Top.Mail.Ru
122

Авіякампанія «Белавія» да свайго 30-годдзя прадставіла абноўленую юбілейную ліўрэю

Святочнае афармленне атрымаў борт далёкамагістральнага шырокафюзеляжнага самалёта Airbus A330-200. Менавіта ўвядзенне ў эксплуатацыю гэтага тыпу паветраных суднаў стала новай вяхой у гісторыі перавозчыка і дазволіла адкрыць далёкамагістральныя напрамкі.


Канцэптуальнай асновай дызайну стаў слоган кампаніі «Мы злучаем». На рухавіках размешчаны юбілейны лагатып, а на фюзеляжы — выявы гарадоў і архітэктурных сімвалаў, з якімі звязана маршрутная сетка авіяперавозчыка і яго родны Мінск. Усяго на борце адлюстраваны восем славутасцяў: Дварцовы мост у Санкт-Пецярбургу, Стамбул, бакінскія «Палымяныя вежы», стылізаваныя кітайскія пагода і драконы, Траецкае прадмесце ў Мінску, фрагмент Крамлёўскага ансамбля ў Маскве, «Бурдж-эль-Араб» у Дубаі і мінскія «Вароты горада».

Аўтары праекта імкнуліся не пералічыць усе напрамкі (іх значна больш), а перадаць атмасферу падарожжаў і дадаць чалавечых эмоцый. 

— «Ажывіць дызайн» — было важным штрыхом пры стварэнні дызайну, — адзначыў генеральны дырэктар «Белавія» Ігар ЧАРГІНЕЦ. — Бо слоган «Мы злучаем» азначае не толькі выкананне рэйсаў з пункта А ў пункт Б. За гэтымі словамі стаіць значна больш, чым проста гарады на карце. Мы злучаем сем’і, блізкіх людзей, мэты і мары.


Юбілейны А330-200 стаў трэцім крэатыўным праектам кампаніі за апошнія тры гады. Раней з’явіліся «касмічная» ліўрэя на Эмбраер-175 і спецыяльны дызайн Эмбраер-195 у супрацоўніцтве з хакейным клубам «Дынама-Мінск». Пры гэтым «Белавія» захоўвае фірмовую васількова-блакітную айдэнтыку, разлічваючы, што новы борт выкліча ў пасажыраў адчуванне свята і гонару за нацыянальнага перавозчыка.

Таксама авіякампанія «Белавія» абвясціла пра далейшае пашырэнне геаграфіі палётаў. Адным з найбольш перспектыўных турыстычных напрамкаў разглядаюцца Мальдывы — старт рэйсаў плануецца ў жніўні. 

Маршрутная сетка папоўніцца і новымі курортамі В’етнама — Нячангам і Данангам. У Нячанг рэйсы плануецца адкрыць з 31 сакавіка з частатой тры разы на тыдзень. Чартарная праграма ў Дананг пачнецца 10 мая^; на летні сезон гэты напрамак заменіць Фукуок. Палёты будуць выконвацца прыкладна адзін раз у 10–11 дзён.

Акрамя таго, плануецца аднаўленне рэйсаў у Іарданію і Туніс. У летні перыяд таксама вярнуцца пералёты з Мінска ў Мурманск і Махачкалу. Пашырэнне закране і рэгіёны: сярод новых маршрутаў з абласных аэрапортаў — рэйс з Брэста ў Доху.

Міхаіл Данілковіч 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю