Пагранічная застава «Нароўля» ахоўвае каля 60 км дзяржаўнай граніцы з Украінай на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Сярод асаблівасцяў участка — зона адчужэння, паўнаводная рака Прыпяць і шырокая забалочаная мясцовасць. Мы адправіліся туды, каб даведацца пра асаблівасці службы на гэтым участку.
Спецсродкі для бяспекі
Без спецыяльнай экіпіроўкі, тэхнічных сродкаў і транспарту туды не трапіш. Перад уездам у зону радыяцыйнага забруджвання выдаецца галаўны ўбор, акуляры, пальчаткі, рэспіратар, спецкасцюм і боты. У экіпіроўку ўваходзяць пошукавы дазіметр, радыёстанцыя, ліхтар і індывідуальная аптэчка. Акрамя таго, кожны вайсковец мае дазіметр для вымярэння назапашанага асабіста ім узроўню радыяцыі.
Для бяспечнага нясення службы ў зоне адчужэння падраздзяленне аснашчана аўтамабілямі высокай праходнасці з цеплавізарамі. Такі транспарт дазваляе паграннараду перамяшчацца па бездаражы і весці бесперапыннае назіранне незалежна ад часу сутак. Акрамя таго, аўтамабілі абсталяваны сістэмай кандыцыянавання — каб радыеактыўны пыл не трапіў у салон.
Маніторынг участку «Нароўлі» ажыццяўляецца і з дапамогай беспілотнікаў. Яны істотна эканомяць час на агляд мясцовасці і скарачаюць перыяд знаходжання людзей у небяспечнай зоне.
У распараджэнні вартавых граніцы ёсць і мабільная радыелагічная лабараторыя. З яе дапамогай можна выявіць перавышэнне радыяцыйнага фону ў выпадку спробы нелегальнага вывазу прадметаў з тэрыторыі запаведніка. Таксама лабараторыю выкарыстоўваюць з мэтай дазіметрычнага абследавання асабовага складу і мясцовага насельніцтва.
На 50 кіламетраў углыб краіны
Гаворачы аб асаблівасцях службы на гэтым участку дзяржграніцы, начальнік пагранічнай заставы «Нароўля» маёр Раман Сташэвіч адзначае, што падраздзяленне кантралюе вялізную тэрыторыю — на 50 км углыб краіны. Трэба адзначыць, што менавіта на забруджаную мясцовасць выязджаюць толькі кантрактнікі. Пры гэтым усе яны далі згоду на праходжанне службы ў асаблівых умовах. Афіцэр падкрэслівае: для вайскоўцаў «Нароўлі» абавязкова штогадовае праходжанне паглыбленай медыцынскай камісіі.
— У кожнага з нас ёсць індывідуальныя дазіметры, — расказвае Раман Сташэвіч. — Штодня іх паказчыкі фіксуюцца. Застава ахоўвае дзяржаўную граніцу з 2018 года. За мінулы перыяд дзякуючы выкананню мер бяспекі і аснашчэнню не было ніводнага выпадку пагаршэння стану здароўя вайскоўцаў або перавышэння дапушчальных доз радыяцыйнай нагрузкі.
Яшчэ адной адметнасцю ўчастка заставы з’яўляецца вялікая колькасць «адселеных» пасля аварыі на ЧАЭС беларускіх вёсак. Гэта шырокія тэрыторыі, якія заўсёды знаходзяцца пад кантролем пагранічнікаў.
На працягу ўсяго года пропуск асоб у запаведнік строга абмежаваны. Выключэнне — супрацоўнікі спецыяльных арганізацый. Аднак у перыяд рэлігійных свят пропуск на тэрыторыю ўсё ж ажыццяўляецца — для наведвання месцаў пахавання.
Браканьеры і сталкеры
Начальнік заставы расказаў, што здараюцца разнастайныя выпадкі парушэння заканадаўства: ад незаконнай лоўлі рыбы і палявання на тэрыторыі запаведніка да вывазу з апусцелых населеных пунктаў металаў і маёмасці, пакінутай жыхарамі ў сваіх дамах. Асноўным матывам парушэнняў афіцэр называе атрыманне прыбытку. Як правіла, падобныя спробы адбываюцца ўвесну і ўлетку ў перыяд нерасту рыбы і міграцыі жывёл. Зімой колькасць парушэнняў зніжаецца. Нараўне з браканьерамі пагранічнікі затрымліваюць і сталкераў, якія дзеля атрымання вострых адчуванняў пранікаюць на тэрыторыю адселеных пунктаў.
Пагранічнікі «Нароўлі» спыняюць парушэнні заканадаўства не толькі кругласутачным кантролем нарадаў і тэхнічных сродкаў. Дапамагаюць вайскоўцам і мясцовыя жыхары. Яны адразу ж паведамляюць на заставу аб з’яўленні невядомых.
— У першую чаргу наша задача — ахова дзяржаўнай граніцы, у другую — падтрыманне правапарадку. Кожны з нас усведамляе вялікую адказнасць службы на ўчастку, размешчаным у межах тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і побач з непрадказальнымі суседзямі. У нас ёсць усё неабходнае для выканання задач, дзякуючы чаму гарантаванне пагранічнай бяспекі ажыццяўляецца эфектыўна і бесперапынна, — падсумаваў Раман Сташэвіч.
Сяргей Каржыцкі, фота аўтара