Пасяджэнне дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ў 2026 годзе праходзіць у Доме ўрада пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Наталлі Пяткевіч, паведамляе БелТА.
«Наша галоўная задача — арганізаваць бягучы кантроль за правядзеннем цэнтралізаваных экзаменаў (ЦЭ), цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ), а таксама за залічэннем на ўсіх стадыях — як у вышэйшыя, так і ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Камісіі ўжо створаны і будуць працаваць ва ўсіх пунктах правядзення іспытаў. Члены дзяржаўнай камісіі і прыцягнутыя спецыялісты забяспечаць бесперапынны маніторынг на кожным этапе», — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.
Віцэ-прэм’ер звярнула ўвагу на тое, што ўпершыню за ўсю гісторыю работы дзяржкамісіі кантроль пачаты з самага першага этапа — універсітэцкіх алімпіяд, якія з’яўляюцца адной з падстаў для паступлення ў ВНУ. Адпаведна, і гэты этап мусіць быць ахоплены сістэмай кантролю.
«Па цэнтралізаваных іспытах і тэстах забяспечана абсалютная празрыстасць і максімальная сакрэтнасць. Аднак некаторыя ўдзельнікі працэсу ўсё роўна спрабуюць знайсці шчыліны — альбо праз універсітэцкія алімпіяды, альбо мэтавае паступленне і іншыя каналы. Таму нам прыйшлося карэктаваць асобныя працэдуры. Калі, напрыклад, з ліку ўдзельнікаў універсітэцкай алімпіяды залічваецца каля 80 %, гэта, мабыць, несправядліва ў адносінах да тых абітурыентаў, якія паступаюць на агульных падставах. Я прапаную ўсім паставіць сябе на месца бацькоў ці дзяцей, якія ідуць па звычайным конкурсе», — сказала Наталля Пяткевіч.
Паводле яе слоў, важна, каб рэпутацыя Беларусі як краіны роўных магчымасцяў была забяспечана на абсалютна ўсіх этапах функцыянавання сістэмы адукацыі.
Штогод кіраўнік дзяржавы сваім указам зацвярджае склад дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі (дзяржкамісія). У яе склад увайшлі прадстаўнікі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, органаў дзяржаўнага кіравання, кантралюючых органаў і грамадскіх арганізацый. Асноўная задача дзяржкамісіі — кантроль за выкананнем заканадаўства пры падрыхтоўцы і правядзенні ўступнай кампаніі, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, справядлівасць.
Кожны член дзяржкамісіі ўзначаліць камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніяй у канкрэтнай замацаванай установе адукацыі, у тым ліку на базе якіх будуць арганізаваны цэнтралізаваныя экзамены і цэнтралізаваныя тэсціраванні.
З 4 мая па 22 жніўня будзе адкрыта гарачая лінія дзяржкамісіі. Да 1 верасня дзяржкамісія павінна далажыць Прэзідэнту аб выніках уступнай кампаніі.