Як справіцца з гэтай хваробай і адкуль яна ўзнікае.
Атлусценне ў многіх краінах свету з’яўляецца глабальнай праблемай, распаўсюджанасць якой працягвае расці. Напрыклад, на фоне высокіх паказчыкаў захворвання ў ЗША з ёй змагаюцца на дзяржаўным узроўні. Чаму частка насельніцтва планеты пакутуе ад лішняй вагі, а іншыя, наадварот, паміраюць ад голаду? З’яўляецца ўсё больш лекаў ад атлусцення, а ці ёсць ад голаду? Абмяркоўваем гэтыя пытанні з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.
— Амерыканскі фінансіст Джордж Сорас нядаўна незадаволена выказваўся пра тое, што глабалізацыя рухаецца занадта павольна, — адзначыў суразмоўца. — Па азначэнні гэты тэрмін абазначае працэс узмацнення ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці паміж краінамі, які прыводзіць да іх інтэграцыі ў эканоміцы, палітыцы, культуры і іншых сферах. Антаганістам глабалізацыі можна лічыць патрыятызм, характэрны для краін, якія імкнуцца фарміраваць здаровую сістэму ўнутры дзяржавы, прывіваюць грамадзянам любоў да Айчыны. Такія краіны ўваходзяць у склад так званых антыглабалістаў. Аднак кожная дзяржава самастойна выбірае, якую палітыку праводзіць, для таго каб забяспечыць надзейную будучыню для сваіх людзей.
— Адным з найважнейшых складнікаў гэтай будучыні з’яўляецца здароўе нацыі. Доктар Гумен, як вы лічыце, чаму частка насельніцтва планеты памірае ад голаду, а іншая — ад атлусцення?
— Галадаюць грамадзяне краін, у якіх ёсць найбагацейшыя запасы золата, алмазаў, нафты, газу... Арганізацыя UNІCEF зусім нядаўна ў апублікаваным дакладзе прывяла лічбы: у Еўропе да 2030 года колькасць людзей з атлусценнем дасягне парадку 50 %, а ў некаторых краінах гэта лічба вырасце да 89 %. Пакутуюць і нават паміраюць ад лішняй вагі людзі, якія прымаюць шмат лекаў, што нібыта павінны вылечыць сімптомы атлусцення, захворванні суставаў і многія іншыя. Зыходзячы з гэтых даных, напрошваецца выснова, што абедзве гэтыя з’явы — голад і атлусценне — створаны штучна...
— Калі я захачу павячэраць смачнай пастай, а праз некаторы час пасля прыёму ежы пайду на трэніроўку, ці дапаможа гэта пазбавіцца ад лішняй вагі?
— Сучасныя даследаванні пацвярджаюць, што — не. 70 % калорый, якія спажывае чалавек, забірае жыццядзейнасць арганізма — дыханне, сэрцабіцце, работа галаўнога мозгу, падтрыманне цяпла, 10 % ідзе на ператраўліванне ежы, і толькі 20 % — на фізічную нагрузку. Ёсць адно «але»: у выпадку, калі гаворка ідзе не пра прафесійных спартсменаў. Выбіраючы, што больш дапамагае пазбавіцца ад лішняй вагі, спорт або дыета, выбірайце другое. Асабліва варта сачыць за тым, што ўжываеце ў ежу на вячэру. Увечары і ноччу арганізм расходуе менш энергіі, таму найбольшая колькасць калорый адкладваецца менавіта ў гэты перыяд сутак.
— А што есці, каб пахудзець?
— Эфектыўнай лічыцца міжземнаморская дыета, пра якую мы ўжо расказвалі ў адной з папярэдніх публікацый. Калі спыняцца на канкрэтных прадуктах харчавання, навукоўцы раяць ужываць больш ягад, прычым пажадана цёмнага колеру. Напрыклад, чарніцы, ажыны, чорныя парэчкі... Яны ўтрымліваюць антыаксіданты, якія абараняюць арганізм ад свабодных радыкалаў і акісляльнага стрэсу, запавольваюць працэсы старэння, умацоўваюць імунітэт, зніжаюць рызыку хранічных захворванняў, такіх як сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя, а таксама спрыяюць аднаўленню клетак і паляпшэнню абмену рэчываў. Варта ўключаць у рацыён рыбу, яблыкі, куркуму, горкі шакалад. Перац Піпалі, напрыклад, валодае пэўнымі лекавымі якасцямі, уключаючы паляпшэнне стрававання, паскарэнне метабалізму, ачышчэнне арганізма ад таксінаў, а таксама падтрымку работы лёгкіх і імуннай сістэмы. Наогул, калі сачыць за колькасцю калорый, якія спажываеце, уводзіць у рацыён карысныя прадукты, пры ўмове адсутнасці схільнасці да генетычных захворванняў, мы тым самым падаўжаем сабе жыццё.
Навукоўцы даказалі, што атлусценне — выбар чалавека. У выпадку, калі няма захворванняў, якія прыводзяць да наяўнасці лішняй вагі. Іх, дарэчы, не так і шмат. Хутчэй гэта залежыць ад харчовых звычак, якія прывіваліся ў дзіцячым узросце. У сувязі з гэтым рэкамендую асаблівую ўвагу надаваць харчаванню дзяцей і падлеткаў у школе і дома. Шмат гаворым сёння пра шкоду фастфуду, і гэта сапраўды так. Калі ўвесь час даваць праз меру дзіцяці нагетсы і бульбу ў фрыцюры, сфарміруецца шкодная звычка, з якой потым прыйдзецца працаваць...
— Адносна нядаўна з’явіліся новыя групы лекаў для пахудзення, як яны працуюць?
— Гармон, які яны ўтрымліваюць, уздзейнічае на падаўленне апетыту. Ён выпрацоўваецца ў кішэчніку пасля прыёму ежы і рэгулюе ўзровень глюкозы ў крыві. Стымуляванне выпрацоўкі інсуліну і зніжэнне выпрацоўкі глюкагону прыводзіць да страты апетыту. Час пакажа, як на самай справе прэпараты ўплываюць на ход іншых захворванняў, напрыклад, на рак кішэчніка. Акрамя таго, як ва ўсіх, у іх ёсць свае пабочныя эфекты: млоснасць, дыярэя...
— Доктар Гумен, а якія ў вас метады барацьбы са шкоднымі звычкамі ў дарослага чалавека? Яны ж таксама ўплываюць на здароўе...
— Звычайна пачынаю з выхаваўчай работы, якая па нейкіх прычынах была ўпушчана настаўнікамі ў школе. Менавіта ў дзяцінстве закладваюцца асновы, фарміруюцца прынцыпы і звычкі, якія ўплываюць на здароўе і жыццё ўжо дарослага чалавека ў будучыні. Калі гэтага не здарылася своечасова, дарослыя, здавалася б, людзі становяцца марыянеткамі, якіх кожны можа выкарыстоўваць для сваёй выгады, і наўрад ці на карысць...
Гутарыла Яна ВАЛАСАЧ