Top.Mail.Ru

Атрымаўшы атэстаты сталасці, учарашнія школьнікі звязваюць свае планы на далейшае жыццё з роднай краінай

У добры шлях!


Учора адшумелі выпускныя вечары, яшчэ не знік лёгкі сум з нагоды таго, што вось і скончылася раптам дзяцінства, але цяпер ужо трэба не азірацца назад, а ўпэўнена глядзець наперад. Жыццёвымі планамі ўчарашніх школьнікаў пацікавіліся карэспандэнты «Звязды».

— Планую паступаць у акадэмію МУС на мэтавых умовах, буду навучацца ў інтарэсах Гродзенскай пагранічнай групы, — дзеліцца выпускнік СШ № 11 імя генерала арміі А. І. Антонава г. Гродна Данііл БАГАЛЕЙША. — Я з самага дзяцінства вельмі люблю Беларусь і магу назваць сябе патрыётам, таму без ваганняў перайшоў у ваенна-патрыятычны клас. Мне падабаюцца дакладнасць і сістэмнасць вайсковай работы, бо я сам па сабе дысцыплінаваны чалавек. Сям’я ў мяне не ваенная, але хросная была пагранічнікам, і мне заўсёды была цікавая яе работа.


Выпускнік Брагінскай сярэдняй школы Уладзіслаў ЦАЛУЙКА рашуча настроіўся «штурмаваць» ваенна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Упершыню даведаўся пра яго, калі праходзіў камісію ў ваенкамаце. Загарэўся ідэяй паступіць на спецыяльнасць «Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў», дзе ёсць розныя прафілізацыі:


— Гэты кірунак мне бліжэй, бо ён аб’ядноўвае адразу дзве важныя для мяне рэчы — тэхніку і ваенную службу. Матывуе тое, што афіцэр аўтамабільнай службы не проста чалавек, які добра разбіраецца ў тэхніцы, а высакакласны ўніверсальны спецыяліст. Хацеў бы служыць у сілавым блоку. Але галоўная мара цяпер — атрымаць адукацыю, стаць добрым спецыялістам і працаваць у ваеннай структуры на карысць Радзімы, — рашуча настроены Уладзіслаў.

Маргарыта Лазко, выпускніца гімназіі № 6 г. Мінска, вучылася ў класе з медыцынскім ухілам, таксама ўдзельнічала ў праекце «Студэнт на тыдзень» у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце:

— Цэлы тыдзень хадзіла ў халаце, наведвала лекцыі на фармацэўтычным факультэце, студэнты былі нашымі куратарамі, — згадвае дзяўчына. — Гэта яшчэ больш умацавала маё жаданне стаць урачом. У будучыні планую паступаць у БДМУ на лячэбны факультэт, хачу стаць трыхолагам. Мяне цікавіць лячэнне скуры галавы і валасоў. У далейшым хацела б пісаць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, каб паляпшаць якасць беларускай медыцыны.


Мілана Акуловіч, выпускніца сярэдняй школы № 2 горада Бярозы, апынулася сярод пераможцаў універсітэцкай алімпіяды па матэматыцы і такім чынам атрымала магчымасць стаць студэнткай Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Выбрала спецыяльнасць «інжынерная эканоміка». Яна адкрывае шырокія магчымасці для будучыні, бо дазваляе пасля працаваць у розных сферах. Мяне заўсёды цікавіла нешта звязанае з інжынерыяй, а калі даведалася, што яе можна спалучыць з эканамічным кірункам, то зразумела, што гэта тое, што мне вельмі цікава. Мой тата — інжынер-механік, а мама — эканаміст, а я, атрымліваецца, буду працягваць сямейныя традыцыі. Разумею, што пасля заканчэння буду працаваць у Баранавічах ці раёне, бо ўніверсітэт рыхтуе кадры найперш для патрэб прадпрыемстваў і гаспадарак свайго рэгіёна. Мяне гэта задавальняе, спадзяюся, буду добрым запатрабаваным спецыялістам.


Выпускніца Крынкаўскай сярэдняй школы імя М. Ц. Лынькова Лёзненскага раёна Марыя Стахоўская цвёрда вырашыла быць ветэрынарным урачом:

— Гэту прафесію я лічу высакароднай і запатрабаванай. Выбар прафесіі я зрабіла не адразу, бо разумела, што яна патрабуе асаблівай адказнасці, вытрымкі і цярплівасці. Цяпер адчуваю упэўненасць у сваіх сілах: не баюся кантактаваць з жывёламі, рабіць памылкі. Буду паступаць у акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебск. Маё запаветнае жаданне — цалкам рэалізаваць сябе ў прафесіі і дапамагчы найбольшай колькасці братоў нашых меншых. Дарэчы, разам са мной збіраецца паступаць і мой аднакласнік Арцём Мінін.


Выпускніца Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Лізавета Аляшкевіч абрала Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, інжынерна-тэхналагічны факультэт:

— Мару стаць інжынерам-тэхнолагам па вытворчасці шакаладу і цукрова-кандытарскіх вырабаў, — дзеліцца дзяўчына. Яна ўжо тры гады пячэ торты, любіць уражваць родных нечым новым. Мара Лізаветы — адкрыць уласную кандытарскую, магчыма, у роднай Любчы.


Выпускніца СШ № 11 імя генерала арміі А. І. Антонава г. Гродна Дар’я ІВАНЮК будзе паступаць у дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка:

— Хачу быць настаўнікам геаграфіі, лічу гэту навуку вельмі цікавай і захапляючай. У нашай школе — выдатныя педагогі, якія і прывілі мне любоў да прафесіі настаўніка.


Вельмі рада, што бацькі мяне падтрымалі. Буду паступаць на ўмовах мэтавага накіравання, якое я ўзяла ў сваёй школе, таму ў будучыні буду забяспечана стабільнай працай сярод любімых настаўнікаў!

Сафія ТОШМАН марыць стаць студэнткай факультэта кіравання і сацыяльных камунікацый. На «Беларуснафта-Асобіна» працуе мама выпускніцы Вольга Тошман, і Сафія хоча пасля заканчэння вучобы абавязкова вярнуцца ў родны аграгарадок, працаваць побач з блізкімі людзьмі:

— Мне важна, што мая прафесія можа быць карыснай прадпрыемству, якое я ведаю з дзяцінства.


Для выпускнікоў Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Сафіі Тошман і Арсенія Нівіровіча выбар будучай справы аказаўся звязаны не толькі з асабістымі інтарэсамі. Яны ўжо сёння бачаць сябе на прадпрыемстве, якое дзякуючы бацькам добра ведаюць з дзяцінства і з якім хочуць звязаць сваё прафесійнае жыццё пасля атрымання дыплома. Абодва паступаюць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, атрымалі мэтавае накіраванне ад прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна».

Арсеній Нівіровіч абраў для паступлення факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, ён нацэлены вывучыцца на інжынера-механіка:

— Мяне заўсёды цікавіла тэхніка — машыны, механізмы, прынцыпы іх работы. Вельмі рады, што атрымаў «мэтавае» ад нашага «Беларуснафта-Асобіна». У мяне там працуюць бацькі, але ніхто з сям’і ніколі прафесійна не займаўся тэхнікай. Буду першым!


Дзмітрый Сцянько, выпускнік СШ № 7 Навагрудка, будзе паступаць у Мінскі медыцынскі ўніверсітэт:

— Мама працуе медсястрой, хросная — урачом, — расказвае хлопец. — Хачу працягнуць добрую справу блізкіх людзей. Хацеў бы стаць хірургам, але, магчыма, падчас уступнай кампаніі давядзецца скарэкціраваць свае планы — буду сачыць, куды прайду па балах.


Выпускніца гімназіі Шклова Паліна ШАРЫБІНА — дзяўчына рознабаковая. Яна паспяхова скончыла музычную школу, заўсёды ўдзельнічала ў розных актыўнасцях. Сёлета канчаткова вызначылася з будучай прафесіяй — будзе журналісткай:

— На вясновых канікулах брала ўдзел у праекце «Студэнт БДУ на тыдзень». Правяла час на факультэце журналістыкі і зразумела, што гэта маё.


Дзяўчына лічыць сябе патрыёткай і ўдзячна дзяржаве за тое, што яна робіць для моладзі:

— У мяне няма жадання з’язджаць у якую-небудзь іншую краіну. Мне хочацца цалкам рэалізавацца тут.

Арына Голуб, выпускніца Косаўскай сярэдняй школы імя А. Зайкі, атрымала двойчы па 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні і марыць пра прафесію юрыста: 


— Хачу паступаць у БДУ на спецыяльнасць правазнаўства. Юрыстам ужо працуе мой брат, які вучыўся ў Акадэміі МУС, вярнуўся на радзіму, у Івацэвіцкі раён. Юрыст па адукацыі наша мама, а вось тата працуе трактарыстам у калгасе. Прыклад сям’і, вядома, важны. Але я сама зразумела, што мне вельмі падабаецца такі прадмет, як грамадазнаўства, дзякуючы сваім настаўніцам. Удзельнічала ў алімпіядах па гэтым прадмеце, адмыслова вывучала яго на курсах, калі рыхтавалася да тэсціравання. Вельмі шчаслівая, што ўдалося атрымаць найвышэйшы вынік, як і па рускай мове. Яшчэ чакаю вынікаў па нямецкай мове. Я не медалістка, але ў школе была выдатніцай. Спадзяюся, што змагу стаць добрым спецыялістам, таму што я хачу быць карыснай людзям і сваёй радзіме. 

Паводле нашых карэспандэнтаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю