Top.Mail.Ru

Аргенцінская газета апублікавала рэцэпт беларускіх дранікаў, назваўшы іх трэндам

Найбуйнейшая штодзённая газета Аргенціны Clarin напісала матэрыял пра беларускія дранікі, у якім указала, што страва зараз перажывае свой зорны час, яны сталі трэндам. Таксама выданне падзялілася рэцэтам дранікаў. Артыкул апублікаваны пад назвай «Як прыгатаваць лепшыя бульбяныя аладкі: беларускі рэцэпт, які заваяваў сэрцы амерыканцаў». Пра гэта паведамляе БелТА.


«Традыцыйныя ўсходнееўрапейскія рэцэпты перадаваліся з пакалення ў пакаленне на працягу дзесяцігоддзяў, але некаторыя з іх перажываюць свой зорны час, калі перасякаюць межы і адаптуюцца да новых кухняў. Менавіта гэта адбылося з беларускімі бульбянымі аладкамі — простай стравай, якая стала папулярнай у Злучаных Штатах дзякуючы свайму насычанаму смаку і хрумсткай тэкстуры», — гаворыцца ў публікацыі.

Выданне таксама піша, што прыгатаваная на патэльні бульба ператвараецца ў дыск, залацісты звонку і далікатны ўнутры. У адрозненне ад салодкіх блінцоў, гэты несалодкі варыянт цалкам заснаваны на бульбе. Страва ідэальна падыходзіць для ўжывання ў чыстым выглядзе ці з рознымі начыннямі.

Поспех гэтага рэцэпта, на думку аўтараў артыкула, заключаецца ў яго ўніверсальнасці. Яго можна падаваць як сытны сняданак, хуткі абед ці лёгкую вячэру. Беларускія бульбяныя аладкі падыходзяць як для асноўнай стравы, так і ў якасці гарніру, яны лёгка адаптуюцца да інгрэдыентаў, якія ёсць на любой кухні. Гэта практычнасць з’яўляецца ключом да разумення таго, чаму так шмат людзей у Злучаных Штатах пачалі гатаваць дранікі і дзяліцца гэтым рэцэптам.

Бульбяныя аладкі сталі трэндам. Яны пераклікаюцца з шырэйшай тэндэнцыяй: вяртаннем да простых, утульных рэцэптаў з выразнымі каранямі. У свеце фастфуду гэта хатняя страва «прапануе цёплыя і шчырыя ўражанні, дзе акцэнт робіцца на інгрэдыентах, а тэхніка прыгатавання даступная кожнаму». 

Выданне дзеліцца са сваімі чытачамі рэцэптам дранікаў, які прапануе міжнародны кулінарны блог Foreign Fork. Адзначаецца, што важна падчас прыгатавання дранікаў дабіцца залаціста-карычневай, шчыльнай скарыначкі і мяккай мякаці ўнутры, захоўваючы пры гэтым вясковы характар стравы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю