У егіпецкім Луксоры знойдзена старажытнае пахаванне ўзростам каля трох тысяч гадоў. Адкрыццё здзейснілі археолагі з Лейдэнскага ўніверсітэта падчас работ у фіванскім некропалі Шэйх-Абд-эль-Курна. Грабніца належыць чалавеку па імені Пасер і адносіцца да перыяду праўлення Рамесідаў — XIX-XX дынастый Старажытнага Егіпта, паведамляе БелТА.
Збудаванне знаходзіцца на ўсход ад ужо вядомага навукоўцам пахавальнага комплексу і адлюстроўвае кананічную структуру прыватных пахавальняў Фіў эпохі Новага царства — у яе склад уваходзяць адкрыты двор, капліца ў форме перавернутай літары «Т» і размешчаныя пад зямлёй пахавальныя памяшканні. У межах двара ацалелі асобныя архітэктурныя дэталі: лава з сырцовай цэглы, прызначаная для ўстаноўкі стэлы, а таксама лесвіца са скошанымі пандусамі.
Сцены капліцы ўпрыгожаны роспісамі і тэкстамі: на іх знойдзена імя Пасера, а таксама прадстаўлены кампазіцыі, дзе ён намаляваны падчас рытуалаў шанавання бажаствоў і разам з жонкай каля стала з дарамі. Цяпер даследчыкі маюць намер устанавіць асобы ўсіх пахаваных у грабніцы людзей і даведацца больш аб іх жыцці.
Луксор лічыцца адным з найважнейшых археалагічных цэнтраў свету. Выяўленая грабніца з’яўляецца часткай даследчага праекта, які вядзецца з 2018 года. Летась пасля больш чым 20-гадовай рэстаўрацыі для наведвальнікаў зноў адкрылі буйную грабніцу фараона. У ёй захаваліся роспісы з выявай Аменхатэпа III, які кіраваў Егіптам прыблізна ў 1390-1350 гадах да нашай эры, а таксама старажытнаегіпецкіх багоў. У пачатку года ў правінцыі Бухейра археолагі знайшлі прадметы матэрыяльнай культуры на ўчастку грэка-рымскага некропаля, якому налічваецца больш за 2,3 тыс. гадоў.