Па даных МНС, за тры месяцы леташняй зімы — з пачатку снежня 2024-га да канца лютага 2025 года — у вадаёмах Беларусі загінулі, праваліўшыся пад лёд, дзевяць чалавек. Ужо паспеў забраць два жыцці і першы тыдзень 2026 года. Чаму, нягледзячы на ўсе папярэджанні ратавальнікаў, людзі працягваюць выходзіць на небяспечны лёд, як нават вопытны рыбак можа раптам апынуцца ў ледзяной пастцы і што выратуе жыццё ў крытычную хвіліну, расказалі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.
Лёд — справа тонкая
Хто галоўныя героі гэтых сумных зводак? У ведамстве вылучаюць тры катэгорыі: дзеці, пакінутыя без нагляду, аматары скараціць шлях, асабліва пасля ўжывання моцных напояў, і рыбакі. Апошнія — група рызыкі нумар адзін, прычым на працягу амаль цэлага года. «Таму што рыбалка — справа досыць азартная, — прызнае Алег СЦЯПУК, начальнік цэнтра вадалазна-ратавальнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння „ЗУБР“ МНС, — яна нясе з сабой некаторую долю небяспекі. Штогод супрацоўнікі нашай службы выязджаюць на дапамогу дзясяткам рыбакам, якія пайшлі на гэтую рызыку».

Дарэчы, ці існуе бяспечны лёд увогуле? І так, і не. Справа ў тым, расказвае Алег Сцяпук, што крышталічны, празрысты, блакітнаваты лёд таўшчынёй 7 сантыметраў лічыцца ўмоўна бяспечным. Не звалены снег і не глеістая скарынка, а нібы сапраўднае «шкло». Аднак яго таўшчыня на самай справе далёка не заўсёды раўнамерная: падводныя крыніцы і плыні могуць незаўважна размыць лёд нават у стаячых вадаёмах. «Сёння ў адным месцы нашы дазволеныя 7 сантыметраў, а метраў за 20 б’е крыніца. І там ужо 3 сантыметры, якія, канешне, чалавека не вытрымліваюць», — прыводзіць прыклад ратавальнік. Такую карціну супрацоўнікі ведамства назіраюць даволі часта: нават здараецца, што дзясяткі рыбакоў спакойна сядзяць на адным месцы, а літаральна за сто метраў ад іх — ужо тоне іх неасцярожны таварыш.
Пік інцыдэнтаў часцей за ўсё прыпадае на два пэўныя перыяды: утварэнне лёду, калі наваствораная «скарынка» вабіць рыбакоў і дзяцей на каньках, і вясновае раставанне, калі лёд становіцца порыстым і зманліва моцным, рэзюмуе Алег Сцяпук. Але ў любым выпадку варта памятаць: у сучасных рэаліях зменлівага клімату і ўмоў надвор’я гэтыя перыяды могуць зрушвацца, а значыць, і станавіцца непрадказальнымі.
Не панікаваць — адна з асноўных задач таго, хто ўсё ж такі апынуўся ў ледзяной вадзе. Нагадаем і іншыя правілы самастойнага ратавання. Спачатку пастарайцеся дыхаць глыбей і павольней, без рэзкіх рухаў. Раскіньце рукі ў бакі, паспрабуйце ўчапіцца за лёд і надаць целу гарызантальнае становішча. Затым асцярожна налягайце грудзьмі на край, закідвайце на паверхню спачатку адну нагу, затым другую. Не ўставайце — лепш адкаціцца, а потым паўзці ў бок берага па сваім жа следзе: гэты шлях бяспечны, бо ўжо быў пераадолены.
Калі ж дапамога патрэбна камусьці іншаму, набліжацца да яго можна толькі лежачы, раскінуўшы рукі і ногі для размеркавання вагі. Падыходзіць стоячы — значыць, рызыкаваць самому. Калі бераг блізка і чалавек у прытомнасці, можна скарыстаць вяроўку, палку ці дошку, асцярожна падцягваючы яе да сябе. У любым выпадку, адзначаюць у МНС, дзейнічаць трэба хутка і рашуча — у ледзяной вадзе сілы змяншаюцца з кожнай секундай.
Як заставацца ў бяспецы?
Нельга правяраць трываласць лёду ўдарам нагі — у большасці выпадкаў гэта прамы шлях у ледзяную ваду. Куды больш разумна ўзяць з сабой доўгую вяроўку метраў на дзесяць-пятнаццаць: у экстраннай сітуацыі яна можа выратаваць і вас, і таго, хто побач. І рухацца па лёдзе бяспечней за ўсё ў светлы час сутак, вяртаючыся тым жа самым, ужо правераным маршрутам. Непажадана адпраўляцца на рыбалку ў адзіночку, але і кампаніі варта прыняць шэраг мер засцярогі. Ратавальнікі раяць: не варта таптацца, ісці літаральна плячо ў плячо, павялічваючы тым самым нагрузку на лёд. Дыстанцыі ў 3-5 метраў дастаткова, каб і мець магчымасць падтрымліваць дыялог, і быць на бяспечнай адлегласці адзін ад аднаго, і, калі што, паспець прыйсці на дапамогу.
У арсенале рыбалова павінны быць шыльцы — спецыяльныя завостраныя ручкі, якія дапамагаюць учапіцца за лёд у выпадку яго правалу. Калі што здарыцца, пойдуць у ход і самаробныя варыянты — адкруткі, цвікі. Не пашкодзіць і пешня для праверкі таўшчыні лёду. А перш чым адысці далёка ад берага, можна простым, «бытавым» метадам памераць лёд з дапамогай пачкі цыгарэт, даўжыня якой звычайна складае каля 12 см.
І галоўнае: на зімовай рыбалцы трэба цалкам адмовіцца ад алкаголю. Тое, што спіртное сагравае, — толькі міф, прычым не толькі распаўсюджаны, але і надта небяспечны для жыцця. Ужыванне алкагольных напояў на марозе толькі паскарае пераахаладжэнне і прытупляе рэакцыю, павялічваючы шанцы змерзнуць або праваліцца. Ратавальнікі катэгарычныя і ў яшчэ адным пытанні: выходзіць на лёд абавязкова трэба ў ратавальнай камізэльцы. Менавіта яна дае той самы, каштоўны час у крытычнай сітуацыі — усяго каля 10 хвілін, якія здаровы чалавек можа пратрымацца ў ледзяной вадзе да крытычнага пераахаладжэння. Дзесяць хвілін, каб выклікаць дапамогу або паспрабаваць выбрацца самастойна. Дарэчы, адзначае Алег Сцяпук, ёсць пэўныя зрухі ў карыстанні камізэлькамі: з кожным годам усё больш рыбакоў прыслухоўваюцца да парад супрацоўнікаў МНС.
Але, тым не менш, характэрная рыса для аматараў зімовай рыбалкі ўсё тая ж — невыкананне правілаў бяспекі на вадзе і лёдзе, грэбаванне імі. Нават калі рыбак аднойчы ўжо праваліўся пад лёд і выбраўся, ён не кіне сваё захапленне, упэўнены Алег Сцяпук. Але гэты горкі вопыт можа прымусіць яго ў наступны раз быць разумнейшым: апрануць камізэльку, узяць шыльца, праверыць шлях. Бо лёд не даруе няўважлівасці, а жыццё, у адрозненне ад улову, толькі адно.
Аміна НАЗАРАВА
Фота: Ксенія ЛІННІК