Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандр Рынгевіч расказаў, як не стаць ахвярай «дамафонных» аферыстаў і захаваць свае зберажэнні.
«Апошнім часам пачасціліся выпадкі, калі тэлефонныя ашуканцы прадстаўляюцца супрацоўнікамі сэрвісных цэнтраў па замене дамафонных ключоў. Схема аналагічная той, дзе на першапачатковым этапе кіберзлачынцы пераконвалі ў неабходнасці замены лічыльнікаў уліку вады, газу або прадаўжэнні дагавора на паслугі сувязі», — адзначыў Аляксандр Рынгевіч.
- Ён расказаў аб тым, што званкі могуць паступаць як на дамашні, так і на мабільны тэлефоны. Пад выглядам работнікаў розных службаў, у тым ліку ЖКГ або сэрвісу па абслугоўванні дамафонаў, ашуканцы выманьваюць у грамадзяніна код з СМС, які паступіў ад любога інтэрнэт-сэрвісу. Як толькі чалавек называе лічбы з паведамлення, у гульню ўключаецца іншы аферыст, які прадстаўляецца супрацоўнікам міліцыі, Следчага камітэта, КДБ ці ДФР. Ён запалохвае грамадзяніна тым, што, расказаўшы код з СМС, ён прафінансаваў экстрэмісцкую ці іншую процізаконную дзейнасць і супраць яго ўжо ўзбуджана крымінальная справа.
«Далей сітуацыя можа развівацца па адным са сцэнарыяў, у якім псеўдасупрацоўнік прапануе „дапамогу“ ў вырашэнні ўзніклай праблемы.Так, ілжэправаахоўнік можа пачаць запалохваць чалавека тым, што па яго месцы жыхарства будзе праведзены вобыск і неабходна „задэклараваць“ наяўныя грошы і каштоўнасці, перадаўшы іх кур’еру або перавёўшы на „спецыяльны“ рахунак. Ашуканцы могуць пачаць пераконваць грамадзяніна, што на яго імя нібы аформлены крэдыт, для анулявання якога трэба аформіць сустрэчны, а грошы перавесці на „часовы“ рахунак у банку. Таксама аферысты могуць парэкамендаваць устанавіць мабільны дадатак і перадаць дадатковыя коды. Пры гэтым зламыснікі могуць атрымаць доступ да банкаўскага рахунку, лічбавых кодаў або пераканаць ахвяру прыкласці банкаўскую картку да яе тэлефона. Яшчэ ашуканцы могуць папрасіць сфатаграфаваць банкаўскую картку з двух бакоў, прадыктаваць яе нумар і код з адваротнага боку», — падкрэсліў намеснік начальнікац галоўнага ўпраўлення.
Праваахоўнік указаў на тое, што ва ўсіх варыянтах аферысты выкрадуць грошы. «Каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў, не трэба давяраць тым, хто тэлефануе, і ніколі нельга перадаваць лічбавыя коды каму б там ні было. Усю нечакана атрыманую ад незнаёмых асоб інфармацыю трэба пераправяраць, самастойна звярнуўшыся ў арганізацыю, ад імя якой ажыццёўлены званок», — рэзюмаваў Аляксандр Рынгевіч.