14 ліпеня ў сталіцы, на тэрыторыі стадыёна сярэдняй школы № 86, урачыста адкрылі два сучасныя тэнісныя корты Tigerhood, створаныя пры падтрымцы міжнароднага спартыўнага медыя FIRST & RED. Канцэпцыя іх дызайну натхнёная характарам першай ракеткі свету Арыны Сабаленка, якая менавіта тут вучылася і пачынала свой вялікі спартыўны шлях.
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ адзначыў, што ўрачыстае мерапрыемства аб’яднала ў Мінску ўсіх аматараў тэніса. «Для спартыўнай школы Арына зрабіла падарунак, таму што ў самыя кароткія тэрміны былі ўстаноўленыя новыя корты, якія акажуць далейшае садзейнічанне папулярызацыі тэніса, бо ў нас у краіне, у горадзе яго аматараў вельмі шмат. Школа, якая доўгія гады функцыянуе, дала пуцёўку ў жыццё многім маладым спартсменам, у тым ліку Арыне Сабаленка. Яна сёння — першая ракетка свету, якая праслаўляе нашу краіну на сусветных арэнах».
Першая ракетка свету Арына САБАЛЕНКА адзначыла, што на мерапрыемстве прысутнічала шмат дзетак, якія падтрымліваюць і даюць спартсменцы сілы на вялікіх арэнах. «Дзякуй вялікі FIRST & RED, мэру за тое, што падтрымалі гэту ідэю. Калісьці я скончыла „Змену“ (гарадская школа тэніса. — „Зв.“), пачынала тут і дайшла да самай вяршыні спорту. Спадзяюся, што такія прыгожыя корты дапамогуць нарадзіцца новым зоркам, якія будуць скараць вяршыні тэніса разам са мной і пасля мяне».

Упэўнены, новая інфраструктура будзе актыўна выкарыстоўвацца маладымі спартсменамі і аматарамі тэніса.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ