Беларусь мае намер істотна пашырыць супрацоўніцтва з Індыяй па лініі рэгіянальнага развіцця. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў у інтэрв’ю індыйскаму выданню CNN-News18, паведамляе БелТА.
Адным з ключавых механізмаў развіцця двухбаковых адносін Максім Рыжанкоў назваў міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Менавіта ў рэгіёнах, растлумачыў ён, сканцэнтраваны канкрэтныя прадпрыемствы і прымаюцца адпаведныя рашэнні па падтрымцы розных ініцыятыў і праектаў.
«Акрамя таго, рэгіёны бліжэй непасрэдна да вытворчасці і спажывання. Таму ў будучыні мы маем намер істотна пашырыць супрацоўніцтва па лініі рэгіянальнага развіцця. Мы даўно паспяхова працуем на гэтым кірунку з многімі краінамі, перш за ўсё з нашымі саюзнікамі ў Расіі. Гэта прыносіць вельмі добрыя вынікі, і мы хочам развіваць гэты фармат з нашымі індыйскімі сябрамі», — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Максім Рыжанкоў нагадаў, што аснову міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў сур’ёзным маштабе заклаў адзін з лідараў Індыі — Раджыў Гандзі. Ён наведаў Беларусь у 1985 годзе, і па яго рашэнні былі ўстаноўлены пабрацімскія адносіны паміж Мінскам і індыйскім горадам Бангалор.
«Аднак супрацоўніцтва паміж іншымі рэгіёнамі пакуль развівалася не так актыўна. Цяпер мы плануем падпісаць пагадненні аб супрацоўніцтве з прыцэлам на іх практычную рэалізацыю паміж Гродзенскай вобласцю і штатам Гуджарат, Брэсцкай вобласцю і штатам Махараштра, Гомельскай вобласцю і штатам Пенджаб, а таксама ёсць шэраг іншых прапаноў, якія цяпер прапрацоўваюцца нашымі пасламі, каб перавесці ўзаемадзеянне на мясцовы ўзровень, дзе, мы ўпэўнены, адкрыецца значна больш магчымасцяў для сумеснай работы», — расказаў дыпламат.
Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што Індыя — вельмі дружалюбная для Беларусі дзяржава. Цяпер бакі дапрацоўваюць дарожную карту супрацоўніцтва на 2027—2031 гады, якія плануецца зацвердзіць на ўзроўні лідараў абедзвюх краін.
«Мы вельмі задаволены тым, як апошнія гады развіваецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Тавараабарот і аб’ём гандлю паслугамі растуць вельмі дынамічна. Лічбы ўражваюць: у мінулым годзе сукупны абарот тавараў і паслуг перасягнуў $1 млрд. У бягучым годзе мы таксама назіраем значны рост. Аднак пакуль наш гандаль у большай ступені зводзіцца да простых тавараабменных аперацый», — канстатаваў міністр.
Паводле яго слоў, каб надаць гандлёва-эканамічным адносінам устойлівасць, Беларусь і Індыя імкнуцца рэалізаваць некалькі праектаў у сферы прамысловай кааперацыі і наладзіць выпуск сумеснай прадукцыі, якая магла б рэалізоўвацца ў тым ліку на рынках трэціх краін.
«Калі гэта прадукцыя будзе сумесна вырабляцца ў Індыі, яе можна будзе пастаўляць на рынкі краін Азіі. Калі ж яна будзе выпускацца ў Беларусі з прыцягненнем індыйскага капіталу або камплектуючых, то перад ёю адкрыюцца рынкі Еўропы і Еўразійскага эканамічнага саюза. Ужо сёння ў нас ёсць такія праекты. У першую чаргу яны датычацца прамысловай зборкі беларускай тэхнікі на тэрыторыі Індыі», — адзначыў кіраўнік МЗС.
Адначасова ў Беларусі рэалізуюцца праекты па вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі з выкарыстаннем індыйскай сыравіны, па распрацаваных у Індыі рэцэптурах лекавых прэпаратаў і на абсталяванні індыйскай вытворчасці.
«Шэраг нашых прамысловых прадпрыемстваў паспяхова закупляюць у Індыі камплектуючыя для патрэб машынабудаўнічага комплексу, што значна спрашчае працэс канчатковай зборкі. І, вядома, гэты фактар таксама пацвярджае, што праекты прамысловай кааперацыі па зборцы беларускай тэхнікі ў Індыі з даволі высокай ступенню лакалізацыі цалкам можна рэалізаваць», — упэўнены дыпламат.