У Віцебску 27 лютага пройдзе інтэрактыўны мультыжанравы фестываль #СУПРЕМSTORM_ночь. Пра гэта БелТА паведамілі ў Цэнтры культуры «Віцебск».
Фестываль прысвечаны Казіміру Малевічу і творчаму аб’яднанню УНОВІС. Ключавыя яго мерапрыемствы пройдуць у канцэртнай зале «Віцебск» з 16.00 да 0.00. Галоўнай падзеяй стане арт-батл «Сігнал Малевіча», у якім возьмуць удзел як прафесійныя мастакі, так і таленавітыя студэнты. Тут жа ахвотныя змогуць наведаць урачыстае адкрыццё галерэі-лесвіцы, адкрытую калажную майстэрню «УНОВІС ХХІ», дзе можна будзе не толькі паназіраць за стварэннем твораў, але і самому навучыцца рабіць уласны калаж. Гасцям будуць прадстаўлены перформансы «Метраном» маладзёжнага тэатра «Кола» і «Хуткасць ветру» Грэгара Гудкова. Як расказалі арганізатары, гэта будзе дыялог з часам, які мастак будзе весці пэндзлем у прысутнасці гледачоў, ствараючы работу на чатырох палотнах вышынёй у тры метры. Прэм’ера фестывалю — перформанс «Чорны квадрат, белы гук» маладзёжнага тэатра «Кола», які на працягу многіх гадоў звяртаецца да спадчыны Казіміра Малевіча.
Фестываль мае крэатыўны музычны складнік.
У прасторы «Культурны код» канцэртнай залы можна будзе наведаць арт-кавярню і пакаштаваць аўтарскае супрэматычнае меню.
У рамках фестывалю адбудзецца абсалютна новая падзея — #СУПРЕМНОЧЬ_музеев. Установы культуры абласнога цэнтра адкрыюць свае дзверы для асаблівага дыялогу з наведвальнікамі з 19.00 да 23.00. У Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча пройдуць «ЅuрremКВЕСТ_ночь», выступленне паэтычнага клуба «Даже» з футурыстычнымі творамі прызнаных паэтаў, кінавечар, прысвечаны творчаму аб’яднанню УНОВІС, музычны фрыстайл Vitas vitae. Мастацкі музей падрыхтаваў прэзентацыю фестывалю #СУПРЕМSTORM_ночь, выставы «Віцебскі мастак. Легенды», Мікалая Дундзіна «Вера. Надзея. Каханне», выставу адной карціны ў рамках аўтарскага праекта мастака-рэстаўратара Юрыя Кегелева «Рэстаўрацыйная майстэрня».
Фінальным пунктам фестывалю стане фаер-шоу на пляцоўцы перад цэнтральным уваходам канцэртнай залы «Віцебск» у 23.30.