Top.Mail.Ru

Айчыннай прамысловасці ёсць што паказаць турыстам

Як адзначыў намеснік міністра прамысловасці Андрэй Кузняцоў, экскурсіі, якія праводзяцца на прамысловых прадпрыемствах, летась наведалі больш за 266 тысяч чалавек. Такім чынам, тэмп росту склаў больш як 130 % за год.


Найбольшы рост турыстычнай актыўнасці зафіксаваны на прадпрыемствах сістэмы Мінпрама, якія наведалі каля 156 тысяч чалавек, што на 67 % больш, чым у 2023 годзе. Тут працуюць 153 тысячы чалавек. «Гэта значыць, мы бачым, што на аднаго работніка ў нас адзін турыст. Лічба добрая, але ёсць да чаго імкнуцца», — заўважыў намеснік міністра.

Канцэрн «Беллегпрам» наведалі амаль 5 тысяч чалавек (на чвэрць больш), а прадпрыемствы канцэрна «Белдзяржхарчпрам» — амаль 58,5 тысячы чалавек (тэмп росту 121 %), прадпрыемствы Мінбудархітэктуры (кар’ер «Граніт» і шклозавод «Нёман») — 48,6 тысячы чалавек. У топ-3 па папулярнасці ўвайшлі такія прадпрыемствы сістэмы Мінпрама, як ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», МТЗ і МАЗ. На Мінскім трактарным заводзе пабывалі амаль 49 тысяч турыстаў, на аўтамабільным — 12,5 тысячы. А пабіў усе рэкорды БЕЛАЗ, які наведалі амаль 59 тысяч чалавек.

Каля 20 прадпрыемстваў Мінпрама аказваюць турыстычныя паслугі. Большая частка з іх развівае прафесійна-арыентацыйны турызм. «Гэты кірунак летась таксама меў станоўчую дынаміку. Напрыклад, ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга „БМК“ актыўна вядзе навукова-асветніцкую і прафарыентацыйную работу з навучэнцамі. Як вынік, прадпрыемствы холдынга наведалі амаль 2,5 тысячы школьнікаў і студэнтаў, — удакладніў Андрэй Кузняцоў. — Навучэнцы і школьнікі з цікавасцю знаёмяцца з вытворчым працэсам, дасягненнямі і перспектывамі. Упэўнены, што для некаторых з іх заводская прахадная ў будучыні стане справай усяго жыцця».

Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў распавёў, што радасна бачыць, якія цікавыя прадукты цяпер прапануюць беларускія прадпрыемствы з пункту гледжання прамысловага турызму. Гэты кірунак стаў адным з самых вядомых брэндаў нашай краіны. Паводле яго слоў, беларускія тавары з маркіроўкай «Зроблена ў Беларусі» сталі сапраўднымі пунктамі прыцягнення да беларускай тэматыкі не толькі ў Расіі, але і ў іншых краінах СНД.

«Кагосьці гэта матывуе паехаць на радзіму такога тавару, — адзначыў Дзмітрый Марозаў. — Прамысловы турызм — гэта не проста экскурсія, а інструмент развіцця ўнутранага турызму і падрыхтоўкі будучых кадраў для прадпрыемстваў. Акрамя таго, ён прыцягвае замежных турыстаў і дапамагае прасоўваць Беларусь як шматгранны турыстычны кірунак.

Айчынны прамысловы турызм паказвае розныя фарматы: у кагосьці на заводзе музей, хтосьці праводзіць дні адчыненых дзвярэй, а нехта робіць упор на экскурсіі, якія арыентуюць прафесійна. Сёння звыш 70 прадпрыемстваў сістэмна працуе па прыёме турыстычных груп. Нацыянальнае агенцтва па турызме распрацоўвае матэрыялы, якія дапамагаюць прадпрыемствам задумвацца аб арганізацыі экскурсій. Акрамя таго, кожны год праходзіць конкурс «Пазнай Беларусь». З 2021 года ў ім ёсць намінацыя «Аб’ект прамысловага турызму года». Гэта не толькі дэманстрацыя патэнцыялу, але і магчымасць паказаць, як знутры працуе беларуская вытворчасць.

«Летась тут запусцілі маркетынгавае даследаванне, каб вывучыць вопыт і напрацоўкі розных прадпрыемстваў. У найбліжэйшы час вынікі будуць апублікаваны, бо ў розных рэгіёнах краіны — свае падыходы да прамысловага турызму», — падкрэсліў Дзмітрый Марозаў.

«Беллегпрам» таксама плануе пашыраць пералік прадпрыемстваў, дзе будзе папулярызавацца прамысловы турызм, дадала намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля Мурашка: «Каб узмацніць дадзены кірунак, мы ўжо рэкамендуем прадпрыемствам канцэрна ўводзіць у штатны расклад спецыялістаў, якія прафесійна могуць займацца развіццём турызму». Намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Якаўчыц адзначыў, што на прадпрыемствах канцэрна будуць працаваць над павышэннем якасці паслуг, што аказваюцца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю