Для ўсіх і для кожнага
Забеспячэнне харчовай бяспекі мае мноства аспектаў і застаецца адным з ключавых прыярытэтаў развіцця краіны, лічыць генеральны дырэктар Навуковапрактычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні Аляксей МЕЛЯШЧЭНЯ.
Ён заўважыў, што калі яшчэ 30 гадоў таму галоўным крытэрыем ступені харчовай бяспекі лічылася проста наяўнасць харчавання ў дастатковай колькасці, то сёння падыходы кардынальна змяніліся.
Стаіць задача забяспечваць беларусаў прадукцыяй айчыннай вытворчасці, прычым у розных групах. Цяпер, паводле ацэнак спецыялістаў, у Беларусі выпускаюць не менш за 70 % неабходных тавараў харчовага прызначэння, створана эфектыўная сістэма кантролю якасці гэтай прадукцыі на ўсіх этапах яе вытворчасці і рэалізацыі.
Акрамя жорсткага кантролю прадукцыі, апрабаванага гадамі практыкі, распрацоўваюцца новыя метады аналізу і праверкі харчавання, каб выключыць саму магчымасць пападання няякаснай або небяспечнай для здароўя прадукцыі на рынак. Аляксей Меляш-
чэня лічыць, што Беларусь — экспартна арыентаваная краіна, а пастаўкі за мяжу таксама мяркуюць больш высокія патрабаванні да тавараў. «Для нас асабліва важна прайсці праверку пакупнікоў, бо якасць айчынных прадуктаў стала шырокавядомым брэндам».
Менш цукру і солі
Навука ў харчовай прамысловасці рухаецца па розных кірунках. Навукоўцы выводзяць новыя сарты сельгаскультур, пароды жывёл для павышэння іх прадукцыйных якасцяў, паляпшаюць паказчыкі сыравіны, але разам з тым ствараюць і абсалютна новыя прадукты харчавання. У гэтай працы яны кіруюцца шэрагам прынцыпаў. Першы з іх — збалансаванасць распрацаваных прадуктаў харчавання.
«Рытм жыцця змяніўся, адпаведна, скарэкціраваны патрэбы чалавека ў прадуктах харчавання, гэта значыць у неабходных арганізму колькасцях тлушчаў, бялкоў і вугляводаў. Задача навукоўцаў — пад бягучыя патрэбы для розных слаёў насельніцтва распрацоўваць максімальна карысныя менавіта для іх прадукты, — растлумачыў Аляксей Меляшчэня. — Адзін з яскравых прыкладаў — зніжэнне ўтрымання цукру і солі ў таварах розных харчовых груп. Калі нярэдка кажуць, што прадукты ўжо не тыя, што гадоў 10 таму, маюць на ўвазе ў тым ліку і тое, што яны сталі менш салодкімі або салёнымі».
Шмат эксперыментуюць навукоўцы з дзіцячым харчаваннем.
Распрацоўваюць рацыёны для ўсіх узроставых груп і прымаюць пад увагу факт таго, што сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі сталі менш удзельнічаць у рухомых гульнях і больш часу праводзяць з гаджэтамі.
Вывучаны таксама магчымасці для кампенсацыі карысных рэчываў, якія губляюцца пры перапрацоўцы сыравіны.
Праблема вырашаецца з дапамогай ўзбагачэння прадуктаў вітаміннымі прэміксамі, якія папаўняюць у выніку страты карысных уласцівасцяў.
Энергія без шкоды
Напрыклад, начальнік аддзела Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні Віталь САЛАЎЁЎ знаёміць нас з безалкагольным энергетычным напоем без кафеіну.
«Гэта мая распрацоўка падбадзёрлівага напою, які практычна не шкодзіць чалавечаму арганізму. Сёння яго ўжо запусцілі ў прамысловую вытворчасць, і ён цалкам пацвердзіў свае карысныя якасці». У гэтым напоі эфект ствараецца за кошт комплекснага ўздзеяння арганічных і амінакіслот, натуральных экстрактаў раслін.
Галоўным кампанентам дзеючага рэчыва з’яўляецца выцяжка на аснове натуральнай расліннай сыравіны (ляўзеі). Ляўзея працуе амаль гэтак жа, як кафеін, але значна мякчэй, што практычна не прыводзіць да павышэння ціску. Такі напой падтрымлівае арганізм і пры гэтым не нагружае падстраўнікавую залозу і пячонку. А цукрозу тут замянілі на вуглявод больш працяглага дзеяння. Была падабрана рэцэптура, і гэты напой дазволены да ўжывання Міністэрствам аховы здароўя асобамі старэйшымі за 18 гадоў.
«Акрамя таго, сёння наш цэнтр разам з Інстытутам мікрабіялогіі распрацоўвае вялікі праект стварэння тэхналогіі безалкагольнай прадукцыі на аснове айчынных дрожджаў», — паведаміў Віталь Салаўёў.
Што ў рацыёне?
З-за высокай экспартаарыентаванасці на рынку з’яўляюцца нават не столькі прынцыпова новыя малочныя прадукты, колькі пад канкрэтнага пакупніка карэктуюцца распрацаваныя рэцэптуры. Аляксей Меляшчэня згадаў і пра вялікую колькасць навінак у кансервавай прамысловасці і анансаваў іх шырокую прэзентацыю заводамі на палях Беларускага аграпрамысловага тыдня, які пройдзе з 3 па 7 чэрвеня ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Мноства навінак з’яўляецца і ў соуснай групе, дзе за аснову бяруцца італьянскія, французскія і іншыя рэцэптуры.
Працуюць навукоўцы таксама з мяснымі групамі. У нашай краіне гадавое спажыванне мяса на чалавека знаходзіцца ў межах 100 кілаграмаў, а медыкі рэкамендуюць спыняцца на 76-ці. Таму спецыялісты працуюць над павышэннем збалансаванасці сыравіны і шукаюць новае. У прыватнасці, назіраецца прырост па спажыванні бараніны і ялавічыны. Аляксей Меляш-
чэня дадаў яшчэ адну тэндэнцыю: павышэнне долі мясных паўфабрыкатаў рознай ступені гатоўнасці ў рацыёне беларусаў. У сувязі з гэтым вытворцы вяртаюцца да вырабу кансерваў з высокай удзельнай вагой мяса, якія добра захоўваюцца.
Не першы год доўжыцца супрацоўніцтва навукоўцаў НПЦ па харчаванні з кандытарскімі фабрыкамі, у выніку з’яўляюцца навінкі кандытарскай прамысловасці. Асаблівую значнасць узаемадзеянне набыло ў апошні час, калі цэны на какава-бабы рэзка падскочылі. Каб знайсці кампрамісны варыянт і пакінуць цэннік на шакалад і цукеркі ў дапушчальных межах, тэхнолагі і навукоўцы эксперыментуюць з даданнем у прысмакі новых фруктова-ягадных і іншых напаўняльнікаў, нярэдка вельмі незвычайных.
А беларускія плодаагароднінныя заводы распрацавалі і плануюць запусціць у вытворчасць новыя віды сокаў, нектараў і фруктовых соусаў для дашкольнага і школьнага харчавання, якія, на погляд спецыялістаў навукова-практычнага цэнтра, вельмі цікавыя па смакавых характарыстыках.