаецца з улікам узросту школьнікаў. У 2023 годзе праведзена маштабнае даследаванне. Быў складзены зборнік страў, якія рэкамендаваны для школьнага харчавання. Потым праводзілася анкетаванне, якое дазволіла абраць тое, што больш за ўсё падабаецца дзецям, — расказала Юлія Валько.

Праца ў сталовай пачынаецца рана, бо накарміць амаль 1000 дзяцей — задача няпростая, але калектыў паспяхова спраўляецца.

— Вядома, выконваюцца ўсе тэхналагічныя і санітарныя нормы. Нам важна, каб усё было не толькі смачна, але і бяспечна для дзяцей. Мы ў калектыве вельмі любім сваю працу і робім яе з вялікім задавальненнем, — адзначыла загадчыца вытворчасці Марыя Якубашка.

Марыя Гуляваценка вучыцца ў 11 класе і з вялікім задавальненнем падзялілася меркаваннем аб школьным харчаванні: «Калі шчыра казаць, я вельмі прыдзірлівая да ежы, мне шмат што не падабаецца, таму да таго, як увялі варыятыўнае харчаванне, я часта не з’ядала тое, што нам прапаноўвалі. Цяпер я магу падабраць тое, што мне сапраўды падабаецца, і гэта добра. Нашы кухары выдатна гатуюць, усё вельмі смачна».

Як бачым, у гэтай праблеме, як і ў многіх, найпершую ролю адыгрывае чалавечы фактар. Скрасці ў дзяцей кілаграм мукі ці пачак круп, падаць ім пратэрмінаваную ці халодную нясмачную ежу... Тут не толькі пра выкананне законаў і норм трэба казаць — хутчэй, пра сумленне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю