Калі раней травы на сянаж спачатку скошвалі, потым іх варочалі на працягу некалькіх гадзін, а падбіралі часцей за ўсё назаўтра, то цяпер зялёную масу падсушыў... мароз. Сапраўды, трава пасля пакосу выглядае нібыта крыху падсушаная. Яе адразу можна падбіраць і закладваць у траншэю. Прынамсі такое становішча ў сельгаспрадпрыемстве «Хаціслаўскае» на поўдні Маларыцкага раёна, дзе пабывала карэспандэнт «Звязды».
Намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксандр НІКІЦЮК гаворыць, што сёлета да веснавых палявых работ прыступілі крыху раней, чым у мінулым годзе. Потым пайшлі сапраўдныя тэмпературныя «арэлі». А калі 28-градусную красавіцкую спёку змянілі майскія халады ды замаразкі да мінус сямі, для сельгаскультур гэта стала выпрабаваннем. У названай гаспадарцы ад замаразкаў найбольш пацярпелі менавіта травы. Але ж гэты факт не можа стаць перашкодай да выканання задачы па забеспячэнні статка паўнавартаснымі кармамі.
Дарэчы, сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Хаціслаўскае» — самае вялікае па плошчы ў раёне. І статак мае вялікі — 9,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, уключаючы кароў, цялят, бычкоў на адкорме. Кожны дзень патрэбна 250 тон усіх відаў кармоў, каб жывёліны былі накормлены, адчувалі сябе добра, давалі малако або неабходныя грамы прывагі.
На палях цяпер кіпіць работа. На забеспячэнне кармавой базы гаспадаркі працуюць два механізаваныя звяны, у склад якіх уваходзяць касілкі, падборшчыкі, грузавікі і трактары для адвозу зялёнай масы. Ва ўрочышчы Града каля вёскі Замшаны 27 мая такое звяно шчыравала на ўчастку плошчай 21 гектар. Нават збоку прыемна назіраць за дакладна арганізаванай работай. Два агрэгаты рухаюцца сінхронна і даволі хутка: манеўраным комплексам траву падбірае, здрабняе і загружае ў кузаў магутнага МАЗа малады механізатар Юрый Блышчык. Малады, але спраўны да работы, — так яго ахарактарызаваў намеснік дырэктара гаспадаркі. Юрый паходзіць з механізатарскай дынастыі, менавіта ад бацькі навучыўся адказнасці і стараннасці ў полі.
Прайшоўшы загонку, удзельнікі касавіцы спыняюцца, правяраюць якасць корму. Усё павінна быць у адпаведнасці з тэхналогіяй. Агрэгат-падборшчык збірае пакос чыста, да травінкі, адначасова ўносіць у травяную масу кансервант. Для таго каб ім своечасова запраўляць бак у разліку на колькасць зялёнай масы, побач знаходзіцца машына з вадой. Правільнасць запраўкі кансервантам, які атрымліваецца з канцэнтрату, кантралюе Аляксандр Нікіцюк. Да нядаўняга часу галоўны заатэхнік гаспадаркі, ён ведае на памяць формулы разлікаў. Упэўніўшыся, што запраўка праведзена дакладна, Аляксандр Васільевіч дае дабро на працяг работы.
Заадно расказвае, што ў звяне аб’яднаны адказныя работнікі. Напрыклад, скошваннем травы займаецца Анатоль Саўчук. Анатоль Іванавіч працуе ў гаспадарцы 35 гадоў, карэспандэнту газеты сказаў, што яго КЗР не выклікае ніякіх нараканняў:
— За дзесяцігоддзі я працаваў на рознай тэхніцы, вось гэты трактар вытворчасці «Гомсельмаш» лічу надзвычай добрым... Скосім травы, пачнецца другі ўкос, а там — трэці. Не заўважыш, як уборачная настане. У час жніва перасаджваюся на збожжаўборачны камбайн. Сёлета другі сезон буду працаваць са сваёй дачкой Аляксандрай. Саша вучыцца ў Горкаўскай сельгасакадэміі, а на канікулах становіцца маім памочнікам.

— На гэтым тыдні ў справе нарыхтоўкі кармоў у «Хаціслаўскім» задзейнічаны дзве касілкі, два падборшчыкі і 12 адзінак тэхнікі па адвозцы, — расказвае Аляксандр Нікіцюк. — Вось гэта поле ў два дзясяткі гектараў звяно ўбірае за некалькі гадзін, а пасля абеду пераедзе на другі ўчастак. А сюды праз нейкую гадзіну прыйдзе трактар з адпаведным агрэгатам і падкорміць пасевы, каб травы адразу пачалі набіраць сілы і падрастаць на другі ўкос. На сёння ў нас убрана 80 % траў першага ўкосу на сянаж, люцэрну скасілі цалкам, на сянаж ідуць таксама бабова-злакавыя травы. І хоць з гектара зялёнай масы збіраем крыху менш, чым летась, маем намер нагнаць аб’ём іншымі відамі кармоў. У гаспадарцы ёсць дакладны план корманарыхтоўкі, каб пагалоўе цэлы год атрымлівала збалансаваны і якасны корм.
Нарыхтоўку кармоў у сельгаспрадпрыемстве лічаць такой жа адказнай кампаніяй, як і пасяўную. Таму для яе ўдзельнікаў ствараюць усе ўмовы работы. Гарачыя абеды ў поўдзень прывезлі прама ў поле. Але працаўнікі механізаванага звяна замест адведзенай гадзіны перакусілі за 25 хвілін і пайшлі да сваіх машын — час на касавіцы дарагі.
фота аўтара
Маларыцкі раён