Новая нафтагазавая эпоха
А самае цікавае, дакладней — драматычнае, на еўрапейскім паліўным рынку толькі пачынаецца. У красавіку ЕС можа сутыкнуцца з недахопам энергіі і паліва, калі па Армузскім праліве не адновіцца рух у ранейшым тэмпе. Гэта меркаванне генеральнага дырэктара Shell Ваэля Савана на міжнароднай канферэнцыі па нафтавай прамысловасці ў Тэхасе. Сакавіцкі дэфіцыт і ўсплёск каціровак былі выкліканыя спекуляцыямі, замяшанымі на трывожных чаканнях. Фізічныя аб’ёмы вуглевадародаў для задавальнення бягучых патрэб, па вялікім рахунку, былі ў наяўнасці. Але ў наступным месяцы будзе адчувацца ўжо фізічны недахоп вуглевадародаў і, адпаведна, вытворных з іх.

У сакавіку танкеры і газавозы працягвалі разгрузку ў еўрапейскіх партах. Плаванне вялікіх караблёў з Персідскага заліва да берагоў старога свету займае 3-5 тыдняў. Армузскі праліў закрыўся, але дзясяткі караблёў з блізкаўсходнімі вуглевадародамі ўжо знаходзіліся за межамі Персідскага заліва. Іх плаванне падыходзіць да канца. Па даных Shell да прыбыцця апошніх танкераў засталося дзесяць дзён. Адпаведна, у красавіку не будзе нафты ўжо фізічна. І тут пытанне не кошту, а наяўнасці рэсурсу ў прынцыпе.
Члены Міжнароднага энергетычнага агенцтва (куды ўваходзіць 32 краіны) яшчэ 11 сакавіка дамовіліся вызваліць са сваіх стратэгічных рэзерваў 400 мільёнаў барэляў нафты для барацьбы з высокімі цэнамі. Гэта — рэкордныя аб’ёмы, якія калі-небудзь выкідваліся на рынак са стратэгічных рэзерваў. Але пры нармальным стане і прымальных цэнах сусветнае спажыванне нафты складае больш за 100 мільёнаў барэляў у дзень. Праз Армузскі праліў праходзіла штодня каля 20 мільёнаў барэляў. Словам, якраз на тры тыдні хапае, каб закрыць аб'ёмы, што выпалі. І гадзіннік пачаў цікаць.
На самай справе Еўропа ў меншай ступені, чым Азія, залежыць ад блізкаўсходняй нафты. Асноўныя аб’ёмы сваіх выкапняў манархіі Персідскага заліва пастаўлялі ў Індыю, Паўднёва-Усходнюю Азію і Ціхаакіянскі рэгіён. Там ужо разгортваецца вельмі магутны энергетычны крызіс. Штодзённы імпарт ЕС складае каля 10 мільёнаў барэляў нафты. З іх толькі 1,5-2 мільёны прыпадае на блізкаўсходнюю нафту. Але іх адсутнасць таксама ставіць пад сумненне бесклапотнае і камфортнае жыццё еўрапейцаў.

Некалькі складаней ідзе справа са звадкаваным прыродным газам. Лідарам яго паставак лічыцца ЗША — доля больш за 50 %, каля 16 % прыпадае на Расію і толькі 8-10 % — на Катар. З аднаго боку — не так ужо і шмат. З іншага — кантракты з вытворцамі Персідскага заліва дазвалялі дыверсіфікаваць пастаўкі. З пачаткам баявых дзеянняў еўрапейская энергетыка ў яшчэ большай ступені трапляе ў залежнасць ад ЗША. Вядома, у кожнай краіны свая структура імпарту энерганосьбітаў. Адны дзяржавы пацярпелі больш: скажам, Грэцыя больш за траціну нафты набывала на Блізкім Усходзе. На іншых канфлікт аказвае меншы ўплыў, як на Германію, у структуры імпарту якой доля Персідскага заліва займала толькі 7 %. Але тэарэтычна рынак ЕС адзіны. Хоць крызісныя сітуацыі могуць стварыць перадумовы для сепаратнай паліўнай палітыкі. Да гэтых непрыемнасцяў дадалося яшчэ спыненне магістральнага нафтаправода «Дружба». Словам, так сабе гісторыя.
І як на яе фоне павядуць сябе нафтагазавыя каціроўкі — складанае пытанне. Меркаванні экспертаў падзяліліся. Адны сцвярджаюць: нафта па 200 долараў за барэль недалёкая рэальнасць, бо канфлікт зацягнуўся. І нават калі ён скончыцца, то пастаўкі ў поўным аб’ёме адновяцца толькі праз некалькі месяцаў. Іншыя заяўляюць: свет не раз сутыкаўся з энергетычнымі шокамі і заўсёды спраўляўся, падладжваючы эканоміку пад новыя рэаліі. Здарылася ж эмбарга арабскіх краін нафты саюзнікам Ізраіля ў 1973 годзе. Яно скончылася ў 1974 годзе, але свет ужо стаў іншым.
Сёння многія магчымасці энергазберажэння ўжо вычарпаныя. Мабыць, пасля прыходу апошніх танкераў еўрапейцам прыйдзецца эканоміць на фізічным спажыванні энерганосьбітаў, што вельмі непрыемна. Як і праблемы ў Азіі: скарачаецца рынак для экспарту еўрапейскіх тавараў. Словам, наступствы Армузскага крызісу для эканомікі толькі пачынаюцца.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ