Часам карысна на час выйсці з звыклай ролі, каб нагадаць: талент не абмяжоўваецца адной сферай. Другая ракетка свету Арына Сабаленка выйшла на подыум у рамках шоу Vogue World, якое адкрыла тыдзень моды ў Мілане.
Беларуска прадставіла трэці акт пад назвай «Зроблена ў Італіі». Яна з’явілася ў аблягальнай сукенцы ад Gucci, створанай крэатыўным дырэктарам моднага дома Дэмнай Гвасаліяй, — глянцавай, з высокім каўняром і доўгімі рукавамі, у насычаным шакаладным адценні. Пазней Сабаленка вярнулася на подыум разам з астатнімі ўдзельнікамі шоу для фінальнага выхаду пад кампазіцыю Умберта Тоцы «Gloria».
Выбар брэнда не выпадковы: са студзеня 2026 года тэнісістка з’яўляецца глабальнай амбасадаркай Gucci. У маі яна знялася ў лічбавай вокладцы Vogue, таксама цалкам у вобразах гэтага дома. «Я люблю Дэмну. Мне заўсёды падабалася яго праца, і тое, што ён робіць, — гэта неверагодна. Калі ён прыйшоў у Gucci, я падумала: „Божа, вось ён, момант“», — прызнавалася Сабаленка ў падкасце The Run-Through.
Шоу прайшло ў галерэі Віктара Эмануіла II — гістарычным пасажы ў цэнтры Мілана. Акрамя Сабаленкі, на подыум выйшлі Джэніфер Лопес, Джыджы Хадыд, Ірына Шэйк, Кардзі Бі і іншыя. У першым шэрагу сабраліся Данатэла Версачэ, Міуча Прада, Даменіка Дольчэ і Стэфана Габана. У фінале шоу са столі галерэі пасыпаліся тысячы папяровых стракоз, зробленых уручную.
Для Сабаленкі гэта быў дэбют у якасці мадэлі. Мадэльнай хадзе, паводле звестак СМІ, яе навучала Ірына Шэйк.
Ягор ЧУРЫК