Top.Mail.Ru

Асабліва знакавыя праекты рэалізаваны на Хойнікшчыне дзякуючы фінансавай падтрымцы дзяржавы

Казаць «Люблю!» сваёй зямлі

Сёння жыхары Хойніцкага раёна асабістым прыкладам даказваюць, што ў іх малой радзімы ёсць будучыня. Журналісты і блогеры з розных куткоў краіны ў гэтым пераканаліся падчас наведвання аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры і прадпрыемстваў раёна ў рамках прэс-тура, арганізаванага з нагоды 40-й гадавіны аварыі на ЧАЭС. Аб некаторых уражаннях мы вам ужо расказалі, а цяпер — працяг «чарнобыльскага падарожжа».

Сыр, што ўсяму галава

Адным з пунктаў прэс-тура стаў флагман перапрацоўчай прамысловасці — Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта». Прадукцыя прадпрыемства не толькі не ўступае таварам з іншых рэгіёнаў па якасці і бяспецы, гэта вядомы брэнд як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. Каля 70 % сыроў адпраўляюцца на экспарт. Асноўныя замежныя спажыўцы — Расія, Казахстан, Грузія.

— Апошнім часам надаём асаблівую ўвагу нашай лінейцы вытрыманых элітных сыроў. За месяц на прадпрыемстве выпускаем каля 300 тон сыру, палова гэтага аб’ёму адносіцца да элітнай групы, — расказала начальнік Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Мілкавіта» Ірына ДАШКЕВІЧ.

Яна прапанавала ўдзельнікам прэс-тура прадэгуставаць навінку — сыр «Бацька». Назва гаворыць сама за сябе — эксклюзіўны прадукт створаны тэхнолагамі Хойнікшчыны ў знак падзякі Аляксандру Лукашэнку. 

Гандлёвая марка-прысвячэнне лідару краіны — сапраўдны гонар беларускага харчпрама.

Для жыхароў Хойніцкага раёна гэта як казаць «Люблю!» сваёй зямлі і Прэзідэнту за ўсё, што ён зрабіў для захавання і развіцця патэнцыялу рэгіёна.

Па словах хойніцкіх вытворцаў, яшчэ 30 гадоў таму ім цяжка было верыць у поспех. На поўную магутнасць прадпрыемства выйшла за год да аварыі на ЧАЭС. У 1986-м камбінат, які быў пабудаваны як вытворчы аб’ект усесаюзнага значэння, ледзь цалкам не спыніў работу. З 10 тысяч тон малочнай прадукцыі, закладзеных у вытворчыя магутнасці па праекце, выпускалі толькі пару тон цэльнанамалочнай прадукцыі. Пасля аварыі на ЧАЭС скарачэнне пагалоўя жывёлы на тэрыторыі Хойніцкага і суседніх раёнаў адбілася на пастаўкі малака. Знізіліся аб’ёмы перапрацоўкі, была спынена выпрацоўка тлустага сыру і сухога абястлушчанага малака, многія супрацоўнікі памянялі месца працы, а некаторыя зусім з’ехалі з раёна.

Як было адзначана, пасля падзей красавіка 1986 года ў Беларусі рэалізавана шэсць Дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС. Калі першыя праграмы мелі выключна ахоўны і рэабілітацыйны характар, то апошнія дзве накіраваны ў першую чаргу на ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё тэрыторый.

Смачна і бяспечна

У 2000 годзе дзякуючы ўдзелу ў праграме па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС Палескі вытворчы ўчастак пачаў сваё адраджэнне. Вярнуліся да вытворчасці сыроў. 

У 2013-м тут правялі мадэрнізацыю старога сыраробнага цэха, увялі ў эксплуатацыю аўтаматызаваную лінію па вытворчасці і пасоле сыроў. Гэта дало значны штуршок у развіцці сыраробства як запатрабаванага на рынку прадукту з высокім дабаўленым коштам.

У выніку павелічэння аб’ёмаў вытворчасці сыроў павялічыўся і аб’ём сыроваткі. У 2014 годзе асвоілі вытворчасць сухой малочнай сыроваткі, а рэалізацыя гэтага праекта была ўключана ў Дзяржаўную праграму па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС. У яго рамках адкрыты цэх па вытворчасці сухой малочнай сыроваткі, сыроватачна-тлушчавага канцэнтрату, сухога абястлушчанага і цэльнага малака. Менавіта ўкараненне двух інавацыйных праектаў дазволіла вывесці вытворчасць на новы ўзровень.

  • Тут арганізаваны жорсткі кантроль утрымання радыенуклідаў у малацэ, малочных прадуктах. Даследуецца ўсё малако, якое паступае. Калі сыравіна не прайшла ўваходны кантроль, яе не прымуць.

Сёння Палескі вытворчы ўчастак выпускае больш за дзесяць відаў цвёрдых сыроў, сухой сыроваткі і некалькі відаў плаўленых і глазураваных сыркоў. Прадпрыемства аснашчана па апошнім слове тэхнікі, што дае магчымасць пастаянна ўдасканальваць тэхналогіі вытворчасці.

Тут хочацца жыць!

Журналістаў і блогераў вельмі ўразіла ўтульнасць і дагледжанасць, развіццё гарадскога асяроддзя Хойнікаў. Тут ідзе актыўнае будаўніцтва жылля і сацыяльных аб’ектаў, летась у райцэнтры адкрыўся басейн, у які прыязджаюць на заняткі плаваннем школьнікі з усяго Хойніцкага раёна.

Вынікі маштабнай работы па развіцці раёнаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна пасля аварыі на ЧАЭС абмеркавалі па завяршэнні прэс-тура. Журналісты і актыўныя прадстаўнікі беларускай інтэрнэт-супольнасці падзяліліся сваімі ўражаннямі і адкрыццямі ад наведвання рэгіёна на сустрэчы ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. А запрошаныя спікеры расказалі ім аб радыяцыйнай медыцыне і экалогіі, сацыяльна-эканамічным развіцці тэрыторый, якія трапілі пад уздзеянне радыяцыі, аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні жыхароў рэгіёна.

— Не пакідае думка аб мудрасці нашых улад. На свае вочы бачыш і пераконваешся, што так, нягледзячы ні на што, мы, беларусы, змаглі, мы пераадолелі, мы правільна ўсё зрабілі, — выказала сваё меркаванне па выніках работы ў рэгіёне на працягу трох дзён госця Гомельшчыны, уласны карэспандэнт Брэсцкай абласной газеты Наталля ГЕТМАН-КРЫВЕЦКАЯ.

Усе ўдзельнікі прэс-тура пацвердзілі, што на ўспамін аб плённай рабоце ў рэгіёне вязуць не толькі яркія фатаграфіі і відэаролікі, але і новы погляд на найцікавейшыя куткі любімай Радзімы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю