Red Wings запускае прамыя рэйсы ў Мінск з Масквы і Пермі, паведамілі БелТА ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта Мінск.
Рэйсы з Масквы запланаваны з 30 красавіка і будуць выконвацца з аэрапорта Жукоўскі. Працягласць палёту да Мінска складзе 1 гадзіну 40 хвілін, у зваротным напрамку — 1 гадзіну 30 хвілін.
Red Wings таксама анансавала з 9 красавіка палётную праграму па маршруце Перм — Мінск. Яна будзе выконвацца да канца верасня.
Рэйсы запланаваны два разы на тыдзень — па панядзелках і пятніцах. Час у дарозе з Пермі ў Мінск складзе 3 гадзіны 5 хвілін, у зваротным напрамку — 2 гадзіны 45 хвілін. У авіякампаніі адзначылі, што адкрыццё новага маршруту ў Мінск пашырыць транспартную даступнасць Рэспублікі Беларусь для жыхароў Пермскага края і суседніх рэгіёнаў, а таксама створыць дадатковыя магчымасці для дзелавых і турыстычных паездак.
На рэйсах будзе задзейнічаны самалёт SSJ-100.
Білеты з Масквы і Пермі даступны на афіцыйным сайце авіякампаніі.