Такім прынцыпам кіруецца дэпутат Эдуард СЕВЯРЫН, які прадстаўляе Лунінецкую выбарчую акругу № 13
Член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Эдуард Севярын родам з Палесся, таму гэтыя мясціны для парламентарыя добра знаёмыя. Падчас рабочай камандзіроўкі ў акругу дэпутат заўсёды стараецца ўдзяляць увагу людзям розных узростаў, прафесій і месца жыхарства, каб ніводнае пытанне не засталося нявырашаным або незаўважаным. Лістапад па традыцыі быў насычаны падзеямі, сустрэчамі і мерапрыемствамі. Даведаліся пра іх больш падрабязна.
«Дэпутацкі ўрок» і стасункі з моладдзю
— Парадак дня мінулага рабочага тыдня ў акрузе быў даволі разнастайны, ахопліваў розныя сферы жыццядзейнасці раёна, але асноўнае — камунікацыя з людзьмі. Мяркую, што кабінетны стыль работы для дэпутата непрымальны. Акрамя таго, наша грамадства разнастайнае з пункту гледжання ўзроставага, гендарнага, прафесійнага і іншых складнікаў. З улікам гэтага я заўсёды ў сваёй дзейнасці раблю акцэнт на разнастайнасць, кантактую з абсалютна рознымі людзьмі. Гэта дапамагае атрымліваць максімальна поўную зваротную сувязь па тых ці іншых пытаннях.
Адным з першых мерапрыемстваў у акрузе гэтым разам стала сустрэча з моладдзю ў рамках аўтарскага праекта Эдуарда Севярына «Дэпутацкі ўрок».
— Лічу, што камунікацыя з навучэнцамі адыгрывае важную ролю ў пабудове сучаснага грамадства, фарміраванні эфектыўнай мадэлі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, — перакананы дэпутат. — Падчас мерапрыемства ішла размова пра харчовую бяспеку і значнасць Усебеларускага народнага сходу. Абмяркоўвалі таксама тэму замацавання моладзі на вёсцы. На думку самой моладзі, застацца жыць і працаваць у сельскай мясцовасці матывуе менавіта шчырая любоў да яе.
Стан і перспектывы развіцця сучаснай адукацыі не мог не абмеркаваць з педагагічнымі работнікамі школ. Невымоўны каларыт вясковай школы — гэта сапраўды ўнікальная, амаль сямейная атмасфера без характэрных для сучаснага свету бар’ераў.
Трэба разумець, што наша будучыня будуецца сёння і ў тым ліку праз фарміраванне менавіта актыўнай грамадзянскай культуры. І з улікам таго, што больш за дваццаць пяць гадоў я працаваў у сістэме адукацыі, вядома , менавіта стасункі з дзецьмі, са сваімі калегамі ў гэтай сферы прыносяць плён.

«Падчас нефармальнай размовы чалавеку прасцей падзяліцца сваёй праблемай»
Прыязджаючы ў сельскую мясцовасць, дэпутат удзяляе асаблівую ўвагу сустрэчам з аграрыямі.
— Тыдзень, які правёў у акрузе, папярэднічаў Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, — нагадаў ён. — Сімвалічнай стала сустрэча з калектывам ААТ «Дварэцкі».
Аграрыі гаспадаркі занялі трэцяе месца ў абласным спаборніцтве сярод брыгад зернесушыльных комплексаў. Дарэчы, менавіта Лунінецкі раён заваяваў першае месца ў першым рэгіёне па вытворчасці збожжа — прырост да ўзроўню мінулага года склаў 24 тысячы тон. Ганаруся сваімі землякамі!
Што датычыцца духоўнай сферы, Эдуард Севярын узяў удзел у мерапрыемствах у рамках Прастольнага свята храма Святой Велікамучаніцы Параскевы. З прадстаўнікамі царквы парламентарый закрануў пытанні заканадаўства ў сферы свабоды сумлення. З жыхарамі аграгарадка Бастынь пагутарыў і на духоўныя, і на свецкія тэмы.
— Яшчэ раз хацеў бы падкрэсліць разнастайнасць кантактаў, — звярнуў увагу дэпутат. — Гэта мае вельмі важнае значэнне, дапамагае стаць «сваім» у розных колах. Падчас нефармальнай размовы чалавеку прасцей падзяліцца сваёй праблемай, расказаць пра перажыванні, у адрозненні ад дзелавой.
Падчас работы ў акрузе дэпутат таксама сустрэўся з супрацоўнікамі Лунінецкага раённага аддзела Следчага камітэта, пракуратуры Лунінецкага раёна. Гаворка ішла аб прававой культуры і сацыяльнай бяспецы ў грамадстве.
Ужо не ў першы раз Эдуард Севярын наведаў вытворчае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Вікторыя» і сустрэўся з калектывам.
— Харчовая і тэхналагічная бяспека, суверэнітэт і незалежнасць, Усебеларускі народны сход і абарона нацыянальных інтарэсаў, перспектывы развіцця прадпрыемства — гэта далёка не ўвесь спектр тэм, аб якіх ішла размова, — заўважыў ён.
Тыдзень быў насычаны і шэрагам іншых мерапрыемстваў, якія звязаны з жыццём у рэгіёне, падзяліўся Эдуард Севярын.
— Дэпутату важна мець добры кантакт і з раённым Саветам дэпутатаў, і з органамі выканаўчай улады. Завяршаючы рабочы тыдзень у акрузе, я стаў удзельнікам пасяджэння Лунінецкага райвыканкама, падчас якога абмеркавалі пытанні забеспячэння аховы працы, рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, — расказаў ён.

Ключ да ўсяго — чалавечнасць
Асабліва важным у рабоце з людзьмі дэпутат лічыць разнастайнасць формаў камунікацыі.
— Менавіта яна складае сістэму, якая дазваляе максімальна ахапіць сваёй увагай выбаршчыкаў, — лічыць народны выбраннік. — Не заўсёды жыхар вёскі мае магчымасць прыехаць на прыём грамадзян, які арганізуецца дэпутатам, — у такім выпадку можна выкарыстаць прамую тэлефонную лінію. Акрамя таго, многія выбаршчыкі ведаюць мой асабісты тэлефон — гэта кажу да таго, што я заўсёды адкрыты да дыялогу.
Вы ўжо, напэўна, зразумелі: любы інструментарый мною прымаецца і выкарыстоўваецца для стварэння безбар’ернага асяроддзя ў камунікацыі з выбаршчыкамі. Усе формы работы ў сукупнасці вырашаюць агульную задачу. Мы жывём у маштабах дзяржавы, але кожны на сваім узроўні, у межах сваіх магчымасцяў, спецыфікі прафесійнай дзейнасці, стараецца забяспечыць устойлівае і эфектыўнае развіццё Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэт і незалежнасць. Асабіста для сябе лічу правільным выбудоўваць сістэму работы менавіта на прынцыпах чалавечнасці. Па-іншаму, на мой погляд, немагчыма.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота з асабістага архіва Эдуарда СЕВЯРЫНА