Top.Mail.Ru

Аршанка Аксана Ражанская страціла магчымасць хадзіць, але набыла крылы

Да 20 гадоў Аксана вяла звычайны лад жыцця, які характэрны ўсім маладым дзяўчатам: вучылася, займалася вакалам, танцавала. Яе жыццё перавярнуў усяго адзін дзень, які падзяліў далейшае існаванне на «да» і «пасля»: дзяўчына, мыўшы акно, выпала з дзявятага паверха. Сусед, які стаў сведкам трагедыі, аператыўна выклікаў хуткую дапамогу, урачам удалося выратаваць Аксану.


Аднак з бальніцы праз чатыры месяцы яна выйшла не на сваіх нагах, а на інваліднай калясцы…

Акрамя магчымасці хадзіць, дзяўчына страціла і памяць, але праз некаторы час тая паступова вярнулася. Як і ўсведамленне таго, што жыццё больш ніколі не будзе ранейшым, трэба звыкацца з новай рэальнасцю, вучыцца жыць нанава. Маці Аксаны ў прамым сэнсе насіла яе на руках, карміла з лыжкі. Двухгадовага сына дзяўчыны забралі на выхаванне ў апякунскую сям’ю, але Стас рэгулярна наведваў і цяпер наведвае маці, за што Аксана вельмі ўдзячна яго прыёмнай сям’і.

Зразумеўшы, што чалавек сам будуе свой шлях у незалежнасці ад складаных абставін, маладая жанчына стала наведваць Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна, у якім знайшла сяброў і аднадумцаў, а таксама прайшла ў аддзяленні абілітацыю да працоўнай дзейнасці і атрымала спецыялізаванае працоўнае месца. Аксана стала барыстай у першай у паўночным рэгіёне інклюзіўнай кавярні «Добрая кава», персанал і наведвальнікі якой — людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Тое, што ў яе з’явілася афіцыйная праца (што для людзей з інваліднасцю — вялікая праблема), Аксана лічыць сваім галоўным дасягненнем за апошнія 13 гадоў. Вопыт работы ў кавярні застаўся ў мінулым: жанчына асвоіла ганчарнае рамяство ў цэнтры народнай творчасці ў Копысі і цяпер вядзе гурток для дзетак на базе ТЦСАН.

Вялікую ролю ў вяртанні любові да жыцця для Аксаны адыграла знаёмства з аршанкай Марынай Шайдо, таксама калясачніцай. Яе аптымізму і бадзёрасці духу могуць пазайздросціць многія здаровыя людзі. Марына прапанавала Аксане звярнуць увагу на бальныя танцы. Першыя трэніроўкі праходзілі на базе танцавальна-аздараўленчага цэнтра Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам, які размяшчаецца ў Калодзішчах. У 2023 годзе Аксана Ражанская заняла першае месца ў першым класе ў праграме «Сінгл» на VІ Міжнародным танцавальна-парашутным фестывалі маладых інвалідаў-калясачнікаў. Танцамі на калясцы, якая замяніла дзяўчыне ногі, яна працягвае займацца і цяпер.

Дарэчы, менавіта на тым фестывалі два гады таму яна здзейсніла свой першы скачок з парашутам. Вядома, у тандэме з інструктарам. «Вельмі захацелася перасіліць сябе. Тады ад жаху на вышыні 3,5 тысячы метраў заплюшчыла вочы, не ўбачыла ўсёй прыгажосці нашай сінявокай Беларусі. Але выправілася ў мінулым годзе, здзейсніла другі, ужо ўсвядомлены, скачок. Гэта неперадавальныя эмоцыі!» — успамінае Аксана аб сваім неймаверна смелым учынку.

Вось так, страціўшы магчымасць хадзіць, чалавек набыў нешта большае: прагу да жыцця, новых сяброў-аднадумцаў і, безумоўна, крылы.

Фота з архіва гераіні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю