Top.Mail.Ru

Якая «цана медаля»?

Ацэньвалі на найбуйнейшым у СНД адукацыйным семінары, які прайшоў у Мінску.


Вучыцца ніколі не позна, нават тым прафесіяналам, якія вучаць іншых. Таму Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі сумесна з Прэзідэнцкім спартыўным клубам і ў супрацоўніцтве з Асацыяцыяй трэнераў па лёгкай атлетыцы арганізавалі найбуйнейшы ў СНД семінар для трэнераў па лёгкай атлетыцы «Цана медаля». Семінар сабраў сотні спецыялістаў з усёй краіны і стаў для іх магчымасцю павысіць свае кампетэнцыі, абмеркаваць актуальныя пытанні, абмяняцца досведам з калегамі.

«Развіццё айчыннага спорту залежыць ад прафесіяналізму трэнерскага складу і сумеснай працы ўсіх зацікаўленых. Абмен вопытам — важкі ўклад у агульную справу. Нам трэба больш падобных мерапрыемстваў, больш магчымасцяў для абмену вопытам і, вядома, больш міжнародных спікераў. Я з вялікім задавальненнем звярнулася да ўдзельнікаў семінара і падзякавала кожнаму за іх нялёгкую працу і за імкненне да ведаў! Менавіта моцная каманда, якая працуе на вынік, памножаная на працавітасць і спартыўную дысцыпліну, дае той самы жаданы вынік», — падкрэсліла член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы Анастасія МІРОНЧЫК-ІВАНОВА.

У праграме семінара «Цана медаля» — пазнавальныя лекцыі, практычныя парады, майстар-класы, падчас якіх удзельнікі маглі праверыць на сабе ўсе заданні і практыкаванні. Кола тэм надзвычай разнастайнае: спрынт, вынослівасць, скачкі, кіданні. Трэнеры абмеркавалі пачатковы этап падрыхтоўкі спартсменаў, псіхаэмацыянальны складнік, праблемы ўжывання допінгу. На семінары выступіла Рэната Канова — адзін з найлепшых сусветных трэнераў у бегу на вынослівасць. Пра нюансы кіданняў слухачам расказваў Дон Бэбіт — лектар сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі ўзроўню V на курсах Акадэміі кіданняў. З тонкасцямі трайного скачка (які лічыцца самым складаным сярод скачкоў) знаёміў Крысціян Тэйлар — двухразовы алімпійскі чэмпіён у трайным скачку, чатырохразовы чэмпіён свету.

Сярод удзельнікаў не толькі дасведчаныя трэнеры, але і будучыя спецыялісты — студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Для іх гэта таксама вучоба, але ў новым, больш арыгінальным, а таму больш запамінальным, фармаце. Галоўнае — потым выкарыстаць атрыманыя веды на практыцы.

Дарэчы, «цану медаля» падчас семінара шукалі не толькі трэнеры па лёгкай атлетыцы, але і па іншых відах спорту. Нічога дзіўнага — лёгкая атлетыка ляжыць у аснове агульнафізічнай падрыхтоўкі, якая неабходна ўсім іншым відам. Нездарма ж яна лічыцца «каралевай спорту». Уладзімір Кашэўскі — трэнер футбольнай акадэміі «Сталіца-Юні» адзначыў: «Асабліва цікавымі асабіста для мяне сталі тэма самарэгуляцыі, псіхалагічнай падрыхтоўкі спартсменаў. Вельмі рады, што ўбачыў практычныя аспекты падрыхтоўкі спартсменаў, прыняў іх на ўзбраенне, буду прымяняць у сваёй дзейнасці».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю