У Доме прэсы адбылася чарговая сустрэча з цыклу мерапрыемстваў «Стваральныя і натхняльныя», прымеркаванага да Года беларускай жанчыны.
Сёння абмяркоўвалі тэму «Жанчыны беларускага мастацтва: унікальнасць мастацкага бачання і ўклад у духоўнае развіццё нацыі».
Як адзначыла намеснік дырэктара па творчай рабоце музея «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», кандыдат мастацтвазнаўства Алеся ІНАЗЕМЦАВА, жанчына на працягу многіх тысячагоддзяў з’яўлялася рухаючай сілай для творчасці, стваральнай працы і стварэння шэдэўраў у паэзіі, музыцы, літаратуры і, вядома, у выяўленчым мастацтве:
— Беларускія жанчыны таксама ўдзельнічалі ў гэтым працэсе. Дастаткова згадаць тое ж ХХ стагоддзе і мастачак, якія фарміравалі культурную прастору Беларусі і не толькі іх, бо і жанчыны-даследчыцы, мастацтвазнаўцы, кіраўнікі і ўсе тыя, хто здзяйснялі, развівалі беларускае мастацтва і культуру. Як прыклад — тая ж дырэктар цяперашняга Нацыянальнага мастацкага музея Алена Аладава, якая паставіла мэтай сваёй прафесійнай дзейнасці стварэнне калекцыі музея, — расказала Алеся Іназемцава. — Ці мастачкі Беларусі, якія, можа, і не настолькі вядомыя сучаснаму беларускаму гледачу, але яны праславілі нашу краіну на міжнароднай арэне. Дастаткова згадаць тую ж Алену Кіш, якая ў мінулым стагоддзі сваім унікальным творчым бачаннем і непаўторнай стылістыкай работ настолькі ўразіла прафесійную супольнасць, што ў далёкім 1984 годзе яна стала адзінай мастачкай з Беларусі, якая ўвайшла ў сусветную Энцыклапедыю наіўнага мастацтва (яе выдалі адразу ў васьмі краінах). І такім чынам пра беларускую маляванку даведаліся ва ўсім свеце. Але тым не менш ХХ стагодзе было часам мужчын. Цікавы той факт, што з 33 народных мастакоў Беларусі мінулага стагоддзя толькі адна жанчына атрымала гэта высокае званне — Раіса Кудрэвіч. У ХХІ стагоддзі сітуацыя ўсё ж змянілася. І зараз жанчыны займаюць актыўную ключавую ролю практычна ва ўсіх сферах.
Усе мы маем добрую магчымасць убачыць, што сучасныя жанчыны не проста ўдзельнічаюць у культурным жыцці краіны, а і ў многім яго вызначаюць. Яны ўзначальваюць тэатры і музеі, курыруюць выставачныя праекты, кіруюць творчымі калектывамі і запускаюць ініцыятывы, якія задаюць тон усяму мастацкаму працэсу. І жаночае лідарства ў культуры становіцца натуральнай нормай: ад кабінетаў да сцэн, ад майстэрняў да публічнай прасторы. Разам з тым беларускі захоўваюць унікальны погляд, у якім спалучаюцца глыбокая традыцыя і смеласць сучаснага выказвання.
У ходзе сустрэчы спікеры абмеркавалі шмат важных і надзённых тэм. У прыватнасці, як нашым сучасніцам удаецца сумяшчаць творчую рэалізацыю з кіраўнічымі задачамі, якія ідэі і праекты рухаюць нашу культуру сёння і скараюць гледачоў. Акрамя гэтага запрошаныя госці расказалі і пра ўласныя шляхі да рэалізацыі, пра пераадоленне стэрэатыпаў, якія ўсё яшчэ існуюць аб жанчынах у беларускім мастацтве.
Алена ДРАПКО