Top.Mail.Ru

Архіўная памяць. Да 130-годдзя аднаго з найбольш яркіх заснавальнікаў беларускай кніжнай графікі Анатоля Тычыны


Праз параўнальна кароткі адрэзак часу, 11 мая 2027-га, — 130-годдзе аднаго з найбольш яркіх заснавальнікаў беларускай кніжнай графікі Анатоля Тычыны (1897—1986). Асобная частка творчага жыцця мастака-доўгажыхара прысвечана працы над экслібрысамі і даследаванню гісторыі беларускага кніжнага знака. У 1975 годзе выдавецтва «Беларусь» выпусціла складзеную А. Тычынам і В. Шматавым кнігу «Беларускі кніжны знак». Анатоль Мікалаевіч у 1920—1940-я вырабіў каля 20 кніжных знакаў. Вяртаўся да працы над экслібрысамі і ў пасляваенныя гады. І па меры сіл, магчымасцяў пісаў кароткія нататкі пра беларускі кніжны знак.

Развагі мастака

У Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва поруч з эпісталярыяй, адрасаванай А. Тычыну, іншымі дакументамі з яго прыватных збораў захоўваюцца чарнавыя накіды. Лісты, спісаныя дробным почыркам, па-свойму цікавыя і дапамагаюць праліць святло на апошнія паўтара-два дзесяцігоддзі ў жыцці мастака. 


Ёсць і складзеная самім Анатолем Мікалаевічам бібліяграфія зробленага ім як даследчыкам, мастацтвазнаўцам. З занатаванага Тычынам даведваемся, што ў 1929 годзе ён выступіў у часопісе «Беларускі піонэр» (сённяшняя «Бярозка») з артыкулам «Падарожжа па Каўказе». 17 снежня 1960 года маскоўская газета «Советская культура» друкуе яго артыкул «Экслибрис. Размышления художника». У запісцы А. Тычыны так і пазначана: «...Размышления художника...» Насамрэч, артыкул называецца «Экслибрис. Размышления художника на выставке книжных знаков». Мне здаецца, публікацыя гэтая была даволі важнай для Анатоля Мікалаевіча. Па-першае, артыкул выйшаў у газеце, якая лічылася друкаваным органам ЦК Кампартыі Савецкага Саюза. Па-другое, у той перыяд мастака не дужа ўшаноўвалі ў Саюзе мастакоў. Падчас акупацыі Мінска А. Тычына знаходзіўся ў горадзе. Нават удзельнічаў у выстаўцы, арганізаванай акупацыйнымі ўладамі. 

Аднак ці не самае галоўнае: кніжны знак у Беларусі і большасці іншых савецкіх рэспублік, за выключэннем хіба што Эстоніі, знаходзіўся фактычна ў заняпадзе. Так, графікі нешта сабе рабілі, кантактавалі з бібліяфіламі, але ж шырокага прыняцця экслібрыса не было. 

З мінулага беларускага кніжнага знака

У № 5 за 1961 г. часопіс «Маладосць» друкуе артыкул А. Тычыны «Кніжныя знакі». У 1968 г. мастак складае каталог «Белорусский книжный знак», піша ўступны артыкул. Каталог выходзіць у выдавецтве «Полымя». У 1972 годзе Анатоль Мікалаевіч рыхтуе даклад «Белорусский экслибрис» да 165-га пасяджэння Маскоўскага клуба экслібрыса, прымеркаванага да 50-годзя заснавання СССР. У гэтым самым годзе ў Мінску выходзіць другі выпуск зборніка «Из истории книги, библиотечного дела и библиографии», дзе А. Тычына выступае з тэзісамі «К истории белорусского экслибриса». Праз год бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» змяшчае артыкул мастака «Беларускі экслібрыс XVII–XIX стст.». І нарэшце ў 1975 г. выходзіць кніга «Беларускі кніжны знак». Міністэрства культуры БССР, выдавецтвы замаўляюць Анатолю Мікалаевічу так званыя «ўнутраныя рэцэнзіі» на кнігі па мастацтвазнаўстве, ацэнку ілюстравання дзіцячых кніг. Аўтарытэту творцы давяраюць. 

І ўвесь час Анатоль Тычына, нягледзячы на ўзрост, працягвае працаваць. Стварае новыя экслібрысы, лістуецца з калекцыянерамі і аўтарамі кніжнага знака, адгукаецца на розныя ініцыятывы. 


У БДАМЛІМ захоўваюцца чарнавыя накіды тых лістоў, якія Анатоль Мікалаевіч рыхтаваў да адпраўкі Сяргею Фарцінскаму, Адаму Мальдзісу, іншым сваім карэспандэнтам. Нагадаем, што доктар юрыдычных навук, прафесар Вышэйшай школы Міністэрства ўнутраных спраў СССР Сяргей Фарцінскі лічыўся ўладальнікам адной з буйнейшых калекцый экслібрыса ў Савецкім Саюзе. Да 1970 года калекцыя налічвала 30 тысяч кніжных знакаў. Мяркуючы па чарнавым накідзе, А. Тычына ў адным са сваіх зваротаў да калекцыянера ставіць даволі спрэчнае пытанне, якое патрабуе ўвагі, шырокага разгляду:

 «Некоторые наши белорусоведы-историки считают, что книжные знаки библиотек, принадлежащих князьям Радзивиллам, Сапегам и другим родовитым и владетельным семьям, являются белорусскими и объясняют это местонахождением, как библиотек, так и владельцев их. Мне кажется, что такой взгляд является неверным. И является искажением исторических фактов. А как быть при постановке такого вопроса с экслибрисами кн. Паскевича, у которого была прекрасная библиотека во дворце в гор. Гомеле. А Гомель с давних пор считался территорией Белоруссии. Или гр. Зубова, у которого поместья были разбросаны на землях Литвы и Белоруссии. А ведь кроме вышепоименованных лиц на этих же землях было еще очень много титулованных и не титулованных владельцев библиотек, имевших экслибрисы. Это Тышкевичи, Огинские, Чапские (библиотека в Минске), Барановские и много, много других. 

Сложности определения заключаются еще и в том, что на экслибрисах тексты выполнялись или на польском, или на латинском языках и владельцы их по вероисповеданию в большинстве были католики, и поэтому считали себя поляками... Мне думается, что будет правильным считать такие экслибрисы, датированные до 1917 г., как экслибрисы библиотек, которые находятся в Белоруссии, без указания их национальной принадлежности. Исключение может быть сделано только что белорусским (если владелец или исполнитель были белорусы). Сюда, бесспорно, могут быть причислены экслибрисы белорусам, жившим и живущим сейчас в Литве, Латвии и других республиках. Как, например, библиофиловБ. Эпимах-Шипилы, Р. Земкевича, В. Ластовского... <...> Не знаю, прав ли я в своих суждениях. Но думаю, что да. Очень хотелось бы по этим вопросам услышать Ваше мнение». 

Ці наспеў час?..

Чарнавыя накіды дазваляюць праліць святло на некаторыя істотныя акалічнасці. Напрыклад, у дачыненні да біяграфіі скульптара Аляксандра Грубэ, які больш як 20 гадоў працаваў у Беларусі, часам гаворыцца, што творца «з’яўляўся членам Усебеларускага таварыства бібліяфілаў, займаўся стварэннем кніжных знакаў. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і сёння экслібрыс мастака можна пабачыць на будынках Інстытута беларускай культуры». Чытаем у рукапісе А. Тычыны: 


«...В свое время в Вашей статье-оттиске из сборника „Книга, исследования и материалы“, том 2 — 1960 г., стр. 351, ошибочно мне был приписан кн. знак работы скульптора А. Грубе, выполненный им для Барановского (красноармеец разбивающий решетку). Это единственный знак, выполненный нашим скульптором, который сейчас живет в Москве. Автором этого кн. знака я никогда не был. И в печати он ошибочно под моей фамилией. И у меня мысль: а что, если он снова будет помещен и присвоен мне!..» 

Ёсць цікавы запіс і пра повязь беларускага кніжнага знака з Кітаем... «...В 1930-х или 20-х годах в Китае была выставка белорусской графики. И на ней также были представлены книжные знаки Минина, Юдовина и других художников... <...> об этом упоминает в своей книге Лу-Синь...» 

Лу Сінь — вядомы кітайскі пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец. Прафесар Пекінскага ўніверсітэта ў 1919–1920 гг. Творчасць сваю прысвяціў у асноўным жыццю простых людзей. Незадоўга да смерці быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У 1956 годзе ў Мінску ў перакладзе на беларускую мову пабачыла свет кніга Лу Сіня «Апавяданні».

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю