Top.Mail.Ru
112

Асвятленне беларускай тэматыкі ў СМІ РФ і інфармсупрацоўніцтва. Селівёрстаў сустрэўся з гендырэктарам ТАСС

Пасол Беларусі ў Расіі Юрый Селівёрстаў наведаў дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Расіі ТАСС і правёў рабочую сустрэчу з яго генеральным дырэктарам Андрэем Кандрашовым. Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе пасольства.


Бакі абмеркавалі асвятленне беларускай і саюзнай тэматыкі ў расійскіх СМІ, развіццё беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў інфармацыйнай сферы, сучасныя тэндэнцыі рынку медыя, ход рэфармавання саюзных СМІ.

Таксама Юрый Селівёрстаў адказаў на пытанні карэспандэнтаў ТАСС. У прыватнасці, гаворачы аб мультыбрэндавых цэнтрах беларускіх машынабудаўнікоў у рэгіёнах Расіі, ён сказаў: «У нас ва ўрадзе прынята стратэгія развіцця такіх мультыбрэндавых цэнтраў. Я думаю, што на буйныя расійскія рэгіёны каля 15 такіх цэнтраў сучаснага ўзору, напэўна, павінны прысутнічаць. З месцамі трэба яшчэ думаць».


Паводле слоў дыпламата, буйны цэнтр плануецца адкрыць у Санкт-Пецярбургу. Ён будзе працаваць пад брэндам «Беларускія машыны», але ў ім будуць прадстаўлены і іншыя вытворцы. Прапрацоўваецца магчымасць адкрыць цэнтр у Краснадары — у дапаўненне да нядаўна запушчанага ў рэгіёне. Юрый Селівёрстаў растлумачыў, што пры выбары месца ацэньваецца спецыфіка рэгіёна. «Цэнтры, якія абслугоўваюць, напрыклад, БЕЛАЗ, сканцэнтраваны больш на Урал, Сібір. Сельгасмашынабудаванне імкнецца да паўднёвых рэгіёнаў. Такая логіка», — дадаў ён.

Юрый Селівёрстаў звярнуў увагу, што ўсяго такіх цэнтраў у расійскіх рэгіёнах ужо налічваецца каля 10, але буйных і сучасных — тры-чатыры. Пасол адзначыў, што за такім фарматам работы будучыня, ён дае магчымасць аб’яднаць пад адным дахам некалькі вытворцаў і забяспечыць якасны сэрвіс для ўсёй лінейкі тэхнікі.

Пасол таксама расказаў, што мадэрнізаваны беларуска-расійскім прадпрыемствам «БКМ-Сібір» трамвай хутка выйдзе на маршрут у Ніжнякамску. Паводле яго слоў, мадэрнізацыя стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву дзвюх краін. «У Беларусі не рабілі саміх трамвайных цялежак. Гэтыя старыя цялежкі тут, у Расіі, з кампанентамі з Беларусі сіламі нашага сумеснага прадпрыемства „БКМ-Сібір“ набываюць новыя карпусы і новую начынку», — растлумачыў Юрый Селівёрстаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю