Top.Mail.Ru

Асаблівасці працы фельчара, які лечыць два пакаленні аднасяльчан

Людмілу Лабудзь у Паўлаўскім сельсавеце Слонімскага раёна ўсе ведаюць вельмі добра. Вось ужо на працягу 40 гадоў яна працуе на ФАПе і сочыць за здароўем жыхароў 15 населеных пунктаў, у якіх пражывае больш за 1000 чалавек.

Затрымала каханне

Людміла аказалася ў Навасёлках (цэнтр сельсавета) выпадкова, не планавала тут жыць. Яе затрымала... каханне. Калі вучылася ў Слонімскім медвучылішчы, прыехала сюды на сельгасработы — тады і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Мікалаем. Ёй было 18, яму 23. З тых часоў яны не расставаліся, выгадавалі дваіх дзяцей, аб пераездзе ніколі не думалі, бо, як кажа суразмоўніца, тут жывуць людзі, якія за гады работы сталі роднымі.

— У маёй сям’і медыкаў не было. Сама прыняла рашэнне пайсці ў гэту прафесію, а бацькі падтрымалі. Заўсёды лічыла сферу медыцыны вельмі важнай і цікавай. Ды і дапамагаць людзям хацелася. Мне ніколі не было цяжка падтрымаць, выслухаць чалавека. Гэта вельмі спатрэбілася ў працы, — дзеліцца Людміла Вацлаваўна.

У кастрычніку споўніцца 40 гадоў, як яна працуе на ФАПе. У 1985 годзе прыйшла на пасаду акушэркі, а праз два гады ўжо ўзначаліла ўстанову. Работа адказная, патрабуе шмат часу і сіл. Людміла Лабудзь бачыць у гэтым сваё прызначэнне.

— Цяпер працаваць прасцей, сістэма аховы здароўя выйшла на іншы ўзровень, работа стала больш арганізаванай, удасканаліліся тэхналогіі. Напрыклад, хуткая дапамога раней не працавала кругласутачна. Яе функцыі выконвала я. Прыйдзеш дадому пасля працоўнага дня, здымеш халат, пачнеш нешта па гаспадарцы рабіць, вячэру гатаваць — а тут выклік. Разумееш, што справа сур’ёзная, імчышся на дапамогу. Здаралася, што выратоўвала жыцці...

Людміла ніколі не думала змяніць прафесію. Немалаважную ролю ў гэтым адыграў муж, які падтрымліваў жанчыну, уначы сам адвозіў на выклікі.

— Я яму ўдзячная за разуменне важнасці маёй работы. Ён ніколі не папракнуў бытавымі нязручнасцямі, якія з ёй звязаныя, мог і дзяцей дагледзець, і хатнія справы парабіць. Сям’я — гэта месца, дзе павінны панаваць любоў і ўзаемаразуменне. Шлюб будзе ўдалым тады, калі муж і жонка падтрымліваюць адзін аднаго і ўсе пытанні вырашаюць разам.

Падтрымлівае любоў

Пашанцавала загадчыцы і з калектывам. ФАП адносіцца да Слонімскай ЦРБ, дзе ўсе ведаюць і паважаюць Людмілу Вацлаваўну. Навасёлкаўскі фельчарска-акушэрскі пункт прызнавалі ўзорна-паказальным, а Людмілу Лабудзь узнагароджвалі Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

— За амаль 40 гадоў маёй работы досыць добра вывучыла сваіх людзей. Гэта дапамагае паставіць правільны дыягназ, прызначыць эфектыўнае лячэнне, своечасова ўнесці карэктывы. Вельмі важна, што я ў курсе сямейнага анамнезу. Бо за чатыры дзесяцігоддзі паспелі вырасці два пакаленні вяскоўцаў, якія давяраюць мне сваё здароўе. Многіх дарослых мужчын і жанчын памятаю басаногімі хлапчукамі і дзяўчынкамі, ведаю, на што хварэлі іх бацькі...

На маё пытанне аб тым, што дапамагае пераадольваць цяжкасці, Людміла Вацлаваўна з усмешкай адказвае:

— Любоў да працы. Мне падабаецца лячыць людзей, адчуваць сябе запатрабаванай, павышаць свае прафесійныя навыкі. Медыцына ўвесь час развіваецца, з’яўляюцца новыя лекі, абсталяванне, метады лячэння. Трэба быць у курсе ўсяго гэтага. За 40 гадоў маё стаўленне да прафесіі не змянілася, захапляюся медыцынай гэтак жа і нават больш.

У завяршэнні размовы я папрасіла даць параду пачынаючым медыкам, тым, хто толькі збіраецца ім стаць. Людміла кажа: трэба любіць прафесію, людзей і быць вельмі адказным. Гэтыя фактары, на яе думку, вызначаюць, наколькі шчаслівым будзе сам чалавек і тыя, каму ён прысвяціў сваё жыццё.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю